Вы тут

Як «Вікінг» інтэрпрэтуе гісторыю Х стагоддзя


У той час, як на вялікія экраны выйшаў «Раrtу-zаn фільм», у пракаце з'явілася амбіцыйная расійская карціна «Вікінг», якая расказвае пра слаўны шлях «Хрысціцеля зямлі рускай» князя Уладзіміра. І калі фільм Андрэя Курэйчыка адкрыта гаворыць пра сучаснасць, у гістарычным «Вікінгу», што вяртаецца ў Х стагоддзе, таксама нямала актуальнага. Толькі яно тут выяўляецца ў спосабе інтэрпрэтаваць гістарычны матэрыял. Маштабны праект, работа над якім заняла сем гадоў, завяршыў расійскі Год кіно з пафасам і размахам, а беларускія гледачы атрымалі магчымасць убачыць у кінатэатрах фільм, які зняты ў Расіі, але закранае нашу агульную гісторыю.


Вакол карціны падняўся шум. «Вікінг» стаў адным з самых дарагіх праектаў у Расіі апошняга часу: на яго здымкі было выдаткавана каля 19 мільёнаў еўра (для параўнання: бюджэт «Вучня» Кірыла Сярэбранікава склаў прыкладна мільён еўра і крыху больш каштавала «Заалогія» Івана Твярдоўскага). На ролю князя Уладзіміра запрасілі аднаго з самых запатрабаваных сучасных расійскіх акцёраў Данілу Казлоўскага, якім значную частку хронаметражу проста любаваліся: пад велічную музыку герой абдуваецца вятрамі, глядзіць удалячынь і думае пра быццё. Ролі ў фільме таксама выканалі Святлана Ходчанкава, Ігар Пятрэнка, Максім Суханаў і іншыя вядомыя персоны суседскай кінематаграфіі.

Па ўсім відаць, гэта важны і сімвалічны праект для суседняй краіны, але ці патрэбны ён нашаму пракату? Хаця, безумоўна, цікава назіраць за тым, як скупую інфармацыю, вядомую аб нашых землях у Х стагоддзі, пра Уладзіміра, Рагнеду і Кунігунду Арламюндскую, то-бок Ірыну, інтэрпрэтуюць у эпічным фільме пра Хрысціцеля Русі. Асоба Уладзіміра, які, як вядома, забіў першага гістарычна вядомага полацкага князя Рагвалода і сілай узяў замуж князёўну Рагнеду, — досыць спрэчная. Тут вам і гарэм з 800 жанчынамі, і братазабойства, і яго праславутая жорсткасць. У фільме ж з яго зрабілі велікадушнага рамантызаванага героя, а злачынствы, якія яму традыцыйна прыпісваюцца, у тым ліку забойства брата Яраполка, у фільме здзяйсняюцца нібыта без ягонага кіраўніцтва і ўдзелу.

Рагнеда ж, пра пострыг якой вядома з летапісаў, у фільме — заўзятая язычніца, якая абмазвае твар крывёй прынесеных у ахвяру жывёл і ў такім выглядзе з'яўляецца ў шлюбны ложак. Ніхто, канешне, сёння не ручаецца за яе бурную маладосць, але крыўдна бачыць, як з вобразу духоўна непакоранай полацкай князёўны, якой яна нам скрозь стагоддзі ўяўляецца, стварылі бляклую, капрызную гераіню. Сумяшчэнне ў адным фільме сцэн, у якіх Уладзімір гвалтуе Рагнеду на вачах яе бацькоў, якіх потым забівае, і закаханасці князёўны ў свайго гвалтаўніка — вядома, глупства. У гэтым сюжэце спроба Рагнеды забіць Уладзіміра тлумачыцца рэўнасцю. Прыгожа атрымліваецца, што Уладзімір узяў Полацк і фізічна, і духоўна — заваяваў і горад, і сэрца яго князёўны.

Вядома, не можа быць, каб жанчыны не ўлюбляліся ў такога кінагероя. Рагнеда, Ірына (жонка Яраполка, якога забілі на вачах Уладзіміра) аказаліся заваяваныя, як і гарады, да якіх падступаў князь. На працягу ўсяго фільма падкрэсліваецца асаблівасць і ўзвышанасць князя над дзікім народам, якому той у выніку правядзе татальны лікбез.

У «Вікінгу» больш відовішчнасці, чым праўды, якая з лёгкасцю зневажаецца каб дагадзіць інтарэсам сцэнарыстаў, якія дадаюць у фільм значную долю выдумкі і гуляюцца з летапісамі, фактамі і асобамі на сваё меркаванне. Але нават калі апусціць гэту неадпаведнасць і дазволіць аўтарам на гістарычны каркас нанізаць сваё мастацкае бачанне, усё роўна відавочна, як неасцярожна і свавольна яны абыходзяцца з нашай агульнай гісторыяй, як яны прысвойваюць сабе на яе ж аўтарскія правы, як разыгрываюць драму дзеля сваіх інтарэсаў. Здымачная група кіравалася жаданнем стварыць, па-першае, нешта адпаведнае кан'юнктуры, а па-другое, як мага больш эфектнае і ўражальнае.

Пры праглядзе трэба мець пры сабе маральнае проціяддзе супраць нібыта гістарычнага фільма. Гэтым проціяддзем можа стаць веданне таго, што Уладзімір належаў да тых жа самых «бязлітасных дзікуноў», ад якіх паходзім усе мы.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Адвольна заснаваны на рэальных падзеях

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».