Вы тут

Нашы гандбалісты завяршылі выступленне на чэмпіянаце свету


«Усё або нічога» — менавіта гэта казаў Юрый Шаўцоў перад самым важным паядынкам на сёлетнім сусветным першынстве для нашай зборнай з венграмі. Ён скончыўся для нас паспяхова, перамога 27:25 вывела беларусаў у плэй-оф і супакоіла скептыкаў каманды.


Пасля гэтага матча нашы хлопцы яшчэ доўга не пакідалі пляцоўку, іх не адпускалі балельшчыкі, што прыехалі ў Руан падтрымаць сваю любімую зборную, а выбраўшыся нарэшце да нас, у мікс-зону, гульцы радасна віталі журналістаў. «Мы былі гатовыя, мы ведалі, што пераможам!» — канстатаваў Андрэй Юрынок пад ухваляльнае ківанне таварышаў па камандзе. Ураўнаважаны спакой захоўваў толькі трэнерскі штаб. Юрый Анатолевіч, як заўсёды, са стрыманай усмешкай адказаў на ўсе пытанні, але ў канцы папрасіў: «Дайце мне, калі ласка, адпачыць». Каманда адправілася на заслужаны адпачынак, а вось паўсотні беларускіх балельшчыкаў пасля перамогі над венграмі святкавалі ў Руане, здаецца, мацней за тысячную нямецкую тарсіду, супакойваючы абураных французаў: «Не хвалюйцеся, заўтра мы ўжо выязджаем».

Але трэба сказаць, ніхто не ўпадаў у эйфарыю, таму што ведалі — далей лягчэй не будзе. У 1/8 мы сустрэліся са шведамі, хоць маглі трапіць і на датчан: ні адзін, ні другі сапернік не выглядаў лёгкім для беларусаў. Шведы на сёлетнім сусветным першынстве з'яўляюцца адной з самых эфектыўных зборных, за матчы групавой стадыі яны закінулі найбольшую колькасць мячоў. Самую высокую надзейнасць у Францыі дэманструюць варатары менавіта гэтай каманды — 40% адбітых кідкоў. Сваю статыстыку «трэкрунар» не сапсаваў і ў матчы з нашай зборнай, роўнай гульня здавалася толькі да 9-й хвіліны, а потым адрыў шведаў рос на вачах. У нашай дружыны ў нядзельны вечар не атрымлівалася нічога, раз-пораз правальвалася абарона, кідкі задняй лініі часта не даходзілі да мэты, не дапамагалі і галкіперы. Нязменна эфектыўна працавала толькі звязка Пухоўскі-Каралёк, якая і прынесла вялікую частку беларускіх галоў. У выніку буйное паражэнне — 22:41, якое адправіла нашых хлопцаў дадому.

Беларускі лінейны Арцём Каралёк па выніках шасці гульняў займае другі радок у рэйтынгу ЧС-2017 па закінутых галах (37 мячоў), разыгрываючы Барыс Пухоўскі другі ў рэйтынгу «гол + пас» (24 + 39). Хто б што ні казаў, гэта была дастойная гульня беларусаў, але чэмпіянат працягваецца ўжо без нас. У 1/4 барацьбу павядуць зборныя Швецыі, Харватыі, Катара, Венгрыі, Нарвегіі, Іспаніі, Францыі і Славеніі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Усё або нічога

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».