Вы тут

«Звязда» прэзентавала кнігу па беларуска-кітайскіх адносінах


У 90-х мала хто думаў, што беларуска-кітайскія адносіны могуць стаць настолькі перспектыўнымі. Але сёння мала з якой краінай у нас падтрымліваюцца кантакты настолькі шчырыя. "Вялікі камень" і ініцыятыва Эканамічнага пояса Шаўковага шляху, сувязі ў адукацыі, СМІ, сельскай гаспадарцы, навуцы… А сёння вечарам у Доме сяброўства ў сталіцы адбылася прэзентацыя кнігі прафесара Анатоля ТОЗІКА, які ў свой час быў Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом нашай краіны ў Кітаі, а сёння ўзначальвае таварыства сяброўства "Беларусь – Кітай". Выданне называецца "Беларуска-кітайскія адносіны ва ўспамінах беларускіх паслоў" і прыўрочана яно да 25-годдзя ўстанаўлення беларуска-кітайскіх адносін.


У кнізе нашы паслы ў Паднябеснай розных гадоў дзеляцца ўспамінамі пра дыпламатычную працу ў Кітаі, пра тое, як будаваўся фундамент таго, што сёння носіць назву стратэгічнага супрацоўніцтва.

Анатоль Тозік у размове з журналістамі расказаў, што "кітайскі цуд", магчымасць паўтора такога вопыту ў беларускіх рэаліях – адна з мэт кнігі.

– Гэта вельмі карысна для нас, мы многае можам і павінны браць у Кітая, – адзначыў ён. – Апошнія 30 гадоў, а можа нават і больш Кітай развіваецца са штогадовымі тэмпамі прыросту ВУП у памеры недзе 10%. Апошнія гады, калі я там працаваў, ставілася задача знізіць тэмпы росту ВУП, каб збалансаваць развіццё розных галін. Лічу, што такі вопыт для нас выключна карысны і прымальны, таму што ў нас агульныя падыходы да ўнутранай, знешняй палітыкі. Мы ў гэтым вельмі блізкія.

Прафесар таксама расказаў, што кніга будзе карысная перш за ўсё дыпламатам – сталым і маладым, а таксама студэнтам, што збіраюцца прысвяціць сваю прафесійную будучыню кітаязнаўству.

На прэзентацыю кнігі прыйшло шмат высокіх гасцей. Гэта і намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Баляслаў ПІРШТУК, і міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ, і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў нашай краіне Цуй ЦЫМІН. Безумоўна, ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі нашы дыпламаты, якія ў свой час працавалі ў Кітаі. Менавіта на аснове іх успамінаў і была напісана гэта кніга.

Баляслаў Пірштук прызнаўся, што яго асабіста шмат што звязвае з Паднябеснай, па мінулай працы яму не раз даводзілася там бываць. Лілія Ананіч звярнула ўвагу на важнасць развіцця ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і КНР у розных сферах, у тым ліку па лініі кнігавыдавецтва. Яна нагадала, што для развіцця кантактаў у гэтым кірунку маецца адпаведная дагаворна-прававая база, у прыватнасці, у 2005 годзе было падпісана пагадненне з прэс-канцылярыяй Дзяржсавета Кітая, якое прадугледжвае рэалізацыю кнігавыдавецкіх праектаў. Міністр інфармацыі адзначыла, што Выдавецкім домам "Звязда" выпушчаныя дзясяткі выдатных кніг, у тым ліку перакладаў кітайскіх аўтараў.

Пасол Кітая ў Беларусі Цуй Цымін падкрэсліў, што Беларусь і Кітай доўгія гады падтрымліваюць адзін аднаго па пытаннях шматбаковага супрацоўніцтва. У Кітаі таксама з вялікай павагай паставіліся да юбілею дыпламатычных адносін з нашай краінай. Так, нядаўна выйшла кніга, прысвечаная 25-гадоваму супрацоўніцтву. Называецца яна "Беларусь вачыма кітайскіх дыпламатаў".

Надзея ЮШКЕВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».