Вы тут

Адбылася прэзентацыя альманаха "Terra poetica"


"Terra poetica" – у альманах з такой нетрывіяльнай назвай увайшлі творы маладых аўтараў з Беларусі, Украіны, Расіі. Яго прэзентацыя нядаўна адбылася ў беларускай сталіцы ў межах міжнароднага гуманітарнага праекту "Мінская ініцыятыва". А літаральна праз некалькі тыдняў урачыстасці з нагоды зборніка альманаха прайшлі ў Кіеве, ва Украінскім фондзе культуры.


Міністр інфармацыі Беларусі Лілія АНАНІЧ, якая брала ўдзел ва ўрачыстасцях у Мінску, нагадала, што 2017-ы год павінен прайсці пад знакам 500-годдзя першай друкаванай кнігі беларускага асветніка Францыска Скарыны, які і сёння нагадвае, што "людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць". Сустракацца і размаўляць літаратарам трох краін трэба часцей, упэўнена Лілія Ананіч. Вось, напрыклад, на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы – правесці семінар маладых паэтаў і празаікаў...

Спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта Расіі па міжкультурным супрацоўніцтве Міхаіл ШВЫДКОЙ, які быў адным з гасцей сустрэчы, высока ацаніў альманах і выказаў меркаванне, што "Мінскую ініцыятыву" варта ператварыць у міжнародны праект для культуры, навукі і адукацыі. "Кажуць, што нацыі размаўляюць верхавінамі, – паэтычна адзначыў Швыдкой. – Дык вось, паэзія, літаратура і культура ўвогуле – гэта вяршыня нацыі, якая дае найлепшае ўяўленне адзін пра аднаго – найбольш глыбокае і сур’ёзнае. І ў гэтым сэнс альманаха (як і іншых праектаў "Мінскай ініцыятывы") – вярнуць адзін аднаму поле культуры, якое аб’ядноўвае нашы нацыі. Іншымі словамі, вярнуць усмешкі і абдымкі".

Першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар ЛУЦКІ заўважыў:

– Адметна, што гуманітарны праект "Мінская ініцыятыва" абапіраецца на культурныя традыцыі і атрымаў свой працяг. Культура – гэта найперш наша памяць – мы павінны перадаваць яе ад пакалення да пакалення. Людзі, якія займаюцца гэтай справай, – лепшае, што ёсць у нашых краінах... Мне здаецца, што гуманітарнае супрацоўніцтва павінна стаць падмуркам усіх астатніх працэсаў, якія будуць праходзіць у будучым.

Назва альманаха – не выпадковая. Яна з’явілася яшчэ ў 2014-м годзе, калі фондам культуры Украіны быў арганізаваны міжнародны паэтычны фестываль "Terra poetica" – у фармаце паэтычнага Еўрабачання. Па яго выніках выдавецтва "Саміт-кніга" выпусціла англамоўны альманах "Terra poetica", у які ўвайшлі творы літаратараў з 16-ці краін. Новы выпуск, прэзентаваны ў Мінску і ў Кіеве, таксама назвалі "Terra poetica".

– Для мяне вялікі гонар стаць "душой" альманаха. – адзначыла ўкраінская паэтка, складальнік альманаха Леся МУДРАК. – Я лічу, што паэзія павінна быць па-за межамі палітыкі. Яна скіроўваецца, каб пачуць іншага. Каб зразумець тое, што ідзе знутры… Мы адзін аднаго толькі набываем. Прыемна, што ў нас з’явіліся такія блізкія стасункі з беларускімі паэтамі, з творцамі з Расіі. Я вельмі хацела, каб гэты альманах быў "маладым", каб у ім прысутнічала хваля маладой паэзіі. Цікава паназіраць, як змяняюцца паэты ў Беларусі, Расіі, Украіне. Вельмі хочацца, каб выданне развівалася і ў пэўныя іншыя праекты – фестывалі, школы, форумы. Я веру, што мы можам гуртавацца. І вельмі файна, што мы ўсе адзін у аднаго ёсць.

Карэспандэнт "Звязды" Ніна Шчарбачэвіч (Ніна Лістота) чытала свае вершы на прэзентацыі ў Кіеве, як адна з беларускіх удзельнікаў альманаху.

Каардынатар ад беларускага боку, паэт Міхась БАШУРА адзначыў:

– Міжнародныя ўзаемакантакты ў сферы літаратуры  і культуры – найбольш важныя. Бо мастацкую частку немагчыма вывучыць у тэорыі, яе трэба адчуць і перажыць. Для творчых людзей надзвычай важныя сяброўскія стасункі, кантакты, сустрэчы. Пасля міжнароднага літаратурнага форуму ва Украіне, дзе я быў летась, у мяне засталося надзвычай шмат новых сяброў, карысных сувязяў, як і пасля сустрэчы ў Мінску.

Варта адзначыць, што агульны наклад альманаха "Terra poetica" – 1500 асобнікаў. Каля 600 экземпляраў у хуткім часе трапяць у беларускія бібліятэкі, і з імі зможа азнаёміцца любы ахвотны.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Мінск – Кіеў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.