Вы тут

Калядны дабрачынны баль кнігі завяршыўся ў Шклове


Сабраныя ад продажу кніг на дабрачынным аўкцыёне сродкі перададзеныя дзецям з парушэннямі зроку.

Калядны дабрачынны баль кнігі, які адбыўся ў снежні ў Мінску, прыгожа завяршыўся ў Шклове. Сабраныя падчас яго сродкі атрымала Шклоўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку. Сертыфікат на суму каля шасці тысяч рублёў дырэктару ўстановы Інзе Аляксандравай уручыла міністр інфармацыі Лілія Ананіч. Калядны дабрачынны баль кнігі, арганізатарам якога з'яўляецца Міністэрства інфармацыі, — частка вялікага дабрачыннага свята пад назвай «Нашы дзеці». Гэты праект праводзіўся напярэдадні Новага года ўжо 5-ы раз.


У інтэрнаце жывуць і вучацца 90 дзяцей з Магілёўскай і Віцебскай абласцей. І хаця ў большасці з іх сур'ёзныя праблемы са зрокам, кнігу тут любяць і паважаюць. Дзеці з задавальненнем чытаюць па Брайлі і вельмі цесна працуюць з камп'ютарнымі варыянтамі кніг.

— Выдаўцам трэба ўзяць на заметку, што ёсць патрэба ў адукацыйнай літаратуры для такіх вось спецыялізаваных устаноў, — адзначыла міністр, заўважыўшы, што летась у краіне было выдадзена 20 найменняў кніг па Брайлі.

Шклоўская школа-інтэрнат была выбрана для дабрачыннасці не выпадкова. Менавіта Магілёўшчына ініцыявала летась стварэнне ўнікальнага кніжнага праекта «Спірыдон Собаль і вытокі магілёўскага кнігадруку». Таму ўсе грошы, сабраныя падчас балю, вырашана было перадаць адной з устаноў вобласці.

Падчас наведвання школьнай бібліятэкі з боку дырэктара ўстановы прагучала жаданне купіць для патрэб навучэнцаў электронны павелічальнік. Адзін тут ужо ёсць, але гэтага недастаткова. Лілія Ананіч падтрымала гэтую прапанову. Тым больш што дабрачынныя грошы якраз і прызначаюцца для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы школы-інтэрната.

— Беларусь далучылася да Канвенцыі па правах інвалідаў і робіць усё магчымае, каб такія ўстановы, як Шклоўскі дом-інтэрнат, маглі развівацца. Трэба больш увагі ўдзяляць рэгіёнам, цікавіцца іх патрэбамі, — заўважыла міністр.

У якасці падарунка дзеці таксама атрымалі літаратуру, у тым ліку і па Брайлі, і аўдыякнігі. У іх была магчымасць задаць пытанні пісьменнікам Алесю Бадаку, Алене Стэльмах і іншым.

Міністр інфармацыі таксама наведала рэдакцыю шклоўскай раённай газеты «Ударны фронт». Яна высока ацаніла вопыт работы гэтай установы.

— Мне падабаецца, як развіваецца раённая прэса, — падкрэсліла яна. — Растуць яе тыражы, папулярнасцю карыстаецца інтэрнэт-версія. Наогул, на базе рэдакцыі рэалізуецца добры мультымедыйны праект, які дазваляе вырашаць шматлікія пытанні. Тут адначасова функцыянуюць газета, сайт і тэлестудыя. Гэты перадавы вопыт трэба браць на ўзбраенне.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulуа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Кніжны баль завітаў у Шклоў

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Студэнцкі попыт на кошт арэнды жылля амаль не паўплываў

Студэнцкі попыт на кошт арэнды жылля амаль не паўплываў

Спецыялісты адзначаюць: добра яшчэ, што рынак выжыў.

Грамадства

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

У падтрымцы звычайна маюць патрэбу ўсе жывыя людзі ў складаныя перыяды жыцця.

Культура

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Як хлапчук з беларускай глыбiнкi здолеў паступiць у Маскоўскае мастацкае вучылiшча iмя Калiнiна?