Вы тут

Рэпрадукцыі Густава Клімта выстаўляюцца ў Мінску


Яны ўзбунтаваліся, запратэставалі і паўсталі супраць традыцыйнага жывапісу, эклектыкі, класічнага стылю і паставілі свае ўмовы — спрэчныя, гучныя і нават скандальныя. У канцы ХІХ стагоддзя па Еўропе разлілося «новае бачанне» — пра сябе заявілі тыя, хто хацеў пісаць інакш, адсунуцца ад кансерватызму, прапанаваць нешта невядомае. Мадэрн стаў часткай гісторыі многіх жывапісных школ, жывапісу наогул, мастацтва ў цэлым і нават сусветнай гісторыі. Як яго толькі не называлі —ар-нуво, ціфані, югендстыль, або Венскі сецэсіён. Менавіта да апошняга прамое дачыненне мае, мабыць, найвядомейшы аўстрыйскі мастак і адзін з самых дарагіх жывапісцаў свету Густаў Клімт. Цяпер у Мінску выстаўляюцца рэпрадукцыі яго работ, выкананыя ў тым ліку з выкарыстаннем сусальнага золата. Пляцоўкай для экспазіцыі стаў гандлёва-забаўляльны цэнтр Gаllеrіа Mіnsk.


Эратызм, пазалота, «Пацалунак», арнаменталізм, нянавісць феміністак, меркаваныя сорак пазашлюбных дзяцей — тое, што прыходзіць у галаву ў сувязі з імем Клімта. Аголеныя жаночыя фігуры і жанчына наогул былі цэнтральнай тэмай мастака, якую ён выкарыстоўваў нават пры буйным заказе на тры карціны для будынка Венскага ўніверсітэта. «Філасофія», «Медыцына» і «Юрыспрудэнцыя» ўвасобіліся ў жаночых вобразах, што цвердалобы прафесарскі склад сустрэў з непаразуменнем і папрасіў Міністэрства культуры адмяніць заказ. Відавочна, гэта было памылкай з іх боку. Фемінісцкі рух таксама коса глядзіць на творчасць Клімта і сцвярджае, быццам мастак паказвае жанчыну як прадмет жадання, а не асобу. Хоць насамрэч глянь на палотны аўстрыйца — а жанчына тут велічна пакурвае на п'едэстале (не ў прамым сэнсе, вядома). Дыхаць холадам у бок мадэрніста павінны якраз мужчыны, таму што яны калі і прысутнічаюць, то са схаваным тварам. Тым не менш гэта абмеркаванне пацвярджае пэўную эпатажнасць клімтаўскай творчасці і яго персоны, як і «сорак пазашлюбных дзяцей», якія могуць аказацца толькі экстравагантнай здагадкай біёграфаў аўтара, які ніколі не быў жанаты і, дарэчы, вёў просты лад жыцця.

Дык вось, у 1897 годзе Густаў Клімт і яшчэ сорак мастакоў кінулі выклік традыцыям у мастацтве, выказалі ім сваё цвёрдае «фі» і стварылі Венскі сецэсіён. Аб'яднанне атрымала свой выставачны будынак (над галоўным уваходам красаваўся надпіс «Час — ваша мастацтва. Мастацтва — ваша свабода»), стала прывозіць венцам замежных аўтараў і рэгулярна прапаноўваць публіцы ўласныя экспазіцыі. Клімт, які ўзначаліў аб'яднанне, да гэтага часу ўжо быў скандальна вядомым аўтарам, хоць бы дзякуючы тром навукам, увасобленым у жаночых вобразах.

Сын мастака, ювеліра і гравёра па золаце (адсюль золата ў вобразах, на карцінах і ў назве творчага перыяду), ён з сям'ёй жыў досыць бедна (не галота, проста непастаянны заробак). І стаў адным з самых вядомых мастакоў, адным з самых цытаваных у паўсядзённасці і масавай культуры (рэпрадукцыі яго карцін, выкарыстоўвае брэнд ІKЕА, таксама мода, архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і іншае) і адным з самых дарагіх аўтараў. Напрыклад, вядомае палатно Клімта «Партрэт Адэлі Блох-Баўэр І» у 2006 годзе было набыта за 135 мільёнаў долараў і на кароткі перыяд узначаліла спіс самых дарагіх карцін свету. (Сёння самым дарагім палатном лічыцца «Калі вяселле?» Поля Гагена, набытае ўладамі Катара прыкладна за 300 мільёнаў долараў.)

Чалавек, нават кепска знаёмы з аўстрыйскім жывапісам, хутчэй за ўсё ведае Густава Клімта па карціне «Пацалунак». «Залатая» пара ў абдымках на квітнеючай паляне, якая абрываецца ля ног жанчыны. Тут, дарэчы, дэманструецца манера мастака адлюстроўваць мужчын, пра якую гаварылася вышэй, і, акрамя гэтага, арнаментальнасць, насычанасць, пазалота, сімвалічнасць і супярэчлівасць пачуццяў — карціну мастак паказаў на выставе ўжо Саюза аўстрыйскіх мастакоў, які ён заснаваў з сябрамі пасля выхаду з сецэсіёна.

Рэальны «Пацалунак» можна ўбачыць у Венскім музеі, у Мінск жа ён прыехаў, вядома, не з музейнай залы, а ў рамках сусветнага турнэ выставы рэпрадукцый «Густаў Клімт. 100 гадоў без генія». Магчыма, патрабавальныя і ўспрымальныя культуролагі не ўхваляць такую практыку, але той, хто не хутка трапіць у Вену, можа наведаць Клімта ў беларускай сталіцы да 15 лютага.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Час — ваша мастацтва. Мастацтва — ваша свабода»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».