Вы тут

Як дэпутаты вучыліся карыстацца інфармацыйна-прававымі рэсурсамі


Не так даўно кіраўнік дзяржавы зацвердзіў План падрыхтоўкі законапраектаў на 2017 год. Прадугледжваецца распрацоўка 33 нарматыўных дакументаў у розных сферах: ад міжнародных адносін да рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Каб працаваць з такім грунтоўным пакетам, парламентарыям неабходна быць максімальна дасведчанымі. Учора дэпутаты Палаты прадстаўнікоў удзельнічалі ў семінары па азнаямленні з інфармацыйна-пошукавай сістэмай «Эталон» і іншымі рэсурсамі Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі.


— У Палаце прадстаўнікоў новага склікання больш за 70% — новыя людзі, якія, безумоўна, у сваёй мінулай дзейнасці не займаліся норматворчасцю, — кажа Баляслаў ПІРШТУК, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў. — Таму для іх вельмі шмат новага ў гэтай працы. Сёння мы праводзім семінар, таму што адаптацыя ўжо прайшла, амаль усе дэпутаты актыўна ўключыліся ў работу. Яны ўжо зразумелі, якім аб'ёмам інфармацыі трэба аперыраваць, каб прафесійна абмяркоўваць той ці іншы законапраект. Заканадаўства — гэта не мастацкая літаратура, тут паняцця «дробязь» не бывае. Нават перастаноўка коскі, змяшчэнне акцэнтаў могуць кардынальна сказіць сэнс таго ці іншага законапраекта.

Па словах віцэ-спікера ніжняй палаты, дэпутату трэба засвоіць і зразумець вельмі вялікі матэрыял. Гэта праблематычна, калі парламентарый не вельмі добра валодае інфармацыйным рэсурсам.

— Нам важна, каб дэпутаты прафесійна выкарыстоўвалі інфармацыйныя рэсурсы, — заявіў Баляслаў Пірштук. — Дэпутат не можа выкарыстоўваць нечыя падказкі, ён павінен добра валодаць тэмай, якой прысвечаны чарговы законапраект. Нам хацелася б, каб усе дэпутаты ў роўнай ступені мелі агульнае ўяўленне пра нарматыўную базу, пра сітуацыю ў краіне — каб максімальна прасоўваць тыя законы, якія яны абмяркоўваюць. Гэта трэба і для таго, каб дэпутаты маглі прафесійна кантактаваць са сваімі выбаршчыкамі.

Галіна ФІЛІПОВІЧ, член Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, расказала журналістам пра планы работы Палаты прадстаўнікоў на гэты год.

— Работа дэпутатаў, Пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў арганізавана ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі законапраектаў на чарговы каляндарны год. Калі казаць пра план 2017 года, то мне хацелася б адзначыць, што права заканадаўчай ініцыятывы выкарыстоўвалі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў, Савет Рэспублікі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. У план уключаны законапраекты, якія ахопліваюць у асноўным усе сферы жыццядзейнасці нашага грамадства і дзяржавы і накіраваны на рашэнне задач, якія былі пастаўлены на пятым Усебеларускім народным сходзе, на выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы. Дэпутаты таксама ініцыявалі змяненні ў два законы.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Нюансы заканатворчасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?