Вы тут

Сіндром пераймання


Прытрымайце дзверы таму, хто ідзе следам.


Гэтага рыжага... ды не, не рыжага — аранжава-сонечнага коціка я прыкмеціла ў пераходзе каля нашай станцыі метро яшчэ на мінулым тыдні, калі ціснулі моцныя маразы. Цікаўная маленькая пыска выглядвала з цёплага шаліка, у якім трымала яго гаспадыня разам з надпісам на кавалку кардону «Аддам у добрыя рукі». Людзі натоўпам спяшаліся міма, да тралейбусаў і аўтобусаў, якія развозілі іх па цёплых кватэрах, кацяня ніхто не забіраў, дзяўчына стаяла з ім кожны вечар.

Я кожны раз імкнулася спыніцца, але заклапочаны натоўп нёс далей, і кожны раз было прасцей паддацца яго мэтанакіраванаму руху, не супраціўляючыся. Толькі ўжо апынуўшыся ў тралейбусе, думала, што вось тая дзяўчына стаяла там апошні раз, а заўтра яна проста выпусціць жывёлку на вуліцу, і маленькая жывая істота, так і не зразумеўшы, за што з ёй так, загіне на марозе. І я штовечар давала сабе слова: калі заўтра ўбачу дзяўчо ў пераходзе, я абавязкова забяру ў яе пушысты аранжавы камячок, схаваю яго пад футра, прыгарну да сябе, прывязу дахаты, абагрэю і накармлю. Прыйшоўшы дадому, я кожны вечар дамаўлялася з гаспадыняй кватэры Клавай. «Заўтра прывязу табе сябра», — казала ёй. Клава незадаволена муркала і кусала за палец, што на кацінай мове, напэўна, азначала: «Не вельмі і хацелася, але што зробіш, давай ужо, прывозь»... Але назаўтра ўпарты натоўп нёс да выхаду з перахода, і вырвацца з яго, збочыць ну ніяк не атрымлівалася.

А ўчора я ўсё-ткі спынілася. Каб паназіраць, як ужо амаль мой кот знайшоў сабе новую гаспадыню. Гэта дзяўчынка-падлетак з віяланчэллю за плячыма не стала адкладаць добрую справу на заўтра. Яна таксама ішла з метро разам з маці, як і сотні іншых людзей. Але ўбачыла бліскучыя даверлівыя вочкі, што бліскалі з-пад цёплага шаліка, надпіс пра «добрыя рукі» — і ў адно імгненне, не азіраючыся ні на кога, вырашыла, што гэтыя рукі — менавіта яе. Яна беражліва ўладкоўвала жывёлку за пазуху, маці ёй дапамагала, а побач стаяла чалавек пяць цётак-разявак (у тым ліку і ваша пакорная слуга), усім сваім выглядам паказваючы намер і гатоўнасць забраць кацяня сабе...

А на прыпынку пад халодным вільготным сіверам дзівакаватага выгляду хлопец іграў на баяне. Іграў не вельмі ўмела, спрабаваў скласці папуры з музыкі старых кінафільмаў. Задубелыя пальцы траплялі не на тыя клавішы, атрымлівалася гэткая рыпучая какафонія, з якой толькі зрэдку выразна чуваць была знаёмая мелодыя. Хлопец раз-пораз сумна пазіраў на зусім пусты пачак з-пад печыва, у якім ляжала некалькі самых дробных манет. Ніхто яму нічога ў той пачак не кідаў, усе толькі глядзелі са шкадаваннем, адводзілі вочы і з імпэтам кідаліся да свайго транспарту, які падрульваў да прыпынку. Гэткая супольнасць спачувальна-абыякавых людзей.

Жанчына, якая падышла да небаракі-баяніста, была не з той «тусоўкі». Яна ўсміхнулася і кінула ў пачак два рублі. Хлопец здзіўлена прыўзняўся, зазірнуў у пачак і радасна, на ўвесь прыпынак, перакрычаўшы свой баян, на якім не пераставаў рыпаць, крыкнуў: «Дзякуй!» Многія (калі не ўсе), хто быў на прыпынку, пачулі і азірнуліся. Зразумеўшы, у чым справа, людзі палезлі даставаць кашалькі. Манеты ў пачак сыпаліся са звонам. Ашалелы ад шчасця хлопец не паспяваў дзякаваць. Так мы і ўціскаліся ў аўтобус — пад яго радаснае «дзякуй!» ды пад да адурэння фальшывае выкананне мелодыі пра Аляксандру з фільма «Масква слязам не верыць»...

Гэта хвароба, пэўна, сучаснага вялікага горада — калі добрыя і чулыя па сутнасці сваёй людзі, якія, калі б апынуліся сам-насам з сітуацыяй, дзе камусьці патрэбна дапамога, ніколі б не прайшлі міма, у натоўпе, сярод гэткіх самых людзей, сваёй дабрыні і чуласці... саромеюцца, ці што? А можа, спрацоўвае прынцып калектыўнай адказнасці: чаму менавіта я павінен? Хай іншыя, вунь вакол колькі людзей! Калі ж хтосьці асмеліцца сказаць найперш самому сабе «я — павінен!», спачувальна-абыякавая супольнасць раптам распадаецца на дзясяткі індывідуумаў, у якіх, аказваецца, ёсць і жаданне, і магчымасці дапамагаць. Чалавек, якому стане на вуліцы дрэнна, можа праляжаць там даволі доўгі час, і мінакі не будуць спыняцца каля яго, кіруючыся прынцыпам асабістай неспрычыненасці: «Можа, п'яны?.. А чаму я?.. Вунь колькі людзей ходзіць, не прападзе»... Можна знайсці яшчэ дзясятак ну вельмі пераканаўчых аргументаў і пайсці далей па сваіх справах, уздыхнуўшы з палёгкай, калі праблема знікне з вачэй. А вось калі хтосьці спыняецца і нахіляецца над небаракам — за лічаныя хвіліны збіраецца цэлы натоўп. Усе наперабой спрабуюць дапамагчы: выклікаюць «хуткую», дастаюць з кішэняў валідол, даюць вельмі патрэбныя парады. Ну проста каманда герояў-выратавальнікаў, такіх неабыякавых, такіх спагадлівых, гатовых заўсёды і ўсюды прыйсці на дапамогу бліжняму.

Але сапраўдны герой ва ўсіх падобных сітуацыях толькі адзін — той, хто першы не прайшоў міма. Не азіраючыся, не сумняваючыся, кіруючыся найперш уласным сумленнем. Астатнія ж спыняюцца толькі з-за сіндрому пераймання («чым я горшы?»). Што не перашкаджае пасля хваліцца сваякам: «Сёння чалавеку дрэнна стала, ратавалі», або: «Там сабачка бяздомны так жаласліва скуголіў, я б узяў, але нейкая маладзіца апярэдзіла». І не хочам прызнацца хоць бы самі сабе, што, калі б не тая маладзіца, скуголіў бы бяздомны сабачка на тым жа месцы і цяпер...

Калісьці старэйшы калега напісаў такое сваё назіранне. Калі ў метро цяжкія дзверы, якія матляюцца туды-сюды ад скразняку, злавіць і прытрымаць для таго, хто ідзе ўслед за табой, гэты чалавек, як бы ён ні спяшаўся, заўсёды прытрымае іх для таго, хто ідзе следам. Учора паэксперыментавала. Сапраўды — працуе. Сіндром пераймання ў дзеянні!

Пачаць станавіцца тым, хто ты, па сутнасці, і ёсць на самай справе, — добрым і чулым, нават на людзях зусім не боязна — проста прытрымаць дзверы перад тым, хто ідзе ўслед.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.