Вы тут

Дзе і чым харчуюцца студэнты сталічных ВНУ


Студэнт, як вядома, вечна сонны і вечна галодны. Калі першае выправіць можна толькі адным спосабам — проста выспацца, то для другога існуюць розныя варыянты. Мы высветлілі, дзе і чым харчуюцца і колькі грошай трацяць на ежу студэнты сталічных ВНУ.


Каб будучыя маладыя спецыялісты не марылі сябе голадам падчас заняткаў, амаль пры кожным універсітэце ёсць сталовыя. Аднак ці можна назваць іх студэнцкімі, калі ў час пік вялізныя чэргі тут стварае не стомленая ад лекцый моладзь, а работнікі з найбліжэйшых будоўляў, офісаў і вытворчасцяў, замаўляюць і першае, і другое, і кампот з дэсертам. У той час, як студэнты, якіх тут не так ужо і шмат, выбіраюць сабе нешта адно.

— Гэта, напэўна, звязана з тым, што сёння не кожны студэнт можа дазволіць сабе паўнацэнны абед у сталовай. Для прыкладу, 130 грамаў свініны, запечанай з памідорамі, у нас каштуе 3,7 рубля. Гэта самая дарагая пазіцыя ў меню. Кошт супу звычайна каля рубля, салаты бываюць ад сарака капеек, — расказвае загадчыца сталовай адной са сталічных ВНУ.

Запыталася ў сваіх знаёмых студэнтаў, як часта яны ласуюцца «сталоўскімі катлеткамі». Высветлілася, што чым старэйшы курс, тым радзей. Ужо на другі год навучання хлопцы і дзяўчаты пачынаюць задумвацца пра эканомію сродкаў. Акрамя адсутнасці грошай, яшчэ адна распаўсюджаная прычына не харчавацца ў сталовай — недахоп часу.

Пры ўсім гэтым ёсць студэнты, якія знаходзяць і грошы, і час, каб штодня хадзіць у сталовую. Напрыклад, чацвёртакурснік факультэта міжнародных адносін БДУ Раман Казак.

— Заўсёды бяру на першае суп, на другое — мяса. У сярэднім паход у сталовую абыходзіцца ў 5 рублёў, калі падлічыць, колькі выдаткоўваю на абеды за месяц, атрымліваецца не такая ўжо і маленькая сума, але для мяне важна харчавацца правільна і пры гэтым не траціць час на прыгатаванне ежы. У інтэрнаце, дзе я жыву, адна кухня на паверх, там не зусім зручна кулінарыць, — расказвае Рома.

Куды больш вабяць студэнтаў рэстараны сетак хуткага харчавання, колькасць якіх у сталіцы з кожным годам расце. У адным з такіх я амаль гадзіну назірала за наведвальнікамі, прыслухоўвалася да іх размоў і зрабіла выснову: у асноўным за столікамі сядзелі студэнты.  «Як я люблю чызбургер!» — выдаў малады чалавек, на імгненне забыўшыся пра вучобу, аднак хутка зноў падключыўся да размовы пра семінарскія заняткі ў новага выкладчыка. Яркія інтэр'еры, гучная музыка і ў меню толькі модныя запазычаныя словы — здаецца, тут усё толькі для моладзі і створана. Усё, акрамя цэн.

— Сярэдні заказ студэнта — 5—6 рублёў, — паведаміў супрацоўнік аднаго з рэстаранаў, які і сам яшчэ вучыцца. — На такую суму ў нас не разгуляешся: выйдзе бургер (ці бульба фры), напой і дэсерт. Але для перакусу паміж парамі хопіць.

Разам з тым усё больш студэнтаў спрабуюць кулінарыць самастойна. Зусім не рэдкасць, калі на перапынку ва ўніверсітэце нехта дастане «ссабойку», дзе будзе і мяса, і каша, і салата. Такі варыянт самы танны для студэнта, але і самы няпросты, бо, як мінімум, трэба ўмець гатаваць,
а, як максімум, пастаянна прачынацца раней, каб паспець «сабраць» ежу на дзень.

Дар'я Беразюк вучыцца на 4 курсе МДЛУ. Яна амаль не ходзіць у сталовыя і буфеты, а фастфуд есць толькі за кампанію раз у некалькі месяцаў. Дзяўчына харчуецца ў асноўным тым, што сама гатуе ў інтэрнаце.

Так, па яе словах, прасцей і надзейней за ўсё сфарміраваць правільны рацыён, абапіраючыся на невялікі студэнцкі бюджэт:

— Ранкам — абавязковы сняданак. Звычайна гэта аўсяная каша, ёгурт ці амлет, зрэдку магу абысціся бутэрбродам з гарбатай/кавай. Бывае, перакусваю яблыкам ці бананам. Абедаю рысам з курыцай або каўбасой, салатай з сезоннай агародніны. Магу выпіць малака ці кефіру. Вячэра ў мяне лёгкая: тварог, хлябцы з сырам, чай. Стараюся харчавацца правільна, больш-менш сачыць за фігурай. Але вельмі люблю салодкае, час ад часу дазваляю сабе шакаладку, мармелад ці печыва, — дзеліцца дзяўчына. — За месяц на харчаванне ў мяне сыходзіць прыкладна 150—170 рублёў. Гэта пры тым, што я яшчэ і ад бацькоў прывожу прадукты.

Калі ты студэнт і заклапочаны тым, як паменшыць сумы, якія выдаткоўваеш на харчаванне, то спецыяльна для цябе мы падрыхтавалі наступныя парады:

  • 1. Перад паходам у краму абавязкова складзі спіс таго, што будзеш набываць, і праглядзі ў інтэрнэце, якія зніжкі дзейнічаюць у супермаркетах. Можа якраз неабходныя табе пельмені ці крупы дзе-небудзь прадаюць па акцыі. Акрамя таго, некаторыя крамы ўвечары зніжаюць цэны на прадукцыю ў кулінарных аддзелах.
  • 2. Не саромейся браць з сабой на вучобу ежу ў кантэйнерах, загадзя прыгатаваную дома. На перапынку паміж заняткамі абавязкова захочацца есці. Але ў цябе не ўзнікне спакусы бегчы ў буфет па булку ці да аўтамата па чыпсы.
  • 3. На сезонных рынках можна набыць гародніну і садавіну ўдвая танней, чым у краме (толькі будзь пільным у выбары!). А на крыты Камароўскі рынак прывозяць хлеб, малочныя і мясныя прадукты з усіх беларускіх рэгіёнаў. Таму многія цэны тут ніжэйшыя за сярэднія па горадзе.

Ганна Курак, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі

Загаловак у газеце: Калі рубель калорыі беражэ, ці Дзе «заправіцца» студэнту

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».