Вы тут

Колькі каштуе бясплатная спа-працэдура?


— Салон «Д...» запрашае вас на бясплатную спа-працэдуру па доглядзе за тварам, — пачула я прыемны голас раніцай у панядзелак.

— З чаго такі раскошны падарунак? — скептычна спытала я, бо ўвогуле не веру ў «бясплатны сыр».

— Ваш нумар пакінуў нехта са знаёмых.

(Дарэчы, на дамашні тэлефон мне ўжо каторы раз звоняць і прапануюць то бясплатна адрэгуляваць вокны, то прадыягнаставаць камп'ютар. Як правіла, за гэтым «хаваецца» звычайная рэклама і навязванне нечага набыць). Інтуіцыя «падказала», што можна натрапіць на цікавую інфармацыю для будучага матэрыялу, і я згадзілася.


Дзеянне першае: драма

Бізнес-цэнтр. Спа-салон на 10-м паверсе. Мяне сустрэлі шыкоўная абстаноўка з белымі скуранымі канапамі, вялікі тэлевізар на сцяне, гучная музыка. Ветлівая дзяўчына на рэсэпшэне папрасіла пачакаць. Дарэчы, чакаць давялося паўгадзіны. За гэты час прыйшло яшчэ 6 жанчын на адпаведную бясплатную працэдуру. Шчыра кажучы, усе яны былі мала падобныя на тых, каму такія працэдуры па кішэні. Завітала і пастаянная кліентка, вакол якой замітусілася касметолаг, — пабегла рабіць каву.

Нарэшце і за мной прыйшла маладая дзяўчына ва ўніформе, як у медыка. На бэйджы напісана «Елізавета», ніякай спецыялізацыі не значылася. Яна правяла мяне ў адзін са шматлікіх кабінетаў. Усяго іх было, здаецца, штук трыццаць, не менш.

Спачатку гаварылі пра тыя праблемы са скурай, якія хвалююць мяне. Потым разглядалі мой твар у вялікім люстэрку. Аказваецца, што, акрамя, як мне падалося, маленькіх недахопаў, у мяне, насамрэч, расшыраныя поры, высыпанне, нераўнамерны колер скуры, ужо пасяліліся «гусіныя лапкі» вакол вачэй, і ў 29(!) гадоў звісае скура на ніжняй зоне.

Дарэчы, я кожны дзень гляджуся ў люстэрка і нічога адпаведнага не прыкмячала. Да таго ж я разумела, куды іду, і была псіхалагічна падрыхтаваная, таму крытычныя заўвагі мяне не кранулі. Але я ўпэўнена, што любая іншая жанчына на маім месцы засмуцілася б і пачала мітусіцца.

Яшчэ мая кансультант вельмі красамоўна паведаміла, якія далейшыя ўзроставыя «перспектывы» мяне чакаюць, калі не пачынаць догляд ужо зараз. Карацей, хібаў шмат, а таму мне абавязкова патрэбна дапамога іх салона, дзе выкарыстоўваюць цудадзейную касметыку ізраільскага паходжання.

Коратка, хвілінак 15, мне падрабязна расказвалі пра тую самую касметыку. Дакладней, Лізавета называла яе «касмецэўтыкай», бо яна працуе на дэрмальным узроўні, гэта значыць, на самых глыбінных слаях скуры. Галоўнае адрозненне ад іншых крэмаў і масак — 97 працэнтаў натуральных кампанентаў — адсюль і цудадзейнасць: і маршчынкі разгладзіць, і вільготнасць скуры павысіць, і правільна сальныя залозы «працаваць» навучыць.

Каб упэўніцца ў асаблівых уласцівасцях іншаземных сродкаў, мы перайшлі да практыкі. Ачысцілі скуру ад змярцвелых клетак, нанеслі маску, потым крэм з залатымі часцінкамі і ўрэшце апрацавалі ўльтрафіялетам. Між іншым, Лізавета спытала, ці ведаю я, колькі каштуе адпаведная працэдура ў іх салоне. Назвала суму ў 200 рублёў новымі грашыма. І адразу паказала прайс — прапанавала купіць набор касметыкі за 2290 рублёў, а таксама апарат за 210 рублёў і гадавы курс абслугоўвання за 180 рублёў у месяц. Дарэчы, касметыкі хопіць на год, а то і паўтара. Якім чынам такі доўгі тэрмін будзе захоўвацца касметыка амаль з поўнасцю натуральных кампанентаў, засталося патаемным. Прадугледжвалася і растэрміноўка на 3 і 6 месяцаў.

Дзеянне другое: цуд адбыўся!

— А вы карыстаецеся такой касметыкай? — запытала я Лізавету. — Яна адказала, што так. — Вашай зарплаты хапае на гэта? — Не, але я назбірала грошай, — быў адказ.

Скончылі.

— Хуценька пабеглі глядзець у люстэрка, — падганяла Лізавета. Па яе словах, эфект — неверагодны, ужо прыкметны. Шчыра кажучы, твар выглядаў пасвятлеўшым, свежым. Раптам выявілася, што якраз сёння мяне чакае шмат скідак і бонусаў.

— Вам што-небудзь падыходзіць? — запытала Лізавета, зноў палажыўшы перада мной прайс.

— Мне цана не падыходзіць, — адрэзала я.

— Вельмі шкада, што губляеце такія выгадныя ўмовы, — нібы здаўся мой кансультант.

Якраз вызваліўся кабінет камп'ютарнай дыягностыкі, і мяне павялі на тэсціраванне. Пачалі параўноўваць апрацаваную і неапрацаваную часткі твару.

— Так, бачу, вы рабілі чысткі, — задуменна вымавіла дыягност, нібы варажбітка. (Дарэчы, пра чысткі я сама сказала, калі мне тэлефанавалі.) Рубцы... усё праявіцца на твары... гармон... перабудова арганізма... шмат меланіну... мала вільгаці... незваротны працэс, — без перапынку сыпала гучнымі словамі маладая дзяўчына з наяўнымі скурнымі праблемамі на твары.

Цікава, чаму яна сама не карыстаецца гэтымі сродкамі і не робіць працэдуры, калі так добра ўпэўнівае ў іх лячэбным эфекце? На гэтае пытанне Лізавета таксама не дала мне выразнага адказу.

Дзеянне трэцяе: зноў драма

Калі вярнуліся ў кабінет — зноў удача! Мне прапанавалі комплекс па доглядзе за скурай, які каштуе ўдвая танней, накіраваны больш на ачышчэнне і падыдзе менавіта мне.

Пакуль апрацоўвалі другую палову твару, я пачула жахлівую гісторыю пра пацыентку, якая не згадзілася на паслугі салона, і ў яе палопаліся сасуды на твары, у выніку чаго той стаў сінім, як у п'яніцы, і жанчыну звольнілі з працы. Ну, нейкі зусім адчайны ход.

Калі і пасля гэтага «арэшак не раскалоўся», наведалася «цяжкая артылерыя» — прыйшоў дырэктар з папрокам: «Як гэта вы не хочаце дапамагчы самой сабе? Гэта ж глупства!» Усе мае тлумачэнні, што ў мяне проста няма такіх грошай, ён не разумеў і працягваў наводзіць жах.

— Калі няма грошай, каб выправіць праблемы са скурай, — гэта яшчэ не канец свету. Што рабіць, калі ў маці смяротна хварэе дзіця?.. — былі яго апошнія словы.

Я хутка развіталася і бягом адтуль, правёўшы ў салоне дзве з паловай гадзіны.

Замест эпілога

У ліфт зайшла разам з немаладой жанчынай.

— Вы пастаянны кліент? — спытала яна мяне.

— Не, прыходзіла на бясплатную працэдуру, — усміхнуўшыся, адказала я.

— Я некалі таксама вось так прыйшла... — сумна пачала мая субяседніца і расказала, як некалькі месяцаў таму спакусілася на «выгадныя» ўмовы і набыла чамаданчык з «чароўнымі» сродкамі. Але дома дзеці «адкрылі вочы», і пасля доўгіх напружаных перамоў салон ўсё ж такі згадзіўся забраць касметыку назад.

На самай справе такіх «ахвяр» вельмі шмат, аб чым красамоўна кажуць сацыяльныя сеткі, ужо нават створаны групы «пацярпелых» ад бясплатных працэдур. Адны лічаць гэта махлярствам, іншыя сцвярджаюць, што кансультанты салонаў карыстаюцца гіпнозам. А гэта ўсяго толькі тонкі псіхалагічны ціск, але вельмі жорсткі, трэба сказаць. Дарэчы, такіх спа-салонаў у Мінску ўжо некалькі, аператары тэлефануюць з розных нумараў, назвы салонаў і касметычных сродкаў таксама часта мяняюцца.

Будзьце пільныя, і хопіць спадзявацца на «бясплатны сыр»!

Яна ЛЫЧКОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Колькі каштуе спа-працэдура?

Каментары

Аўтар - малайчына! Менавіта з салона "Д..." мне таксама часта званілі. На жаль, галоўная мэта такіх "чараўнікоў прыгажосці" - не зрабіць жанчын лепшай і "пасвяжэлай", а зарабіць грошы. І гэта вельмі і вельмі прыкра.
Мне тоже постоянно названивали. Но я купилась на их предложения. Подруга сходила, ей на половину лица нанесли косметику так и отправили домой. Либо покупай набор!!! Обман! Будьте бдительны и не поддавайтесь на уловки такого рода!
Спасибо за статью, за то, что остерегаете людей от мошенников!!!

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.