Вы тут

Алесь Суша — Алесь Карлюкевіч: ці інтэграваны Скарына ў наша жыццё?


У другой частцы размовы пра Францыска Скарыну абраны досыць важкі аспект для ўсведамлення постаці першадрукара: наколькі ён прысутнічае ў назвах, наколькі шырока даходзіць да звычайных людзей само імя Скарыны.


Алесь Карлюкевіч: «Давайце пагаворым гэтым разам пра тое, наколькі скарынаўская тэма прысутнічае ў паўсядзённым жыцці нашага грамадства, нашай краіны... І першае пытанне, якое я хацеў бы прапанаваць для разгляду, наступнае: як вы асабіста лічыце, а ці патрэбен Беларусі музей Францыска Скарыны? І дзе, на базе якой установы яго можна было б арганізаваць?»

Алесь Суша: «Я вам нават скажу, што такі музей ужо існуе. Нават два! Але пра гэта мала хто з беларусаў ведае. І на тое свае прычыны. Адзін з музеяў знаходзіцца ў Лондане, у Вялікабрытаніі, і называецца Беларускай бібліятэкай і музеем імя Ф. Скарыны. За апошнія дзесяцігоддзі гэта ўстанова стала сапраўдным духоўным і інтэлектуальным цэнтрам беларусаў за мяжой, але ўласна ў Беларусі яна вядомая далёка не кожнаму. Да таго ж музейнай экспазіцыі, прысвечанай беларускаму першадрукару, яго жыццю і дзейнасці, там няма. Гэта бібліятэка з найбагацейшымі беларусазнаўчымі зборамі, якая валодае таксама артэфактамі скарынаўскай тэматыкі.

Другая падобная структура працуе ўжо больш як 20 гадоў на базе Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Завецца яна музеем-лабараторыяй Францыска Скарыны і з’яўляецца структурным падраздзяленнем дадзенай ВНУ. Там сабрана вялікая калекцыя ў першую чаргу публікацый і мастацкіх твораў, прысвечаных нашаму першадрукару, а таксама некаторыя іншыя матэрыялы. І ўсё ж статус лабараторыі-музея як мага лепш адлюстроўвае рэальны фармат яе дзейнасці: гэта ўніверсітэцкі музей, арыентаваны найперш на вучэбны працэс і даследчую працу студэнтаў і выкладчыкаў навучальнай установы. Экспазіцыя музея-лабараторыі пакуль не можа прэтэндаваць на паўнацэнны і ўсеахопны паказ жыцця і кнігавыдавецкай дзейнасці Ф. Скарыны. Да таго ж рэгіянальнае размяшчэнне паўплывала на тое, што яе дзейнасць пакуль мала вядомая ў іншых рэгіёнах Беларусі і за мяжой.

Дзеля справядлівасці адзначу, што абедзве гэтыя структуры маюць вялікія планы свайго развіцця і дзейнасці на гэты, юбілейны, год. Аднак вымушаны канстатаваць, што паўнацэннага публічнага музея Францыска Скарыны ў Беларусі сёння няма, а наяўнасць яго проста відавочная. На жаль, беларускі асветнік і першадрукар памёр ужо вельмі даўно, і не засталося вядомых яго нашчадкаў, якія маглі б парупіцца пра стварэнне музея, як гэта часта бывае з іншымі творцамі. І ўсё ж значэнне яго дзейнасці і багацце спадчыны настолькі вялікія, што стварэнне прысвечанага яму музея ці нават цэлага інстытута (па аналогіі з Інстытутам Гётэ ці Інстытутам Канфуцыя) — гэта справа гонару і наш абавязак.

Такая ўстанова павінна, на мой погляд, размясціцца ў Мінску і мець свае аддзяленні ў іншых абласных цэнтрах і Полацку, а таксама (зыходзячы з замежнага досведу) можа мець прадстаўніцтвы за мяжой.

Калі казаць пра месца, то гэта можа быць як асобны будынак, так і тэрыторыя адной з наяўных устаноў. Гіпатэтычна, хаця гаворка пра гэта пакуль не ішла, яго магла б прыняць і Нацыянальная бібліятэка Беларусі, дзе ёсць выданні Скарыны і яго паслядоўнікаў, дзе ўжо ёсць свой Музей кнігі, дзе маецца багаты дапаможны фонд і дзе працуюць дасведчаныя ў тэме спецыялісты».

А. К.: «Дарэчы, і помнікаў беларускаму першадрукару магло б быць, пагадзіцеся, болей... Мемарыялізацыя знакавага персанажа айчыннай культуры, айчыннай гісторыі праз скульптурныя выявы, манументальную прапаганду — хіба гэта не шлях да выхавання нацыянальнай свядомасці? Ці, на крайні выпадак, — адзін са шляхоў...»

А. С.: «Цалкам згодны. Усталяванне помнікаў і мемарыяльных дошак — адзін з асноўных шляхоў ушанавання найважнейшых асоб у гісторыі і культуры розных краін. Нашы суседзі робяць у гэтым кірунку шмат. Напрыклад, па падліках украінскіх калег, помнікаў і мемарыяльных дошак у гонар Тараса Шаўчэнкі ў свеце налічваецца больш як тры тысячы (!). Помнікі Аляксандру Пушкіну таксама можна сустрэць па ўсім свеце. І гэтак далей. Скарына, як і іншыя беларускія творцы, на гэтым фоне ўшанаваны значна больш сціпла: літаральна некалькі дзясяткаў падобных аб’ектаў. Прычым за мяжою — лічаныя адзінкі: помнікі ў Празе і Калінінградзе, мемарыяльныя дошкі ў Вільні, Падуі, Празе, Лондане... І вінаваціць некага ў такой несправядлівасці бессэнсоўна. Ніхто, апрача нас саміх, не будзе займацца прадстаўленнем беларускай краіны і нашай культуры за мяжою. Гэта наш абавязак. Гэта наша будучыня».

А. К.: «Гарадская тапаніміка... Вуліцы з імем Скарыны... Іх таксама, здаецца, не так і шмат. Вось бы сёлета мясцовыя ўлады тых ці іншых гарадоў праявілі рашучасць і прынялі рашэнне аб перайменаванні чарговай Сонечнай, Рачной, Лугавой у вуліцу Францыска Скарыны!.. Праўда, на тое яшчэ патрэбна і шырокая грамадская ініцыятыва...»

А. С.: «Бясспрэчна! Абсалютна разумная ідэя. Культурная прастора вакол нас фарміруе грамадскую свядомасць, стварае пэўныя арыенціры, замацоўвае каштоўнасці. Менавіта таму ва ўсім свеце распаўсюджаная практыка — найменне вуліц і праспектаў, плошчаў і бульвараў, набярэжных і завулкаў у гонар нацыянальных герояў, выбітных дзяржаўных і культурных дзеячаў мінулага. На вялікі жаль, Беларусь дагэтуль застаецца краінай, якая недастаткова выкарыстоўвае названы рэсурс.

Вялікая колькасць (а месцамі пераважная большасць) вуліц нашых гарадоў і мястэчак названа імёнамі дзеячаў, якія амаль ніяк не звязаны з нашай краінай і ніколі не бывалі на нашай зямлі. Нешта сваё можна знайсці хіба наводшыбе, на перыферыі. Імёнамі беларускіх дзеячаў пачалі называць вуліцы ў новых аддаленых ад цэнтра раёнах. У выніку пра іх мала хто ведае. Нават зададзенае вамі пытанне пра гэта сведчыць».

А. К.: «Карыстаўся, магчыма, інфармацыяй папярэдніх гадоў… Хаця і з даведнікаў, энцыклапедый грунтоўных…»

А. С.: «На самай справе імем Францыска Скарыны названы вуліцы, завулкі, плошча, праспект і нават набярэжная ў многіх гарадах Беларусі. Мне такіх вядома некалькі дзясяткаў: у Мінску, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Полацку, Браславе, Бялынічах, Ваўкавыску, Горках, Дзяржынску, Дзятлаве, Драгічыне, Жабінцы, Жодзіне, Жыткавічах...»

А. К.: «Згодзен, не так і мала…»

А. С.: «Але ў пераважнай большасці выпадкаў гэта далёка не цэнтральныя вуліцы. За межамі нашай краіны гэта і ўвогуле зусім адзінкавыя прыклады. Я ведаю толькі невялікую вуліцу Скарыны ў Вільні (Вільнюсе). Але з гэтым горадам Скарына быў непасрэдна звязаны, таму самі віленчукі і звярнуліся да яго імя. А што мы зрабілі? Калі мы самі без лішняга сораму прапаноўвалі назваць імем Скарыны вуліцу ў Празе, Падуі, Маскве, Смаленску, Пецярбургу, Бранску, Калінінградзе, Кіеве, Чарнігаве, Львове, Варшаве, Беластоку, Даўгаўпілсе, Браціславе, Берліне і г. д.? У выніку атрымліваецца дзіўная сітуацыя, калі мы маем небеларускія імёны на шыльдах нашых гарадоў і амаль не маем такога ў адказ у выпадку замежнай гарадской тапанімікі. Мне падаецца, што такую сітуацыю трэба мяняць. Гэта ніколькі не змяншае нашу павагу да іншых народаў і культур, але ж і сябе трэба хоць колькі-небудзь паважаць. Калі мы хочам, каб самі беларусы не задаваліся пытаннем, ці мы чаго вартыя і ці ў нас ёсць чым ганарыцца».

А. К.: «Лічу, што не так і шмат у нас масавай, папулярнай літаратуры пра беларускага першадрукара... Хіба не патрэбен турысцкі буклет, напрыклад, з такой назвай, такім зместам — «Шляхамі Францыска Скарыны»?..»

А. С.: «Вельмі патрэбен. Пытанне развіцця турызму — адно з найбольш актуальных для пакуль мала вядомай замежнікам (а значыць, патэнцыяльна вельмі прывабнай) краіны ў цэнтры Еўропы. Падобны дапаможны інфармацыйны матэрыял вельмі патрэбен. Як у друкаванай, так і ў лічбавай форме. У выглядзе буклетаў, карт, даведнікаў, дапаможнікаў, віртуальных тураў, інтэрактыўных гульняў-падарожжаў і г. д. А яшчэ павінны быць у наяўнасці распрацаваныя турыстычныя маршруты, узятыя на ўзбраенне турыстычнымі кампаніямі. Павінна быць магчымасць звярнуцца ў пэўнае агенцтва з жаданнем праехаць па мясцінах, звязаных з жыццём і дзейнасцю Скарыны, — як у Беларусі, так і за мяжою. За апошнія два гады да нас звярталіся прадстаўнікі асацыяцыі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, а таксама некалькіх турыстычных агенцтваў з просьбамі аб дапамозе ці прапановамі супрацоўніцтва ў гэтым кірунку. Ведаю, што некалькі такіх тураў адбудзецца, але ці стануць яны сістэматычнымі — вялікае пытанне».

Друкуецца ў газеце "Літаратура і мастацтва"

Каментары

Вельмі цікава!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.