Вы тут

Казкі для дзяцей


Добры зайцоў звычай

Вясной у зайчыхі вывеліся першыя зайчаняты. Вунь белыя клубочкі сядзяць пад кустом. Здалёку — нібы гурбачкі снегу. Затаіліся зайчаняткі. І дрыжаць — ад холаду і голаду. Хіба мала ворагаў у зайцоў? Дзе цяпер іх мама?

Адзін паратунак для малых — добры зайцоў звычай. Якая б зайчыха ні бегла тут, спыніцца. І напоіць іх цёплым тлустым малаком.

Бо, можа, і яе дзетак цяпер корміць іншая зайчыха-маці.


Чаму месяц без вопраткі ходзіць?

Захацеў неяк Месяц пашыць сабе ўбранне. Пайшоў да краўца. Зняў кравец з яго меркі.

— Прыходзь, — кажа, — праз тыдзень.

Мінуў тыдзень. Прымярае Месяц адзенне. Ды дзе там! Вузкае, цеснае. «Відаць, памыліўся», — падумаў кравец. І зноў кажа Месяцу:

— Прыходзь праз тыдзень.

Пашыў кравец. Сядзіць, чакае. Аж тут коціцца па небе Месяц. Круглы, вялікі. Тут і без прымеркі відаць: вопратка будзе малая.

Разгубіўся кравец і кажа:

— Не магу табе, Месяц, убранне пашыць. То ты як сярпок. То ў палавіне. А цяпер — у поўні. Ніколі не будзе табе ўбранне якраз.

Так і застаўся Месяц без вопраткі.

Анатоль КЛЫШКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.