Вы тут

"...І раскрыліся нябёсы"


Момант натхнення: жыццёвага і творчага

Хрышчэнне Гасподняе — вялікае свята, якое нагадвае: у кожнага чалавека ёсць магчымасць ачысціць душу, нібыта нарадзіцца зноў, каб жыць у згодзе са светам і самім сабой. У мастацкай галерэі «Універсітэт Культуры» да свята прэзентавалі выстаўку «Хрышчэнне Гасподняе», якая складаецца з фотаработ Алега Дыбава і твораў у тэхніцы лапікавага шыцця сясцёр Веры Блінцовай і Любові Кірылавай.


На адкрыцці праекта наведвальнікі выстаўкі разглядалі работы пад канцэрт духоўнай музыкі ў выкананні царкоўнага хору Усіхсвяцкага прыхода Мінска. Бывае так, што бачыш творы, і ад іх становіцца лягчэй, яны нібы ачышчаюць цябе, ратуючы ад злобы, незадаволенасці. Чалавек мае патрэбу ў тым, каб яму нагадалі, што паўсядзённыя клопаты — толькі невялічкая частка існавання, а жыццё гістарычна грунтавалася на духоўных каштоўнасцях. На фотаработах Алега Дыбава мы бачым людзей, якія прысвяцілі сябе веры альбо якія толькі пачынаюць шлях да Бога. Фотамастак любіць сваіх герояў: зразумела, што яго работы ствараюцца імгненна, але ёсць адчуванне, што аўтар прынцыпова чакае моманту, калі чалавек знаходзіцца ў стане адухоўленасці.

Дзеці на фотаздымках не падобныя да тых маленькіх чалавечкаў, якіх мы бачым у гарадской прасторы: яны ўжо дарослыя, сумленныя, і не па выглядзе, а хутчэй па сур’ёзнасці, душэўным выбары. Многія творы фотамастака паказваюць змяненне эмацыянальнага настрою людзей, якія вырашылі прыняць хрышчэнне: многія спачатку хвалююцца, асабліва тыя, хто вырашыў акунуцца ў купель упершыню, а пасля адчуваюць прыліў энергіі, адсутнасць боязі да холаду. Усё ж такі духоўная сіла значна мацней за знешнія фактары. Як і душэўная цеплыня мастачак Веры Блінцовай і Любові Кірылавай: іх творы ўражваюць прыгажосцю, багаццем колераў і разнастайнасцю бліскучых адценняў. Мастачкі ствараюць творы на праваслаўную тэматыку ў стылі тэкстыльнай графікі. Госці выстаўкі былі здзіўлены, як можна настолькі тонка выконваць кожную дэталь, хаваючы швы так, быццам бы ўсе лапікі намаляваныя альбо якасна склееныя. Але ж кожны элемент твора абводзіцца ніткамі: работа атрымліваецца больш якаснай. Раней такую тэхніку выкарыстоўвалі для ўпрыгожвання сцен палацаў. Мастачкі адлюстроўваюць храмы, кветкі і птушак, ствараючы іх аб’ёмнымі, нібыта рэальнымі.

У кампазіцыях выкарыстоўваюць разнастайныя па фактуры тэкстыльныя матэрыялы, гуляюць імі, ствараючы так званую тэкстыльную мазаіку, альбо, як кажуць мастацтвазнаўцы, тканевыя вітражы: удала камбінуюць аксаміт і паркаль, пакрысе дадаючы металічныя элементы. У дзяцінстве сёстры не планавалі станавіцца мастачкамі, а сёння не ведаюць, як пражыць хоць дзень без творчасці: больш як трыццаць год развіваюць сваю ўнікальную тэхніку. Бывае, што мастаку патрэбна натхненне, каб ствараць, а для іх натхненне — мастацтва і вера. Сёстры адзначаюць, што ў работах жадаюць паказаць святло і радасць, якія так складана ўбачыць у сучасным свеце. Творамі яны нясуць гармонію і дабрыню ў жыццё. Падчас адкрыцця экспазіцыі са святам гасцей павіншаваў старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк:

— Хрысціянін ведае, што свет божы ёсць дасканалы і гарманічны, што зла ў свеце роўна столькі, колькі мы, дасканалыя людзі, прыносім яго ў жыццё, і столькі дабра, наколькі мы з вамі добрыя. Ёсць два падыходы да сучаснага мастацтва: адзін сцвярджае, што свет абсурдны, што ў ім няма розуму, гармоніі. Але катэгорыі, што існуюць у душы чалавека, перакрываюць меркаванні такіх людзей. Таму другі падыход асвечаны вялікай традыцыяй, якая на нашых землях заззяла з Хрышчэннем. Гэта традыцыя кажа, што мы вечныя духоўна, мы паяднаныя з творцам душой. Таму талент мастака ў тым, каб адлюстроўваць хараство вялікага свету. Гэтая выстаўка — радасць, якая стварае ўнутраны свет чалавека.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».