Вы тут

Фільм «Ла-Ла Лэнд» выйшаў у айчынны пракат


Хоць у Галівуда няма манаполіі на мюзіклы, найлепшыя ўзоры жанру асацыююцца менавіта з амерыканскім кіно. «Тыя, што спяваюць пад дажджом» Джына Кэлі і з ім жа ў галоўнай ролі, «Вестсайдская гісторыя» з манхэтэнскіх падваротняў, фільмы Боба Фоса, якія ўжо сталі класікай, «Смешная дзяўчынка», «Чыкага», «Мулен руж» і нарэшце... «Ла-Ла Лэнд». Трыумфатар нядаўняй цырымоніі ўзнагароджання «Залаты глобус», якому абяцаюць яшчэ шмат перамог, упэўнена ўпісаўся ў традыцыю. Цяпер на нябёсах толькі і гавораць, што пра «Ла-Ла Лэнд» — карціна з Раянам Гослінгам і Эмай Стоўн у галоўных ролях пабіла пэўны рэкорд, калі ўзяла ўзнагароды ўсіх сямі намінацый «Залатога глобуса», на якія прэтэндавала. Нарэшце стужка выйшла ў пракат у Беларусі.


Малады рэжысёр Дэм'ен Шазэл скокнуў вышэй галавы яшчэ ў сваім папярэднім драйвовым фільме «Апантанасць». Ён вядомы беларускай публіцы: у 2014 годзе карціна атрымала «бронзу» Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» і з поспехам прайшла ў пракаце (што незвычайна, калі нашы кінатэатры паказваюць аўтарскае кіно). Сюжэт пра маладога барабаншчыка, што не азіраючыся ідзе за сваёй прафесійнай марай і прыносіць дзеля яе ахвяры, у чымсьці пераклікаецца з «Ла-Ла Лэнд», і гэта заканамерна: ідэя мюзікла ўжо ззяла ў рэжысёры, калі на шляху да рэалізацыі задуманага ён вырашыў зняць «Апантанасць». Атрымаўся зусім не прахадны фільм, а Дэм'ен Шазэл прыцягнуў да сябе ўвагу і прымусіў сваё імя гучаць шматабяцальна. І абяцанні спраўдзіліся.

«Ла-Ла Лэнд», як сапраўдны мюзікл, разліваецца па экране простай сюжэтнай лініяй — у гэтым жанры скрозь старлеткі на шляху да славы, кахання, мары, гісторыі поспеху.

Раман паміж Міяй, якая працуе афіцыянткай і марыць стаць актрысай, і Себасцьянам, што любіць джаз і хоча ўвасобіць дух сапраўднай музыкі ва ўласным клубе, вырашыў іх будучыню. І гаворка ідзе не пра сям'ю, дзяцей і загарадны дом, а пра той уклад, які пары робяць адзін у аднаго. Так, у іх абаіх, дарагой цаной, але ўсё атрымаецца. Просты, як зацяганая гісторыя Рамэа і Джульеты, сюжэт у Шазэла, дзякуючы тонкім дэталям, ненадакучлівым адсылкам (вы ўбачыце беглыя водгукі то аднаго, то іншага фільма, але «Ла-Ла Лэнд» традыцыяй не абцяжараны, а наадварот смела ўкладвае ў яе), цудоўнаму флэшбэку ва ўмоўным ладзе, выдатна разрастаецца ўшырыню.

У кранальнай гісторыі з па-свойму добрым фіналам можна і трэба смакаваць кожны эпізод, бо калі сюжэт і каштоўны ў сваёй цэльнасці, то яшчэ больш ён цікавы ў сваім натуральным цячэнні, прыгладжаных стыках паміж рэальнасцю і тэатральнасцю, у гэтым зачаравальным спалучэнні, у прыгажосці пачуццяў, якія перадаюцца ў тым ліку праз музыку Джасціна Гурвіца. Чаго вартая загалоўная песня «Сіtу Оf Stаrs»: толькі чытай душу герояў і дадатковыя сэнсы. Гэта мова мюзіклаў, спадарства.

Галоўныя героі (Раян Гослінг і Эма Стоўн склалі выдатную пару, а тыя, хто адмовіўся ад роляў, напэўна, кусаюць локці) ды іх навакольны свет спалучылі ў сабе сучаснасць і старую школу. З аднаго боку гэта атмасфера залатой эпохі Галівуда ці, хутчэй, усяго легендарнага, што ёсць у амерыканскай культуры, а з другога боку — сучаснасць, якая на ўсім гэтым грунтуецца і ад чаго жывіцца. Себасцьян на кабрыялеце «б'юік рыўера» 1982 года, які слухае вініл, любіць класічны джаз і марыць яго зберагчы ад павеваў сучаснай поп-культуры — нібы пасланец з мінулага. І Мія, якая водзіць сучасную «таёту», у антуражы кавярні, на праслухоўваннях і вечарынках — знак нашага часу. І ўсё ж кожны з гэтых персанажаў пацвярджае сувязь часоў — старамоднасць у сучаснасці, сучаснасць, заснаваная на традыцыі. Себасцьян далучаецца да тура з папулярным гуртом, Мія жыве па класічным сцэнарыі (які культываваў Галівуд) пра дзяўчынку з маленькага горада, што марыць аб вялікім кіно.

Мара тут — цудоўны свет. Ён можа належаць кожнаму з нас, толькі майце на ўвазе: ён патрабуе мужнасці і сілы.

«Ла-Ла Лэнд» вярнуў нас да той фабрыкі мрояў, якой Галівуд быў у сярэдзіне мінулага стагоддзя, і сам стаў фільмам, што ўзнавіў мару, легенду і ўвесь гэты джаз. Дэм'ен Шазэл узяў штосьці з 30-х, 50-х, 80-х гадоў мінулага стагоддзя, змясціў усё гэта ў нашы дні і нагадаў пра вялікую містыфікацыю Галівуда. Толькі «ода ўсім летуценнікам» фільм «Ла-Ла Лэнд» робіць мару не містычнай, а рэальнай. Так, рамантычная гісторыя расказвае не толькі пра каханне, а песні спяваюцца не толькі дзеля забавы.

Дзіўная карціна Дэм'ена Шазэла становіцца асалодай для ўсіх органаў пачуццяў, для непрадузятых гледачоў і для тых, хто захоча эстэцкіх штучак. У мінскім пракаце «Ла-Ла Лэнд» будзе паказвацца да 1 лютага. Інтрыгай застаецца лёс фільма на 89-й цырымоніі ўзнагароджвання «Оскар», якая адбудзецца 26 лютага.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Чуллівая «ода летуценнікам

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.