Вы тут

Клік «у законе»


Трапіць на лаву падсудных, не ўстаючы з-за камп'ютара, — і так можа быць. Пра гэта ведаюць ужо многія нашы суайчыннікі. Прычым некаторыя з іх нават не падазравалі, што робяць нешта супрацьпраўнае. Як, напрыклад, жыхар Гомеля, што захаваў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы ролік з разраду «хоум відэа». Падчас следства хлопец тлумачыў, што проста паглядзеў відэазапіс і не разумее, як той апынуўся на яго старонцы. Але праваахоўнікаў гэта не пераканала — аматара «гарачых» ролікаў асудзілі па артыкуле «Выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў ці прадметаў парнаграфічнага характару».


Трэба сказаць, што часам такое сапраўды адбывацца з-за банальнага няведання ці па выпадковасці. Вядома, у адказ можна каторы раз паўтарыць, што няведанне не пазбаўляе ад адказнасці. Вось і зямлячка згаданага хлопца, што пакінула пад падобным відэа каментарый «Фу, якая брыдота!», не задумалася, што ацэнены такім чынам запіс з'явіцца ў стужцы навін яе сяброў. Вынік — суд па аналагічным артыкуле. Абаім удзельнікам гісторый пашанцавала — яны адразу ж трапілі пад амністыю.

Падобныя выпадкі становяцца рэзананснымі, і большасць беларусаў ужо, напэўна, прызвычаіліся паводзіць сябе ў сеціве як мага акуратней. Але адна з апошніх гісторый выбіваецца з гэтага шэрагу. Жыхарка Гродна бавіла час у адной з сацыяльных сетак і ўбачыла эратычнае (насамрэч, як пазней канстатуе мастацтвазнаўчая экспертыза, — парнаграфічнае) фота, якое ёй спадабалася. Націснула кнопку «Захаваць» і забылася на яго. А здымак трапіў у агульнадаступны альбом. У выніку — суд, два гады зняволення з адтэрміноўкай, канфіскацыя смартфона і штраф у 690 рублёў. Да ўсяго з-за інцыдэнту жанчыну звольнілі з работы, а рэпутацыя маладой мамы ў школе, дзе вучыцца яе дзіця, цяпер яўна не на самым высокім узроўні. Акрамя гэтага, гісторыяй зацікавіліся ў органах апекі...

Сёння ў сеціве натрапіць на выявы «для дарослых» можна абсалютна выпадкова. Неаднойчы чуў ад сваіх сяброў, якія працуюць у офісах, аповеды пра сітуацыі, калі ім даводзілася баязліва аглядвацца на суседзяў па кабінеце: ці не пабачылі яны чарговы непрыстойны банер, што выскачыў на сайце са звычайнымі навінамі (ёсць такія рэсурсы, што зарабляюць на скандальных матэрыялах, а пра якасць рэкламы не клапоцяцца)? Дарэчы, яны хвалююцца небеспадстаўна, бо калі глядзець на такія эпізоды з юрыдычнага боку, то гэтага супрацоўніка можна прыцягнуць да адказнасці за публічную дэманстрацыю парнаграфіі.

Ды што там навіны — аднойчы знаёмая папрасіла мяне вярнуць да жыцця яе камп'ютар, які... патрабаваў грошы быццам бы за прагляд «дарослага відэа». Пры тым што сама яна ніколі падобным кантэнтам не цікавілася. А рабілася ўсё быццам бы ад імя праваахоўных органаў. Ноўтбук адрамантавалі, і гісторыя скончылася хэпі-эндам, у адрозненне ад аналагічнага выпадку, у які трапіў жыхар Гродна. Мужчына шчыра паверыў, што яго ПК «рэквізавала» МУС, і прыйшоў у аддзяленне міліцыі з грашыма, каб аплаціць штраф, бо не ўмеў карыстацца электронным кашальком. Добра, што хоць інтэрнэт-махляры засталіся без прыбытку.

Прасторы сеціва становяцца сапраўдным «мінным полем», прайсці праз якое — задача для некаторых непасільная. Іншая справа, што датычыцца гэта не толькі эротыкі. Пакажы мне свае «лайкі» — і я скажу, хто ты: дзяўчына, што цытуе кнігі, якія не чытала, або хлопец, які замест рэальных стасункаў шукае «гарачыя» фота ў інтэрнэце. Варта заўважыць, што ад неразборлівасці асобных людзей у сеціве больш за ўсё церпяць пераважна іх жа знаёмыя, вымушаныя бачыць у стужцы навін тое, што прыйшлося даспадобы сябрам. Таму маё асабістае меркаванне — заканадаўчыя меры, магчыма, занадта строгія, бо ўсе аматары нізкапробнага кантэнту самі сябе рана ці позна караюць. А засцерагчыся ад усіх вышэйагучаных сітуацый пакуль што можна, здаецца, толькі адным спосабам — выхоўваць у сабе густ, каб адрозніваць прыгожае ад брыдкага.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.