Вы тут

Ва УУС Віцебскага аблвыканкама падвялі вынікі дзейнасці за 2016 год


У прыватнасці, раскрыта больш за 170 злачынстваў мінулых гадоў. Дзякуючы сучасным магчымасцям экспертызы — нават злачынства, здзейсненае аж у 1991 годзе.


Тады ў канцы верасня без вестак пасля ўрокаў знікла 7-гадовая школьніца. На трэці дзень пошукаў у гаспадарчай забудове на тэрыторыі віцебскай СШ № 3 знайшлі яе цела ў мяшку.

— На дзяўчынцы не было абутку, калготак, ніжняй бялізны... Устанавілі, што яе задушылі. Да гэтага было згвалтаванне. З цела ўзялі біялагічны матэрыял гвалтаўніка. Але ў той час па ім змаглі ўстанавіць толькі групу крыві, — расказвае Віктар СЯНЬКО, генерал-маёр міліцыі, начальнік упраўлення ўнутраных спраў.

На жаль, нямецкія і расійскія эксперты не змаглі дапамагчы. Расследаванне застопарылася. Толькі праз 25 гадоў супрацоўнікі крымінальнага вышуку ўстанавілі асобу вінаватага. Ім аказаўся зваршчык брыгады будаўнікоў, якая праводзіла рамонт у школе. Але прыцягнуць злачынцу да адказнасці не атрымалася — ён скончыў жыццё самагубствам у 2005 годзе. Менавіта тады пры анатаміраванні ўзялі біялагічныя ўзоры яго крыві...

Многіх хвалюе,  ці шмат злачынстваў здзяйсняюць іншаземцы? Толькі каля 3%. І прыблізна 75% з усіх 231 злачынства не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі...  Пры гэтым на працягу 5 гадоў колькасць замежнікаў, якія пражываюць у Віцебскай вобласці, няўхільна расла.

— Значны прырост прыйшоўся на 2014—2015 гады — за кошт прыезджых з Данецкай і Луганскай абласцей. На сёння колькасць іншаземцаў, якія пастаянна пражываюць у вобласці, крыху знізілася — гэта ў асноўным тлумачыцца вяртаннем грамадзян Украіны на радзіму, — працягвае начальнік УУС.

Ці паўплывала пазалеташняя амністыя, праведзеная ў сувязі з юбілеем Перамогі, на павелічэнне колькасці злачынстваў? Усяго з папраўчых устаноў Віцебшчыны вызвалілі больш за 260 чалавек. Для параўнання на ўліку летась было каля 4 тысяч асуджаных да пакаранняў, не звязаных з ізаляцыяй ад грамадства. Плюс 7 тысяч, якія маюць судзімасць, і за імі ажыццяўляўся кантроль пасля вызвалення.

— На рахунку вызваленых па амністыі 23 злачынствы — менш за 1% ад здзейсненых тымі, хто мае судзімасць. Няма цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, — удакладняе Віктар Сянько.

Наконт парушальнікаў закона сваімі ж: тут 9 злачынстваў. У прыватнасці, хабар, незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць... Іх учынілі тры супрацоўнікі (як і ў 2015-м). Выяўлена 8 фактаў кіравання аўто ў нецвярозым стане. Вінаватыя звольнены з органаў унутраных спраў.

Паводле слоў суразмоўніка, адпаведныя факты не ўтойваюцца. І галоўнае, каб сярод міліцыянераў былі толькі сумленныя людзі. Гэта прынцыповая пазіцыя кіраўніцтва МУС.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Служба дні і ночы

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.