Вы тут

Мікіта Цыркун: Гонкі адмяняюць толькі ў шторм


Мікіта Цыркун стаў адным з самых маладых спартсменаў у нашай дэлегацыі на Алімпіядзе ў Рыа. У свае 19 ён здабыў пуцёўку на Гульні і ўвайшоў у 30 самых лепшых віндсерфінгістаў свету, што зусім нядрэнна для прадстаўніка краіны, якая не мае выхаду да мора. У дзяцінстве хлопец сур'ёзна захапляўся шахматамі, адчуваў цягу да дакладных навук, а цяпер скарае хвалі. Мікіта ўжо стаў чэмпіёнам свету сярод юніёраў па віндсёрфінгу ў класе «RS:Х», на Алімпіядзе заняў 22-е месца, наступная мэта — Гульні ў Токіа.

Пра тое, як праходзілі спаборніцтвы ў бразільскім Гуанабара, з якімі марскімі жыхарамі даводзіцца сустракацца падчас гонак, і што цэніць у кнігах і фільмах Мікіта Цыркун, ён расказаў у інтэрв'ю нашаму карэспандэнту.


— Я не спадзяваўся, што заваюю ліцэнзію на Алімпійскія гульні, а быў у гэтым упэўнены, — расказвае Мікіта. — Гэта найважнейшыя спаборніцтвы ў жыцці кожнага спартсмена, удзел у іх — вялікі вопыт і шчаслівы шанц, які выпадае далёка не кожнаму. Своеасаблівы вынік працы, якую ты прарабіў за чатыры гады.

— Раскажы, чым запомнілася алімпійская Бразілія?

— Прайшло ўжо паўгода, а такое адчуванне, што адны суткі. Усе 20 дзён, якія мы былі там, — адно вялікае «ваў». Хоць, вядома, былі і негатыўныя моманты. Яны шмат у чым звязаныя з арганізацыяй спаборніцтваў: пражываннем, дастаўкай на трэніроўкі і самой акваторыяй. Вада была бруднай, хоць казалі, што арганізатары вельмі пастараліся, каб хоць неяк яе ачысціць. Перада мной не ставілі канкрэтных задач, трэба было проста паказаць тое, на што я здольны. Зразумела, што гэтая Алімпіяда яшчэ не «мая», таму пра медалі размова не ішла, галоўнае — атрымаць вопыт, які ў Токіа-2020 дапаможа пазмагацца за больш высокія месцы.

— Тое, што ты трапіў на Гульні ў такім маладым узросце, можа расхаладзіць?

— Наадварот, гэта прымушае працаваць яшчэ больш, цяпер я павінен пацвярджаць свой вынік, трымаць зададзеную планку. Уся падрыхтоўка, удзел у рэгатах распісаны на чатырохгадовы цыкл і скіроўваюць менавіта да гэтай вяршыні. Чэмпіянаты і Кубкі свету тут адыходзяць на другі план.

— Шмат у вашым відзе спорту залежыць ад надвор'я?

— Няма ветру — няма трэніроўкі. Але калі дзьме пастаянна, то таксама дрэнна, нам трэба нешта сярэдняе. Для прадуктыўных заняткаў павінен быць умераны клімат, тэмпература не вышэйшая за 25—27 градусаў, каб не было спякоты, інакш занадта вялікая нагрузка на арганізм. Калі казаць пра халодныя ўмовы надвор'я, то трэніруемся мы ў гідракасцюмах да таго часу, пакуль не будуць нямець канечнасці. Рукі і ногі ў нас заўсёды голыя. Камфортна, калі ўмераная хваля, а дождж для нас зусім не перашкода: тая ж вада, толькі зверху. Гонкі адмяняюць толькі ў шторм.

— Падрыхтоўку матчасткі — паруса і дошкі — праводзяць самі спартсмены?

— Матчастка — гэта 50 працэнтаў поспеху, на бервяне ты не паедзеш, таму догляд, падпрацоўка дошкі пад сябе, — гэта велізарная частка падрыхтоўкі да спаборніцтваў, якой мы займаемся самі. Ідэальная матчастка можа падняць вынік спартсмена на 10—15 пазіцый.

А наогул яшчэ шмат момантаў, ад якіх залежыць поспех. Напрыклад, стратэгія. У залежнасці ад умоў надвор'я, ад заліва, у якім праходзіць рэгата, трэба правільна размеркаваць свае сілы па дыстанцыі, прадумаць тактыку праходжання гонкі. Перад спаборніцтвамі мы заўсёды знаёмімся з акваторыяй, дзе будзем выступаць. Важна вывучыць усе ўмовы, каб прыкладна ведаць, адкуль можа прыйсці вецер і куды ён пойдзе. Вядома, прысутнічае ў нашым відзе спорту і элемент удачы.

— Ці даводзілася сустракацца з кімсьці з марскіх жыхароў?

— Арганізатары не праводзяць спаборніцтвы ў акваторыі, дзе могуць быць акулы або касаткі, напрыклад. Самае небяспечнае, з чым я калі-небудзь сутыкаўся, — гэта водныя змеі, але калі ты не падаеш у ваду, то на дошку яны не залазяць. А так, дэльфіны — гэта нашы сябры. Часам назіраем, як яны мігруюць цэлымі групамі. Але дэльфіны не перашкаджаюць нам, абмінаюць. Самае цікавае, што бачыў, было ў знакамітай акваторыі Сан-Францыска. На дыстанцыі сустрэліся марскія коцікі. Яны вельмі смешна ляжаць на вадзе, дрэйфуюць, толькі калі падыходзіш бліжэй, яны ныраюць і знікаюць у вадзе.

— Калі вярнуцца да пачатку тваіх заняткаў парусным спортам, што цябе ў ім зацікавіла?

— У дзяцінстве займаўся многімі іншымі відамі спорту, але нідзе надоўга не затрымліваўся. Самым працяглым захапленнем, як ні дзіўна, былі шахматы. А ў парусны спорт прыйшоў зімой, таму некалькі месяцаў займаўся ў басейне і зале. Толькі ў маі выйшаў на ваду. Першы раз, напэўна, не забуду ніколі ў жыцці. Было складана, жудасна страшна. Калі дзьме моцны вецер, ты яшчэ малы, не спраўляешся, цябе зносіць далёка ад базы... Гэта такая методыка выкладання: ты павінен сам навучыцца вяртацца на бераг. Але, нягледзячы на страх, я захапіўся...

— Ведаю, акрамя спорту цябе цікавіць кіно. А кнігі чытаеш?

— Апошнім часам менш, але быў момант, калі чытаў шмат. Калі гаварыць пра кінематограф і літаратуру, я не паддаюся модным павевам, не люблю масавасць. Перш за ўсё цаню ў кіно і кнігах гісторыю. Лічу, што добрая кніга тая, якая прымусіла цябе задумацца, нават калі гэта дзіцячая казка.

— Што звычайна гучыць у тваіх навушніках?

— Я залежны ад музыкі, напрыклад, не магу ехаць у метро пад грукат колаў. Калі знаходжу нейкі трэк у пэўным стылі, пачынаю больш падрабязна яго вывучаць, глядзець, шукаць іншых выканаўцаў. Але нейкіх канкрэтных пераваг няма.

— Актыўны адпачынак падабаецца?

— Так, люблю ўсё, што на колах: веласіпед, круізер (дошка на колах), сноўборд, вядома, у мяне таксама ёсць.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?