Вы тут

Ці павінен ветурач прадпрыемства лячыць жывёл на прыватным падворку?


Адказ з міністэрства ўнёс мала яснасці ў гэтае пытанне.

У нумары «Звязды» ад 7 снежня мінулага года ў рубрыцы «Пытальнік» быў змешчаны матэрыял «Карова прыватная. А клопат пра яе? Ці павінен ветурач сельгаспрадпрыемства аказваць дапамогу хворай жывёле з падворка вяскоўца». Падставай для яго падрыхтоўкі стала скарга Галіны Аляксандраўны Ягоравай з вёскі Карацк Клецкага раёна. Амаль за год да ліста заяўніцы ў рэдакцыю ў яе здарылася бяда: загінула карова. Па словах жанчыны, у пэўнай ступені ў тым быў вінаваты ветурач мясцовай гаспадаркі, які быццам бы адмовіўся дапамагчы. І яго напачатку за гэта пакаралі, але потым спагнанне пракурор... адмяніў. Сам ветурач выказаў нязгоду з першапачаткова прызначаным штрафам, зазначыўшы, што ён і не павінен быў аказваць ветэрынарную дапамогу жывёле жыхарцы вёскі, «паколькі я з'яўляюся работнікам юрыдычнай асобы і за стан і лячэнне скаціны, размешчанай на прыватным падворку, я не адказваю».


Канешне, заяўніцы варта было найперш звяртацца па дапамогу ў мясцовую раённую ветэрынарную станцыю, але, паводле яе слоў, там быў выхадны. Праўда, прадстаўнікі апошняй заявілі нам, што падчас выхадных у іх арганізавана дзяжурства. Тым не менш пытанне, вынесенае ў падзагаловак матэрыялу заставалася: ці павінен ветурач сельгаспрадпрыемства аказваць дапамогу жывёле з прыватных падворкаў насельніцтва, якое пражывае ў адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы? Пагадзіцеся, ветстанцыя ветстанцыяй, але вясковы чалавек здаўна прывык звяртацца па дапамогу да таго спецыяліста, які жыве і працуе побач. І ў гэтым кантэксце праблема выходзіла за рамкі асобна ўзятай скаргі канкрэтнай заяўніцы, бо ў такую ж сітуацыю можа трапіць любы іншы ўладальнік каровы ў любым кутку краіны. Таму рэдакцыя і паспрабавала разабрацца ў ёй.

Адразу прызнаемся, што зразумелага адказу (як і ў свой час самой заяўніцы Галіне Аляксандраўне) атрымаць не ўдалося. Выходзіла так, як тлумачылі работнікі Клецкай раённай ветэрынарнай станцыі, што гэтае пытанне павінна было быць прапісаным у калектыўным дагаворы сельгаспрадпрыемства: як, на якіх умовах трэба абслугоўваць насельніцтва. Вось, падавалася б, і рашэнне праблемы! Аднак тут жа высветлілася, што сельгаспрадпрыемства, дзе працаваў ветурач, які быццам бы адмовіўся дапамагчы жыхарцы вёскі ў яе бядзе, — замежнае. Іншымі словамі, выходзіла, што на яго тыя запісы ў калектыўным дагаворы не распаўсюджваліся, і спецыяліст меў права адмовіць заяўніцы ў яе просьбе.

Яшчэ мы даведаліся, што з 1995 года ў краіне дзейнічаў Ветэрынарны кодэкс, у якім было прапісана, што ветурач гаспадаркі павінен аказваць дапамогу насельніцтву, якое пражывае ў адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы. Аднак у 2014 годзе яго адмянілі, а новага дагэтуль няма. Карацей, пытанні ўзнікалі, а адказаў на іх па-ранейшаму не было: цягам двух тыдняў так і не атрымалася датэлефанавацца да спецыялістаў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, каб яны пракаментавалі сітуацыю не столькі ў кантэксце канкрэтнага здарэння з каровай жыхаркі вёскі Карацк, а ўвогуле. Марна, трубку так і не знялі. Таму рэдакцыя мусіла накіраваць надрукаваны матэрыял на рэагаванне ўжо поштай. Нарэшце мы атрымалі адказ. Прыводзім яго цалкам...

«У адпаведнасці з артыкулам 25 Закона Рэспублікі Беларусь ад 2 ліпеня 2010 года «Аб ветэрынарнай дзейнасці», ветэрынарныя паслугі аказваюцца юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія маюць спецыяльны дазвол (ліцэнзію) на ажыццяўленне ветэрынарнай дзейнасці, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі, а таксама дзяржаўнай ветэрынарнай службай. Непасрэднае аказанне ветэрынарных паслуг ажыццяўляюць спецыялісты ветэрынарнай службы.

Па стане на 29.12.2016 года 65 арганізацыям прыватнай формы ўласнасці выдадзены спецыяльны дазвол (ліцэнзія) на права ажыццяўлення ветэрынарнай дзейнасці, што ўключае работы і паслугі па дыягностыцы, прафілактыцы захворванняў і лячэнні сельскагаспадарчых жывёл, жывёльных кампаньёнаў, жывёл, якія выкарыстоўваюцца ў культурных мерапрыемствах, заапарках, цырках, звярынцах, службовых і лабараторных жывёл.

Аказанне платных ветэрынарных паслуг дзяржаўнай ветэрынарнай службай ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Палажэннем аб парадку аказання платных ветэрынарных паслуг дзяржаўнай ветэрынарнай службай, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27.06.2012 года №594.

У выпадку захворвання свойскіх жывёл уладальнік можа звярнуцца па аказанне ветэрынарных паслуг у раённую ветэрынарную станцыю адпаведнага раёна ці яе ўчастковую ветэрынарную лячэбніцу, або ў арганізацыю прыватнай формы ўласнасці.

Дэпартаментам ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання прапанавана камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкамаў перыядычна інфармаваць насельніцтва краіны праз сродкі масавай інфармацыі аб парадку зваротаў грамадзян па аказанне ветэрынарных паслуг у выпадку захворвання іх свойскіх жывёл».

Уважлівы чытач зразумеў: чаканых адказаў мы так і не атрымалі. Дадзена толькі агульная інфармацыя, а канкрэтнае пытанне — дык ці павінен ветурач сельгаспрадпрыемства аказваць дапамогу скаціне з прыватнага падворка — так і павісла ў паветры...

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Чыя карова, таго і клопат пра яе?

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.