Вы тут

Экзатычныя кветкі сёлета з'явяцца на вуліцах Гомеля


Снег і мінусавая тэмпература паветра — не перашкоды, каб абмеркаваць планы азелянення наступнай вясной. Бо, вядома, яна прыйдзе неўзабаве. Нейкіх паўтара-два месяцы і ўсё навокал пачне квітнець. Тым часам да 1 красавіка трэба паспець правесці абразанне і фармоўку крон больш дзесяці тысяч дрэў у абласным цэнтры. На круглым стале, сабраным у Гомельскім гарвыканкаме, расказалі і пра іншыя мерапрыемствы, якія павінны зацвердзіць за горадам над Сожам статус лепшага з абласных у Беларусі па санітарным стане і добраўпарадкаванні. Нагадаем, што за апошнія пяць гадоў у гэтым спаборніцтве Гомель перамагаў тройчы.


Душ для гарадскіх дрэў

Першы намеснік генеральнага дырэктара Гомельскай гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рыгор Туравец адзначае, што ў абласным цэнтры распрацавана праграма азелянення з улікам рэкамендацый Інстытута лесу, наладжана сістэма догляду за зялёнымі насаджэннямі, арганізаваны кантроль за выкананнем вызначаных мерапрыемстваў. Кожнае дрэва мае свой інвентарны нумар і абслугоўваецца спецыялістамі.

Экалагічная нагрузка, якая на цэнтральных вуліцах вышэйшая ў разы, чым на перыферыі, патрабуе і асаблівага стаўлення да пасадак. Таму час ад часу дрэвам мяняюць грунт у лунцы, мыюць ствалы і падкормліваюць збалансаванымі ўгнаеннямі. Між тым штогод у абласным цэнтры закладаюцца новыя алеі, зялёныя зоны, з'яўляюцца арыгінальныя кветнікі. Толькі летась у паўмільённым Гомелі было высаджана 6350 дрэў і больш за 4500 хмызнякоў. Не менш будзе і сёлета.

Елкі не кранулі па просьбе гамяльчан

Вядома, што грамадзяне вельмі востра рэагуюць на выдаленне любога дрэва — нават па неабходнасці. Рыгор Туравец растлумачвае, што калі гэта адбываецца, прычыны заўсёды абгрунтаваныя: дрэва камісійна прызнаецца аварыйным ці хворым, або такая неабходнасць узнікае пры рамонце і будаўніцтве. Між тым закон прадугледжвае правядзенне абавязковых кампенсацыйных пасадак.

— Па магчымасці новае дрэва высаджваецца ў тым жа месцы, але калі такога варыянту няма, месца для яго вызначаецца адміністрацыяй раёна. Узамен выдаленых аб'ектаў расліннага свету праводзяцца кампенсацыйныя пасадкі ў суадносінах прыкладна 2:1. Такім чынам захоўваецца высокі ўзровень азелянення горада над Сожам, — дадаў першы намеснік генеральнага дырэктара Гомельскай гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Намеснік кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля Аляксандр Германаў расказаў, што пры рамонце будынка чыгуначнага вакзала кіраўніцтва Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі звярнулася ў адміністрацыю раёна з просьбай выдаліць елкі ўздоўж будынка дзеля новага сучаснага дызайну навакольнай тэрыторыі. Аднак падчас грамадскага абмеркавання жыхары выказаліся супраць такой ініцыятывы, і дрэвы захавалі. Чыгуначнікі вымушаны былі ўнесці карэктывы ў эскіз афармлення тэрыторыі. У выніку з'явіліся прыгожыя кампазіцыі вакол елак.

Сёння — ліпы, заўтра — каштаны

— Між тым летась у кастрычніку на прадпрыемстве «Чырвоны гваздзік» быў закладзены гадавальнік каштанаў, — паведаміў выконваючы абавязкі дырэктара ДКСУП «Чырвоны гваздзік» Сяргей Багалюбскі.

Усе ведаюць, што зусім нядаўна каштаны былі знакавай адметнасцю Гомеля. Яны раслі ўсюды на вуліцах, у парках, скверах, дварах. Аднак апошнія некалькі гадоў гарадскія каштаны сталі хварэць і з гэтай прычыны іх вымушаны былі масава выдаляць. Цяпер суправаджэнне вырошчвання чатырох тысяч саджанцаў каштанаў вядуць вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук.

— Навукоўцы даказалі, што максімальны тэрмін жыцця каштанаў у гарадскім асяроддзі — 18—20 гадоў, — адзначае Рыгор Туравец. — Мяркуецца, што сумеснымі намаганнямі атрымаецца вывесці дрэва, якое будзе больш устойлівым да ўздзеяння негатыўных умоў навакольнага асяроддзя ў мегаполісе. А гадоў праз 7-8 іх высадзяць у адкрыты грунт. Такім чынам Гомель зноў стане горадам каштанаў. Таксама на прадпрыемстве закладзена шмат відаў туі, ядлоўцу, іншых раслін. Яны ў недалёкай будучыні змогуць упрыгожыць гарадскую прастору.

Пакуль жа ў Гомелі часцей садзяць не такія капрызныя да небяспечных экалагічных умоў ліпы і клёны. Менавіта гэтым пародам дрэў будзе аддавацца перавага падчас азелянення і сёлета. Спецыялісты адзначаюць, што яны прыжываюцца лепш за іншых.

Пасадкі з розумам і дазволам

Падчас круглага стала адзначылі, што многія гараджане актыўна ўдзельнічаюць у добраўпарадкаванні — у тым ліку ў аглядах-конкурсах на лепшую сядзібу, лепшы двор, лепшы балкон. Бывае, што людзі па ўласнай ініцыятыве высаджваюць дрэвы ў дварах, каля сваіх дамоў. Часта з мэтай, каб насаджэнні сталі перашкодай для паркоўкі машын на газонах.

Але тут, заўважаюць спецыялісты, трэба дзейнічаць разумна. Бо пасадка дрэў павінна весціся з улікам асаблівасцяў месца, глебы, наяўнасці ахоўнай зоны... Таму ўсім, хто хоча зрабіць свой унёсак у азеляненне, раяць перш звярнуцца да спецыялістаў па дазвол і кансультацыю.

Прывялі прыклады і варварскіх адносін да зялёных насаджэнняў. Не адзінкавыя выпадкі, калі людзі выкрадаюць расліны і перасаджваюць іх на асабістыя прысядзібныя ўчасткі. Нядбайныя кіроўцы заязджаюць на зялёныя зоны, а клапатлівыя бабулькі кормяць птушак на кветніках. Пакутуюць і ўстановы, якія ўпрыгожылі свае фасады кашпо з кветкавымі кампазіцыямі.

Клімат дазваляе экзотыку

Гамяльчане сёлета пабачаць на вуліцах горада экзатычныя расліны. Спецыялісты будуць эксперыментаваць з паўднёваафрыканскімі і паўднёваамерыканскімі кветкамі. Начальнік аддзела добраўпарадкавання даччынага камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Чырвоны гваздзік» Ларыса Зелянкоўская расказала, што на кветніках высадзяць астэаспермум і калібрахаа.

— Мы імкнёмся заўсёды працаваць з новымі відамі раслін. Улічваючы пацяпленне клімату, у новым сезоне вырашана высадзіць расліны, якія звычайна растуць у Паўднёвай Афрыцы і Паўднёвай Амерыцы. Пакуль складана сказаць, як кветкі адрэагуюць на беларускія кліматычныя ўмовы, для гэтага неабходна паназіраць за імі год-два. Самымі папулярнымі, знаёмымі і любімымі ўсімі, па-ранейшаму з'яўляюцца петуніі, ружы, віёлы, бягоніі, цюльпаны... Сёлета гамяльчан таксама будуць цешыць розныя віды аксамітак. Па замовах прадпрыемстваў распрацоўваюцца эскізы кветкавага афармлення офісаў і гандлёвых аб'ектаў. Усё больш жыхароў, якія маюць жаданне ўпрыгожыць свае балконы кветкавымі кампазіцыямі, — расказала Ларыса Зелянкоўская.

Кветак увогуле, як і летась, у Гомелі плануюць высадзіць больш чым паўмільёна. Апроч таго, жыхароў і гасцей горада будуць здзіўляць арыгінальным афармленнем зялёных зон, новымі формамі вертыкальнага азелянення, незвычайнымі кветкавымі аб'ектамі і кампазіцыямі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Зноў зацвітуць каштаны?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».