Вы тут

Купала — «гот», Колас — комік?


Серыя «Мая беларуская кніга», якая выходзіць у выдавецтве «Папуры» з 2015 года, папоўнілася новымі асобнікамі. Серыя мае трывалую папулярнасць сярод чытачоў, перш за ўсё таму, што дае ўнікальную магчымасць паглядзець на нацыянальных класікаў не праз прызму школьнай літаратуры — знізу ўверх, а так, як глядзелі б мы на сучаснікаў — твар у твар. У серыі сапраўды сабрана самае лепшае — актуальнае, пазачасавае, вечнае.


Спробы па-новаму пабачыць беларускіх пісьменнікаў, актуалізаваць іх творчасць — сёння з'ява досыць распаўсюджаная. Вось нядаўна пісьменнік Ігар Палякоў задаў пытанне: «Хто быў першым майстрам стэнд-апу на Беларусі?» І сам жа на яго адказаў: «Якуб Колас. Калі ён вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, то выступаў на мясцовых пляцоўках з кароткімі смешнымі апавяданнямі». Сапраўды, Якуб Колас — заўсёды быў майстрам кароткага апавядання. Яго найлепшыя творы вылучаюцца лаканічнасцю, выразным сюжэтам і, безумоўна, гумарам, уменнем паглядзець абсалютна на любую з'яву са смешнага боку.

Разам з тым, мы ведаем Коласа не толькі як чалавека, які ўмеў падкрэсліць камічныя моманты жыцця, але і як пісьменніка, схільнага глядзець на жыццё рэалістычна, са скепсісам, іроніяй, дзе-калі песімізмам. Вось гэтая ўзважанасць — камічнага і трагічнага, аптымістычнага і песімістычнага — і ёсць прыкмета сапраўднага філасофскага светагляду. Разгарніце коласаўскія «Казкі жыцця»...

«Лепш быць нешчаслівым, але відушчым, чымсі шчаслівым, але сляпым». («Чыя праўда?») Слепатой, дарэчы, Колас называе тут няведанне спрадвечных законаў жыцця...

Ці вось іншая казка... «Стары лес»: «На свеце часта бывае так, што самая простая справа, самая ясная праўда пазнаецца цаной вялікай пакуты — надта цяжкая дарога прыводзіць да пазнання...»

А ў казцы «Што лепей?» Колас разважае: «Хто ведае, можа, гэты сум, гэтая туга — адвечныя спадарожнікі тых, хто многа разважае, хто жыве адзін з сабой, а можа, і праўда — такое ўсё жыццё, што не дае задавальнення...»

Чытаючы развагі Коласа-філосафа, разумееш, што такія казкі не пішуцца для дзяцей... Тады для каго? Для падлеткаў, каб папярэдзіць іх, што жыццёвая гармонія трымаецца не толькі на суцэльнай радасці. Для людзей сталага веку — каб разумелі, што колаварот жыцця рухаецца з непазбежнай наканаванасцю. Нараджэнне, росквіт, сталасць, смерць, новае жыццё... Свет жыве ў бясконцым паўторы!

Вясёлае і сумнае, святло і змрок... Гэтыя супярэчнасці паўтараюцца не толькі ў жыцці, але і ў адным чалавеку.... Больш таго, існуе такое паняцце, як эмацыйныя арэлі. Як вядома, арэлі з аднолькавай амплітудай разгойдваюцца ў два бакі. Так і чалавечы настрой разгойдваецца — колькі ў нас светлага, вясёлага, сонечнага, столькі і сумнага, змрочнага, дэпрэсіўнага. Часта можна пачуць пра самагубцаў, якія пайшлі з жыцця пры загадкавых абставінах, што вось, маўляў, не верыцца, што чалавек зрабіў гэта добраахвотна, — ён жа так любіў жыццё! Але здатнасць да моцных пачуццяў не мае знаку — натура тонкая, датклівая ўсё ўспрымае аднолькава ярка, востра, глыбока!

Гэта добра разумееш, калі чытаеш вершы Янкі Купалы. Старонка за старонкай, верш за вершам... І паўстае перад чытачом не толькі творца, але і асоба — ранімая, схільная бачыць пераважна змрочны бок жыцця, не даваць веры ні сабе, ні людзям. Каб юнацтва Купалы прыпала на канец дваццатага стагоддзя, то з яго атрымаўся б класічны «гот», схільны да негатыўнага ўспрымання свету, рамантыка-дэпрэсіўнага погляду на жыццё. Мала хто дадумваецца ў дваццаць чатыры гады напісаць, як Купала, уласную эпітафію: «Тут ляжыць Янук Купала, // Што песні складаў, // Плакаў шмат, смяяўся мала, // Часта галадаў... // Без зямлі ўвесь век цягаўся // Горш якой скаціны, // Вось нарэшце дачакаўся — // Далі тры аршыны. // Надпіс гэты хто прымеце, // Хай Бога папросе, // Каб яму хоць на тым свеце // Лепш, як тут, жылося».

Замкнёнасць, меланхолія, мізантропія — тое, што вылучае творы Янкі Купалы на працягу ўсяго жыцця. У вершы «З людзьмі» паэт скардзіцца: «Трудна, крыўдна жыць на свеце // Між нячулымі людзьмі, // Не раз вочы маладыя // Заліваюцца слязьмі», а ў «Разладзе» ўдакладняе: «Куды ні глянеш — людзі, людзі, // Куды ні глянеш — шэльмы, шэльмы...» Праблемы ў стасунках з грамадствам (непрыманне стэрэатыпаў, стандартаў паводзін), вытанчанае пачуццё прыгожага, прыхільнасць да звышнатуральнага — ну чым не прадстаўнік гатычнай субкультуры, дзе адной з характэрных рыс з'яўляецца асаблівае, паўрамантычнае ўспрыманне смерці? «У гэткай хвілі цяжкай, труднай // Нямілым робіцца жыццё, // Пракляў бы свет, і быт, і долю, // Усё б на лес сухі паслаў, // І даў бы думам спаць уволю // І сам бы спаў, навекі спаў».

Мы прывыклі думаць пра беларускіх класікаў, як пра «паноў сахі і касы», але ж насамрэч у жыцці ім былі ўласцівыя і арыстакратызм, і тонкасць адчуванняў, і глыбокі псіхалагізм.

Менавіта псіхалагізмам, уменнем разбірацца ў чалавечых паводзінах, верай у сілу дабрыні і моц кахання вылучалася, напрыклад, проза Элізы Ажэшкі, чый раман «Хам» — гімн сапраўдным пачуццям. Пісьменніца верыць у каханне, якое жыве насуперак учынкам, абставінам і нават логіцы: «Ёсць на свеце чалавечыя натуры, глыбейшыя за любы калодзеж, і калі аднойчы ўпадзе ў іх кветка кахання, дык ніякія бурныя хвалі не выкінуць яе назад, ніякая крыўда не прымусіць чалавека абразіць гэта каханне скаргай, выказанай уголас...»

Ажэшка пісала свае творы па-польску, але ўсё жыццё пражыла на Беларусі. У свой час яна была вельмі папулярнай, прычым настолькі, што магла стаць першым беларускім набеліятам!

Як вядома, у 1904 годзе па прапанове прафесара Берлінскага ўніверсітэта Ажэшка была намінавана на Нобелеўскую прэмію. Члены Нобелеўскага камітэта высока ацанілі яе пісьменніцкі талент. У адным з дакументаў камітэта напісана: «Наколькі ў тэкстах Сянкевіча б'ецца шляхетнае польскае сэрца, настолькі ў творчасці Элізы Ажэшкі б'ецца сэрца чалавека». Але большасць членаў камітэта прагаласавала за Генрыка Сянкевіча, а некаторыя прапанавалі падзяліць прэмію. Пазней, у 1909 годзе Ажэшку зноў намінавалі на Нобелеўскую прэмію, але гэтым разам узнагарода дасталася шведцы Сельме Лагерлёф.

...У кожнага з нас са школьнай лаўкі склаўся свой вобраз роднай літаратуры. Не заўсёды ён прыязны, станоўчы, але ніколі не позна яго змяніць, пазнаёміцца з творамі класікаў не пад пільным настаўніцкім поглядам, а самастойна, выбіраючы творы сабе па гусце і настроі.

Ганна КІСЛІЦЫНА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.