Вы тут

У Жабінцы адкрылі першы ў раёне дом сямейнага тыпу


Сюды пераехала сям'я Алены і Віктара Янушаў з пяцярымі дзецьмі ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў. Наваселле адзначылі перад самымі Калядамі.


Фо­та Аляк­санд­ра ШУЛЬ­ГА­ЧА.

Але прыёмныя дзеці з'явіліся ў гэтай сям'і даўно. Алена Віктараўна і Віктар Рыгоравіч выгадавалі абедзвюх сваіх дачок. Адна з іх ужо працуе настаўніцай, другая ва ўніверсітэце атрымлівае спецыяльнасць педагога-псіхолага. Дзяўчынка Саша з'явілася ў іх доме, як толькі пайшла ў першы клас, зараз Аляксандра вучыцца ў шостым. Потым узялі Руслана, цяпер яму 14 гадоў, затым — Юру. Такім чынам сям'я функцыянавала як прыёмная з 2010 года. Муж і жонка Янушы маюць свой дом. Але ў ім яны змаглі прыняць толькі траіх дзяцей. А вялікая сям'я стала магчымай з узвядзеннем новага двухпавярховага прасторнага дома. Нядаўна іх сямейны калектыў вырас — яго папоўнілі Маша і Арцём.

І ўжо навагоднюю ёлку прыбіралі ўсе разам у доме па вуліцы 17 Верасня. Каб свята ў гэтай хаце атрымалася цёплым і камфортным, пастараліся будаўнікі Жабінкаўскай ПМК-10. Яе начальнік Мікалай Шпакоўскі ўручыў навасёлам сімвалічны ключ.

Як звычайна і бывае, на наваселле прыехала шмат гасцей. Вядома, з падарункамі. Старшыня Брэсцкага абласнога Савета Сяргей Ашмянцаў падарыў сям'і два веласіпеды, старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі — ноўтбук. Былі таксама прэзенты ад спонсараў, грамадскіх арганізацый. Адным словам, дзеці шмат чаго смачнага і цікавага знайшлі пад ёлкай на сямейным ранішніку, які дапамаглі правесці сапраўдныя Дзед Мароз са Снягуркай.

А дарослыя тым часам парадаваліся, што яшчэ некалькі хлопчыкаў і дзяўчынак, якія па розных прычынах засталіся без бацькоўскага клопату, знайшлі сямейнае цяпло. І як паведаміла Алена Януш, хутка ў доме сямейнага тыпу стане больш дзяцей. Месца тут хопіць усім.

Дарэчы, у адным з самых маленькіх раёнаў краіны — Жабінкаўскім — 15 дзяцей выхоўваецца ў прыёмных сем'ях, яшчэ 18 — у апякунскіх. І вось цяпер з'явіўся дом сямейнага тыпу. Усяго ў Брэсцкай вобласці пабудавана 45 такіх дамоў, дзе пражываюць 286 дзяцей.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Дом, дзе адагрэюцца сэрцы

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.