Вы тут

У Руане праходзіць 25-ы чэмпіянат свету па гандболе


Французы ўжо не першы раз прымаюць найбуйнейшыя сусветныя спартыўныя мерапрыемствы. За іх плячыма Алімпійскія гульні, чэмпіянаты свету і Еўропы. Вопыт дае аб сабе знаць, на камфортнай руанскай Кіндарэне, дзе выступаюць нашы гандбалісты, усё вельмі выразна, без мітусні і непатрэбнай бегатні. Такая педантычнасць нават трохі палохае — паліцэйскія з аўтаматамі размяшчаюцца па перыметры ўсёй арэны, а сек'юрыці сочыць за кожным крокам не толькі балельшчыкаў, але і журналістаў, якія тут працуюць.


Кіндарэна, да якой ужо паспелі прывыкнуць каманды групы С, уяўляе сабой даволі камфортны, утульны спартыўны аб'ект і змяшчае каля 6 тысяч балельшчыкаў. Прыхільнікаў нашай зборнай не шмат, крыху больш за 40 смельчакоў дабраліся да гістарычнай сталіцы Нармандыі. Менш, мабыць, толькі прадстаўнікоў Чылі і Саудаўскай Аравіі. Самая шматлікая тарсіда прыбыла з Германіі, іх лік укладаецца ў некалькі тысяч чалавек. Дарэчы, квіткоў на некаторыя матчы нямецкай зборнай не было яшчэ да пачатку чэмпіянату, цяпер шчаслівы пропуск на арэну знайсці наогул практычна не рэальна.

Аднак атмасфера свята і вялікага гандбола ў горадзе пакуль адчуваецца не так ярка. Напрыклад, беларускія заўзятары скардзяцца на руанскія фанзоны. Цэны на прадукцыю там не- маленькія, сувенірны гандбольны мяч, напрыклад, можна набыць за 30 еўра, тэматычная майка абыдзецца ў 15—20 еўра, каб перакусіць і выпіць самага фанацкага напою — піва — прыйдзецца выдаткаваць мінімум 10 еўра. Беларусы, якія прывыклі да насычанай забаўляльнай праграмы на матчах мінскага СКА і брэсцкага БГК, здзіўлены і тым, што не знайшлі падобнага ў Руане — ні конкурсаў, ні розыгрышаў прызоў для аматараў спорту тут няма.

Усё гэта адыходзіць на другі план, калі на пляцоўку выходзіць наша зборная. Каб адчуваць сябе больш-менш камфортна, падапечным Юрыя Шаўцова неабходна было ўзяць ачкі ў першых двух сустрэчах са зборнымі, якія загадзя выглядалі аўтсайдарамі групы, — Чылі і Саудаўскай Аравіі. Аднак выканаць гэты план атрымалася толькі на 50 працэнтаў. Стартавы паядынак супраць чылійцаў нашы прайгралі. У вырашальныя моманты матчу адбіліся нявопытнасць маладых гульцоў, страты і дрэнная рэалізацыя галявых момантаў у нападзенні. Пасля гульні каманда была чарнейшай за хмары, што навіслі ў гэтыя дні над Руанам.

— Цяжка знайсці адпаведныя словы. Гэта была складаная гульня. Далей будзем старацца выйграваць і забіраць свае ачкі, — адзначыў Арцём Каралёк, які стаў самым выніковым у тым матчы, закінуўшы 10 мячоў.

Пасля паражэння ад чылійцаў 28:32, наша зборная сустрэлася з камандай Саудаўскай Аравіі. У гэтым матчы ўсё склалася па іншым сцэнарыі. Беларусы захапілі перавагу ў некалькі мячоў са старту, аднак адарвацца на камфортную колькасць галоў не маглі ўсю гульню, аж да фінальных хвілін матчу, што, мабыць, выклікала ў душы балельшчыкаў яшчэ больш трывогі, чым папярэдняе паражэнне. У выніку першая і вельмі складаная перамога на турніры — 29:26.

— Для нас гэта была вельмі цяжкая гульня, хоць каманда змагалася да канца, як і ў стартавым матчы чэмпіянату свету. Сапернікі даставілі нам шмат праблем у абароне, хлопцы часта не паспявалі за іх маленькімі, лёгкімі гульцамі.Таму па ходзе матча я мяняў спалучэнні, каб знайсці проціяддзе, — адзначыў пасля гульні галоўны трэнер беларусаў Юрый Шаўцоў.Пасля чылійцаў з камандай была дзелавая, сур'ёзная размова, таму хлопцы выйшлі на гульню звышматываванымі. Памылкі здараюцца, але турнір не заканчваецца, мы павінны гуляць далей, думаць пра тое, што яшчэ будзе. Шанцы не страчаныя, усё застаецца ў нашых руках.

Позна ўвечары адбыўся трэці матч нашай зборнай на турніры, у якім беларусы сустрэліся са зборнай Харватыі, адным з фаварытаў турніру.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Трывожная гульня ў Нармандыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».