Вы тут

Не спяшайся спальваць масты


Анекдот, прачытаны ў нашай газеце: « — Што азначае выраз «спальваць масты»? — Ну, напрыклад, гэта калі ты адкрыў бутэльку ў паўтара літра піва, корак выкінуў...» Забаўна, ды апісаны прыклад, несумненна, можа служыць тлумачэннем фразеалагізма, тлумачэннем самага бестурботнага кшталту. Але ёсць у гэтым шэрагу надрыўна-драматычныя гісторыі, сустракаюцца і камедыйна-сатырычныя, хоць ты кінастужку здымай.


Драматычным я б назвала няўдалае каханне Марыны, сваячкі маёй блізкай сяброўкі. Яе я раней не ведала, сустрэліся ў бальніцы, калі абедзве ў адзін час зайшлі праведаць Ірыну. Іра потым і расказала пра бяду сваёй прыяцелькі-сваячкі, якую называе ахвярай жаночых раманаў. Тая, і праўда, глытае творы маскульту партыямі, падчытвае глянцавыя часопісы. З самых юных гадоў дзяўчына жыла ў нейкім рамантычным, напалову выдуманым свеце. І ўсё чакала свайго героя. Але герой пазніўся, гады ішлі. Марына выйшла замуж за ціхага сціплага хлопца, нарадзіла дачку. Родныя і блізкія ўздыхнулі з палёгкай. Усё было б, можа, добра і далей, каб аднойчы нячысцік не прынёс героя яе мар. Ён прыехаў у іх горад з другой краіны судзіць спартыўныя спаборніцтвы. Яна працуе адміністратарам у гасцініцы, убачыла яго і адразу пазнала. Ён быў такім, якім намалявала яго ва ўласным уяўленні шмат гадоў таму. Адным словам, раман атрымаўся імклівым і бурным. Ён паклікаў з сабой. Яна, як сумленны чалавек, адразу расказала мужу, стала збіраць рэчы.

Але ў самы апошні момант намеры «героя» памяняліся. Аб прычынах не ведае ніхто. Бо ён знік з гасцінічнага нумара разам з рэчамі, а тэлефон пакінуў, як яна мяркуе, знарок. Як няцяжка здагадацца, рамантычная асоба засталася адна. Назад у сям'ю дарогі няма, бо сама ж спаліла масты. Ірына шкадуе няўдалую сваячку, кажа, што раней яна хадзіла з прычоскай а-ля Мірэй Мацье, цяпер на яе галаве штосьці накшталт прычоскі санітаркі цёткі Валі, калі апошняя, растрапаная, з вечна незадаволеным выглядам працірае падлогу.

Падзялілася гэтым сюжэтам з калегам, які вядзе крымінальную хроніку ў іншай газеце. А ён сказаў, што ў яго па азначанай тэме гісторый цэлы воз. Адна з іх красамоўна характарызуе вясковае жыццё з усімі атрыбутамі ХХІ стагоддзя. Хоць яе не варта лічыць правілам, хутчэй выключэннем з сельскіх будняў. Адным словам, у вёсцы купіў дом рэспектабельны ваенны пенсіянер. І стаў не дачнікам, як цяпер робяць многія гараджане, а перабраўся на пастаяннае жыхарства. Мужчына, які нядаўна стаў удаўцом, зрабіў выбар свядома. На вясковай сядзібе заўсёды можна знайсці прымяненне рукам і энергіі, а ў горадзе гуляць у даміно з суседзямі ці шукаць кампанію каля магазіна — не яго інтарэс. Вясковым бабулькам, якіх у неперспектыўнай вёсцы засталося трое, чалавек з машынай стаў нібы знаходка. У горадзе ён бывае часта, ніколі, напрыклад, не адмаўляў зайсці ў аптэку, у краму, калі ў каго з аднавясковак здаралася патрэба. А ў выхадныя часам сваіх суседак у царкву падвозіў і назад забіраў. Ну, і на экстранную дапамогу па гаспадарцы, дзе патрабуецца мужчынская сіла, вясковыя жыхаркі маглі заўсёды разлічваць. Жылі яны так ужо не адзін год.

Ды аднойчы да весніц суседа пад'ехала нетутэйшая дарагая іншамарка. З салона выскачыла зноў жа нетутэйшая прыгажуня, гаспадар жа нешта перадаў кіроўцу, а госцю павёў у дом. Бабулькі за ўсім гэтым сачылі ўважліва і зрабілі свае высновы. Яны ж серыялы, а таксама перадачы кшталту «Скандалы, інтрыгі, расследаванні» глядзяць спраўна, таму ў курсе тэмы, якая ў тэлевізары называецца «дзяўчына па выкліку». Пільныя суседкі былога вайскоўца палічылі сваім абавязкам адразу ж патэлефанаваць участковаму. Той, вядома, па выкліку прыбыў, але ж здарыўся канфуз. Бо ніякіх рэальных доказаў крымінальнага бізнесу атрымаць не ўдалося. Любы чалавек у сваім доме можа прымаць якога заўгодна госця, што нельга расцэньваць як парушэнне закона.

Цяпер, як няцяжка здагадацца, у бабулек засталася адна забава — тэлевізар. А сусед спыніў усялякія стасункі з імі, і няма на каго паспадзявацца нават у выпадку якой надзвычайнай сітуацыі. Няхай яны абыходзяць бокам тую невялікую вёску.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?