Вы тут

Хто чым багаты


«Адчуваць спачуванне — гэта мы яшчэ ўмеем, — кажа вядомы акцёр і музыкант Пётр Мамонаў. — Можам паспачуваць таму, хто бязрукі. А вось паспрабуйце парадавацца за іншых! У мяне сусед дом пабудаваў... У нас звычайна як: ды каб у цябе ўсё абвалілася. А я радуюся. Мясцовасць папрыгажэла. І добра. Няхай. Кажу: «Герман, які ў цябе дом цудоўны!» А чалавеку ж мала чаго трэба. «Так?» — пытаецца. І плача».


Думаю, кожны, перш чым навучыцца радавацца чужому поспеху, хоць раз у жыцці адчуваў разбуральнае пачуццё зайздрасці. І я — не выключэнне...

Да 9 класа я была самай лепшай вучаніцай у базавай школе. А вось калі перайшла ў сярэднюю, у мяне з'явілася «канкурэнтка». Калі мы разам атрымлівалі «дзявятку» — я была спакойнай. Але як толькі Юлі шанцавала больш — мяне знутры пачынала грызці непрыемнае пачуццё. Гэта ўжо потым, ва ўніверсітэце, я зразумела, што чым больш у групе разумнікаў, тым лепш (ёсць на каго раўняцца, таму ты не стаіш на месцы, развіваешся). І што адзнакі — зусім не галоўнае ў жыцці...

Дзве сяброўкі — Света і Каця — вучыліся разам у 5 класе. У Светы была малодшая сястра, якая хварэла на рак. Апошняя не наведвала школу два гады, бо праходзіла лячэнне ў клініцы. На шчасце, дзяўчынка ачуняла і кожны год праводзіла летнія канікулы за мяжой. А калі вярталася, прывозіла кучу прысмакаў, васковыя алоўкі, цацкі, моднае адзенне. Гэта былі 90-я гады, калі такога яшчэ не бачылі ў маленькіх гарадах, а тым больш у вёсках. Ды і бацькі не маглі дазволіць купляць лішняе. Дык вось Каця ўвесь час зайздросціла сяброўцы і яе сястры, што тыя бясплатна столькі ўсяго пабачылі, што модна «адзяваліся». Прайшло шмат гадоў, сяброўкі выраслі (ды і ўжо даўно не сяброўкі). Света так і засталася жыць у той вёсцы, а зайздросніца Каця працуе за мяжой і носіць замежнае адзенне. Але калі ў мамы апошняй выявілі рак, усе матэрыяльныя даброты абясцэніліся з-за страху страціць роднага чалавека. Яна ўсё аддала б, каб гэтага не было.

Я дагэтуль працягваю вучыцца радавацца чужому поспеху. Штодзень. Пры гэтым стараюся адразу ж выдзіраць, як пустазелле, карэньчыкі, што зайздрасць пускае ў сэрцы. Пакуль яны не ператварыліся ў дрэвы, пакуль не пусцілі глыбокія карані. Таксама імкнуся прытрымлівацца парады, якую атрымала аднойчы ад мудрага чалавека: «Не прымай ніякі негатыў. Пакуль ты яго не прымеш, ён належыць таму, хто яго прынёс...»

Набыў чалавек сабе новы дом — прыгожы, з вялікім садам. А побач у старэнькім доміку жыў зайздрослівы сусед, які пастаянна спрабаваў сапсаваць яму настрой: то смецце пад плот выкіне, то курэй на агарод выпусціць...

Аднойчы прачнуўся чалавек у добрым настроі, выйшаў на ганак, а там — вядро з памыямі. Ён, не раздумваючы, выліў іх. Вядро ж вычысціў да бляску, назбіраў у яго самых вялікіх і спелых яблыкаў і пайшоў да суседа.

Той, пачуўшы грукат, зларадна падумаў: «Нарэшце я яго давёў!» Адчыняе дзверы ў надзеі на скандал... А чалавек з усмешкай працягнуў яму вядро з яблыкамі і сказаў: «Хто чым багаты, той тым і дзеліцца!»

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzіeja@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».