Вы тут

Беларускі фільм перамог у фестывалі velcom Smartfіlm


Конкурс мабільнага кіно ў гэтым годзе, шостым для Smartfіlm'а, пашырыўся — стаў міжнародным і прапанаваў дасылаць работы любых жанраў.


«Свабодны фармат» падтрымалі тысячай заявак, з якіх быў адабраны лонг-ліст з амаль 300 кароткаметражных работ (да дзесяці хвілін), знятых на мабільны тэлефон. Заяўкі прыходзілі з усяго свету — з Японіі, Індыі, Егіпта, ЗША, Нарвегіі , увогуле з 48 краін, але прыкладна трэцяя частка адабраных конкурсных работ усё роўна была беларускай. Гран-пры фестывалю атрымаў таксама беларус. На падвядзенні вынікаў конкурсу, што адбылося 19 студзеня, сталі вядомыя імёны пераможцаў, і галоўным з іх выбраны ўжо вядомы кінаэнтузіяст Кірыл Нонг.

Беларускаму гледачу гэты рэжысёр вядомы «вострасюжэтным баевіком» «Здымаць на паражэнне», які зняты ў 2012 годзе за дзве з паловай тысячы долараў. За аўтарам таксама лічыцца кароткаметражны фільм «Сінхранізацыя» — дыпломная работа для кінаакадэміі Лос-Анджэлеса. Гран-пры фестывалю velcom Smartfіlm і адпаведна тры тысячы рублёў Кірыл Нонг атрымаў за карціну «Работнік года», героем якой з'яўляецца прыбіральшчык.

Апроч работы Нонга, у шорт-ліст фестывалю (12 карцін) трапілі яшчэ тры беларускія фільмы — «Памятаць» Кацярыны Нікановіч, «137 гадзін» Дзмітрыя Сахарука і «Умзарозум» Антона Байдзёнка. Апошняя з іх заняла ў выніку другое месца фестывалю velcom Smartfіlm. Першае было аддадзена турэцкай карціне «Косць» Валкана Гюнея Экера, а трэцяе месца заняў французскі фільм «Да свету» Мір'яма Фантэна.

Шосты фестываль мабільнага кіно ацэньвала прафесійнае журы, у склад якога ўвайшлі праграмны дырэктар Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» Ігар Сукманаў, кінакрытык і культуролаг Максім Жбанкоў, кінакрытык Антон Сідарэнка, малады рэжысёр Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў (у Беларусі прагучала яго кароткаметражка «Адной крыві»). Пятага члена журы выбіралі ў свой час праз пэўны конкурс, у якім далі магчымасць паўдзельнічаць усім ахвотным, і выбралі студэнтку Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксандру Сергеевіч.

Фестываль мабільнага кіно velcom Smartfіlm арганічна ўплятаецца ў сучасны этап развіцця кінематографа, калі смартфон як самая простая непрафесійная прылада становіцца інструментам для стварэння таленавітых фільмаў, пэўнай прыступкай аўтараў да вялікага кіно, праверкай рэжысёраў на трываласць. Фармат кароткага метра зусім не значыць спрошчанасць задачы, а наадварот патрабуе асаблівага падыходу да драматургіі і рытму, вытрымаць які можа не кожны прагны да стварэння кіно аматар.

Фестываль velcom Smartfіlm не абмяжоўваецца толькі конкурсам мабільнага кіно, а праводзіць таксама майстар-класы (кінакрытыка Антона Доліна, сцэнарыста і рэжысёра Арсенія Ганчукова, прадзюсара Івана Капітонава). Сюды ж уваходзіць «дэбютны» выпуск так званага кінамарафона Cіnema Weekend, у які ўвайшлі майстар-класы, кінапаказы і кінавіктарыны.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.