Вы тут

Ці магчымая школа без выхавання?


Чаму маральныя ісціны нельга падаваць дзецям на сподачку

Па самых прыблізных падліках, за час сваёй вучобы ў школе дзіця наведвае больш як 10 тысяч самых розных урокаў. Але як настаўнікі распараджаюцца гэтым бясцэнным патэнцыялам? Выхаваўчыя магчымасці вучэбных прадметаў і іх рэалізацыя на школьных занятках аказаліся ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў VІ Рэспубліканскага каляднага фестывалю педагагічнага майстэрства, які ператварыўся ў сапраўдны феерверк педагагічных ідэй, нестандартных падыходаў і дазволіў па-новаму паглядзець на многія рэчы.


Май­стар-клас Га­лі­ны Сухавай, пры­све­ча­ны вы­ха­ваў­ча­му ас­пек­ту  ўро­каў бе­ла­рус­кай лі­та­ра­ту­ры.

Не столькі веды...

— Чаму вучыць, як вучыць і для чаго вучыць? — важнасць гэтых пытанняў у розныя часы ранжыравалася па-рознаму, — дзеліцца сваімі думкамі настаўнік матэматыкі сярэдняй школы №1 горада Драгічына, член Асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў «Імкненне», член клуба «Крыштальны журавель» Алена ПРАТАСЕВІЧ.— Быў час, калі настаўнік часцей за ўсё выступаў у ролі транслятара ведаў і аўтарытарна навязваў вучням той ці іншы пункт гледжання. Прыёмам навучання не надавалася асаблівае значэнне. Выпускнік школы павінен быць усебакова адукаваны, як універсальны салдат. Настаўнікі фармальна ўказвалі, што на ўроку павінны выхоўвацца, напрыклад, акуратнасць, уважлівасць і дысцыплінаванасць. На сённяшні дзень становяцца ўсё больш запатрабаванымі не столькі набытыя веды, колькі здольнасць аператыўна арыентавацца ва ўмовах імклівых змен, мабільнасць, крэатыўнасць і ў той жа час высокія маральныя якасці асобы.

Настаўніца канстатуе: «Усе мы выраслі на ідэалах таго часу, калі ўсе крыніцы інфармацыі, якія выкарыстоўваліся ў розным кантэксце, неслі адзін і той жа пасыл і мелі высокі выхаваўчы патэнцыял. Узорамі для пераймання для нас былі героі кніг, якія мы чыталі ў вялікай колькасці, персанажы выдатных фільмаў, якія шматразова праглядалі на канікулах. Сродкі масавай інфармацыі праходзілі жорсткую цэнзуру, і мы з іх дапамогай выхоўваліся ў рэчышчы ідэалогіі таго часу. Для сучаснай моладзі прыярытэтнай крыніцай інфармацыі з'яўляецца інтэрнэт. Прычым размова ідзе не пра дыстанцыйныя курсы ці вэбінары ў сеціве. Практычна ўвесь іх вольны час марнуецца на гульні. Проста для сябе кнігі не чытаюць увогуле. У выніку мінімальнай работы з тэкстам у дзяцей празмерна развітае «кліпавае» мысленне, у памяці прысутнічаюць толькі нейкія вобразы, апісаць якія ім не хапае ні моўнага запасу, ні выпрацаваных навыкаў. Між іншым, Беларусь плануе ў 2018 годзе ўдзельнічаць у даследаванні РІSА, у цэнтры ўвагі якога будзе менавіта чытацкая пісьменнасць (разуменне пісьмовых тэкстаў)...

«Сілкаванне» душы

На думку педагога, арганізацыя выхаваўчай работы ў школе на ўзроўні выключна пазакласных мерапрыемстваў сітуацыю кардынальна змяніць не можа. Вострая неабходнасць выкарыстання выхаваўчага рэсурсу кожнага вучэбнага занятку наспела ўжо даўно. «Класічнае пытанне «Як вучыць?» набыло крыху іншы сэнс — не як вучыць, каб ведалі больш, а як вучыць, каб уносіць уклад у развіццё і выхаванне? — падкрэслівае Алена Пратасевіч. — Любы творчы настаўнік стараецца дапоўніць змест падручнікаў дадатковымі матэрыяламі, якія забяспечваюць самы шырокі спектр магчымасцяў для рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу ўрока. Нават матэматыка, хоць яе і лічаць «сухой навукай», можа выхоўваць фабулай задач у самых розных кірунках».

Для вырабу 1000 м2 паперы патрабуецца высечы лес з 1/4 га. З якой плошчы спатрэбілася высечы лес, каб выпусціць тыраж вашага падручніка матэматыкі? Якую плошчу лесу захаваў ваш клас у гэтым годзе, калі на 1 га ў сярэднім прыходзіцца 300 дрэў, а 100 кг макулатуры ратуе адно дрэва?

Аднымі з найбольш эфектыўных сучасных адукацыйных практык Алена Пратасевіч лічыць актыўную ацэнку і перакулены ўрок: «У рамках актыўнай ацэнкі вучні ўцягваюцца ў пастаноўку мэт урока, ім зразумелыя крытэрыі поспеху, яны атрымліваюць каментарыі да вынікаў сваёй дзейнасці, рэкамендацыі, як іх палепшыць, і ўдзельнічаюць у рэфлексіўнай дзейнасці, якая прадугледжвае ўзаемаацэнку і самаацэнку, што, безумоўна, спрыяе выхаванню ўпэўненай ва ўласных сілах творчай асобы, якая пастаянна імкнецца да самаўдасканалення», — падкрэслівае яна.

Сутнасць перакуленага ўрока заключаецца ў тым, што асноўныя вучэбныя дзеянні мяняюцца месцамі: з відэа- і тэарэтычным матэрыялам вучні знаёмяцца дома, а традыцыйнае дамашняе заданне выконваюць на наступны дзень у класе падчас сумеснага вывучэння і даследавання. Прасцей кажучы, тое, што раней прызначалася для работы ў класе, засвойваецца ў дамашніх умовах, а тое, што было дамашняй работай, становіцца прадметам для разгляду ў класе. Такім чынам час урока выкарыстоўваецца не для азнаямлення з новым вучэбным матэрыялам, а для больш глыбокага разумення і аналізу. «Усё гэта, несумненна, спрыяе развіццю самастойнасці, арганізаванасці, мэтанакіраванасці і іншых валявых якасцяў», — лічыць педагог. А ўвогуле фарміраваць творчую асобу, здольную пераадольваць розныя цяжкасці, дапамагаюць усе эўрыстычныя метады навучання...

Асобнай увагі заслугоўваюць сітуацыі выхаваўчага характару, якія штучна ствараюцца настаўнікам на вучэбных занятках.

— Разглядаючы жураўлёў як аб'ект жывой прыроды ў рамках вывучэння біялогіі, можна паведаміць вучням, што ў міфалогіі многіх краін шэрыя жураўлі сімвалізуюць шлюбную вернасць, — прыводзіць прыклады Алена Пратасевіч. — Гэтыя птушкі ў пары моцна прывязаныя адна да адной, паўсюдна трымаюцца разам і захоўваюць вернасць зробленаму выбару на працягу ўсяго жыцця. Журавель, які страціў сваю спадарожніцу, ніколі не будзе шукаць іншую... Безумоўна, немагчыма пералічыць усе спосабы рэалізацыі выхаваўчага рэсурсу ўрока, паколькі творчы настаўнік здольны генерыраваць іх сам. Вельмі важна кожную порцыю ведаў абавязкова ўзбагачаць і эмацыянальна, і духоўна.

Літаратура супраць медыя

Не сакрэт, што на настаўнікаў мовы і літаратуры традыцыйна ва ўяўленні многіх кладзецца ці не галоўны абавязак па выхаванні падрастаючага пакалення.

— Тры-чатыры ўрокі беларускай і рускай літаратуры на тыдзень супраць сучасных медыя. Рызыка таго, што выхаваннем нашых дзяцей будуць займацца тэлебачанне і інтэрнэт, — вельмі высокая, — дзеліцца сваімі думкамі настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі №5 горада Віцебска, член Асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў «Імкненне» і клуба «Крыштальны журавель» Галіна СУХАВА. — Сёння настаўнік літаратуры не можа звярнуцца да культурнай памяці вучня. Звыклыя пытанні традыцыйнай методыкі «Якія пачуцці выклікаў твор?», «Пра што верш?» — не працуюць. Вось вам прыклад. Верш Максіма Багдановіча «Замёрзла ноччу шпаркая крыніца...», які вывучаецца ў 8-м класе. «Пра што твор?» — цікаўлюся ў вучня. І чую ў адказ: «Пра ноч!»

Галіна Сухава ўпэўнена, што літаратурная і моўная адукацыя на сучасным этапе развіцця грамадства лепш за матэматычную фарміруе гнуткасць мыслення, уменне суперажываць, перавучвацца і апрацоўваць новую інфармацыю. Пры гэтым яна заўважае: «Мастацтва само па сабе ёсць спакуса, і мяжа паміж дабром і злом у мастацкім тэксце бывае занадта тонкай. Так, беларуская літаратура прымушае задумвацца, але толькі настаўнік беларускай літаратуры можа матываваць вучняў да стваральнай дзейнасці».

Дарэчы, міжнародныя даследаванні самых розных узроўняў, у тым ліку РІRLS і РІSА, сведчаць пра тое, што сучасныя дзеці чытаюць не толькі менш, але і значна горш, чым іх равеснікі 20—30 гадоў назад. Праблема заключаецца не ў хуткасці чытання, хоць і ў гэтым плане ўжо гучаць трывожныя сігналы. Галоўная праблема — у асэнсаванні і разуменні прачытанага, уменні ўсвядоміць і пачуць тое, што хацеў сказаць аўтар. Таму педагогаў ва ўсім свеце вельмі хвалююць пытанні фарміравання ў навучэнцаў чытацкай пісьменнасці...

У сітуацыі маральнага выбару

— Я не даю на ўроках вучням гатовыя маральныя высновы, прымаю ўсе іх развагі, не крытыкую і не асуджаю, а пераконваю гісторыямі літаратурных герояў, — дзеліцца сваім бачаннем педагог. — Заахвочваю вучняў да пісьмовай і вуснай рэфлексіі над важнымі маральна-этычнымі праблемамі. На такіх уроках вядуцца палкія спрэчкі, натуральныя, без адрэпеціраванай драматургіі, — расказвае настаўніца. — Падводжу да думкі: вы хацелі б памяняць правілы гульні, але ў жыцці так не бывае. Нельга зрабіць адзін і той жа выбар, як немагчыма адмяніць наступствы раней прынятага рашэння, нельга дабіцца ўсяго адразу ці выкарыстаць адразу ўсе магчымасці. Мы не ведаем загадзя, з чаго прыйдзецца выбіраць у будучыні. Заўсёды будуць абмежаваныя час, сілы і выбар магчымасцяў. Такое «заглыбленне» ў сітуацыю маральнага выбару герояў спрыяе фарміраванню ў школьнікаў уласных жыццёвых перакананняў, а не фармальнаму засваенню маральных высноў. Дык у чым жа заключаецца выхаваўчы патэнцыял сучаснага ўрока літаратуры? На маю думку, у разуменні вучнем самога сябе, гісторыі і дзяржавы, любові і прыроды, шчасця і справядлівасці.

Рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Андрэй Манастырны таксама падзяліўся сваім бачаннем узнятых праблем.

— Выхаваўчы патэнцыял урока ў многім залежыць ад прафесіяналізму педагога: ці з'яўляецца той для дзіцяці аўтарытэтам, ці стварае на сваіх уроках умовы для развіцця і пакарэння новых вышынь? — падкрэсліў ён. Няважна, які прадмет выкладае настаўнік, галоўнае, якія ўмовы ён стварае на сваіх уроках для гарманічнага развіцця асобы. Эмацыянальны аповед, цікавыя задачы з мінулага, пытанні маральнасці ў навуцы, адказнасці навукоўцаў за ўласныя адкрыцці і іх наступствы дапамагаюць у выхаванні навучэнцаў. Упэўнены, што майстэрства настаўніка — не выпадковая ўдача і не шчаслівая знаходка, а сістэматычная карпатлівая праца, пастаянныя пошукі і спробы самаўдасканалення...

«Супер», «Прафесійна», «Пазнавальна, актуальна, шматгранна», «Цікава, даступна», «Часцей бы такое», «Можна шмат даведацца і папоўніць сваю скарбонку», «Хацелася б, каб такія фестывалі праходзілі часцей, а не толькі перад Калядамі», «Я ўжо хачу на сёмы фестываль» — такія ўражанні пакідалі на імправізаванай ялінцы ўдзельнікі Рэспубліканскага каляднага фестывалю педагагічнага майстэрства.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

29—30 лістапада ў Мінску пройдзе міжнародная спецыялізаваная навукова-тэхнічная выстава-форум «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» (ІTE-2017). 

Грамадства

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Што стрымлівае развіццё турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал».

Калейдаскоп

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

Раніца ўжо дыхае ў спіну зімовым холадам.