Вы тут

Прычыны сямейных канфліктаў


У сямейных канфліктаў ёсць і рэальныя прычыны, здольныя прыводзіць да краху.

Канфлікт нельга разглядаць як адхіленне ад нармальных паводзін — гэта від стасункаў, эмацыянальная спроба выявіць нейкія супярэчнасці. Так што і для сем'яў канфлікты — справа звычайная, ва ўсіх бываюць. Праблема зусім не ў тым, ці ёсць яны ўвогуле, а ў тым, што вы робіце для іх вырашэння і папярэджвання.


Нейкіх фармальных падстаў для пачатку сваркі можа быць шмат — абед нясмачны, дзіця дрэнную адзнаку ў школе атрымала, кажам не тое, робім не гэта... А вось рэальных прычын канфлікту існуе вельмі мала, і яны даўно вывучаны. Разглядзім усё ж такі галоўныя. Пры гэтым адкрытую палігамнасць аднаго з партнёраў, зазіранні ў бутэльку, ужыванне наркотыкаў і схільнасць да азартных гульняў разглядаць не будзем, бо вырашыць такія праблемы без спецыялістаў амаль немагчыма.

1. Паспешлівасць. Самыя частыя спрэчкі ўзнікаюць у пар, якія пажаніліся неабдумана, з прычыны першай закаханасці, цяжарнасці, страху страціць любага. Калі страсці сціхаюць, дзіця падрастае і ўжо ніхто нікуды не сыходзіць, высвятляецца, што паміж гэтымі двума вельмі мала агульнага, яны наогул адзін аднаго абсалютна не ведаюць. Так і пачынаюцца сваркі «на роўным месцы».

2. Фінансавыя праблемы. Калі ў сям'і штодня не хапае грошай, няма нармальнага жылля або магчымасці набыць штосьці вельмі неабходнае, гэта абумовіць дэпрэсію ў кожнага члена сям'і. Пастаянная незадаволенасць узроўнем жыцця рана ці позна выліваецца ва ўзаемныя абвінавачанні і спрэчкі. Вельмі добра, калі фінансавыя праблемы можна павярнуць так, каб згуртаваць сям'ю вакол іх вырашэння, але часцей бывае наадварот.

3. Стасункі з бацькамі. Мама і тата — самыя дарагія для кожнага з нас людзі, і калі яны ўмешваюцца ў справы жанатых дзяцей, то канфлікт паміж апошнімі непазбежны.

Частыя пераезды, камандзіроўкі і вельмі напружаны графік работы — усё, што перашкаджае праводзіць час разам — таксама не спрыяе згуртаванню сям'і.

Самыя канфліктныя перыяды, калі неабходна асабліва ўважліва ставіцца да сябе і другой паловы — гэта першы год сумеснага жыцця і нараджэнне першынца. Менш небяспечныя канфлікты ўзнікаюць пры іншых вялікіх зменах — нараджэнні новага дзіцяці, змене месца працы, падрастанні дзяцей (асабліва пераходны перыяд), выхадзе партнёраў на пенсію...

— Адны канфлікты разбураюць сем'і, іншыя ўмацоўваюць. Існуе ўсяго тры спосабы выхаду з канфлікту — пазбяганне, кампраміс і супрацоўніцтва, — тлумачыць псіхолаг Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Ірына ГАРБАНАВА. — Самае важнае, не дапускаць напружання, якое вымотвае, прыводзіць да выбуху эмоцый, адчужэння і развалу сям'і. Калі штосьці ідзе не так, як хацелася б, трэба размаўляць, і гэта павінна быць шчырая размова. Нават калі вы перакананыя ў сваёй праваце, трэба выслухаць усіх зацікаўленых. Не пераконваць усіх у сваёй праўдзе, а разам шукаць выйсце. Неабходна прыняць агульнае рашэнне, і правілаў выхаду з канфлікту далей павінны трымацца ўсе...

І яшчэ...

  • Не ідэалізуйце партнёра. Прымайце ў людзях і іх недахопы. Мы ўсе розныя, і без талерантнасці не абысціся.
  • Нельга пачынаць сварку, калі вы проста нязгодныя ў дробязях.
  • Нельга абражаць і максімальна чапляць другі бок канфлікту. Адмоўцеся ад эгаізму і ўпартасці. У нашых партнёраў таксама ёсць сваё меркаванне, пачуццё ўласнай годнасці, планы і жаданні. Шукайце агульнае. Гэта ў інтарэсах любога. Схаваная агрэсія прыводзіць не толькі да распаду сям'і, але і да шматлікіх захворванняў.
  • Калі адчуваеце, што ўнутры ўсё «закіпае» і хочацца сказаць нешта крыўднае, палічыце да дзесяці, а пакуль лічыце, прыгадайце, што гэтага чалавека вы самі выбралі сабе ў спадарожнікі жыцця, вы марылі пражыць жыццё разам. Цяпер пачынайце гаварыць.

Гэта ўсё Я!

Дзякуючы гэтаму практыкаванню, можна прааналізаваць сваю асобу, што паспрыяе падтрымцы талерантных стасункаў з навакольнымі.

Вазьміце ліст паперы і падзяліце на квадраты такім чынам:

У квадраце 1 напішыце 5 якасцяў, якія вам у сабе падабаюцца (можна адным словам, кшталту «надзейны», а можна і так: «умею сябраваць»).

У квадраце 3 напішыце 5 вашых якасцяў, якія вам не падабаюцца ў сабе.

Цяпер перафармулюйце якасці з квадрата 3 так, каб яны пачалі выглядаць як станоўчыя. Для гэтага можаце ўявіць, як гэтыя якасці назваў бы іншы чалавек, які вас вельмі любіць і якому падабаецца ў вас усё. Запішыце гэтыя перафармуляваныя якасці ў квадраце 2.

Далей уявіце, што вас хтосьці вельмі не любіць і таму нават вашы станоўчыя якасці ўспрымае як адмоўныя. Перарабіце якасці з квадрату 1 з пункту гледжання вашага злога ворага і запішыце ў квадраце 4.

Прыкрыйце далонню квадраты 3 і 4, паглядзіце на квадраты 1 і 2. Бачыце, які цудоўны чалавек атрымаўся! Паглядзіце затым на квадраты 3 і 4. Жудасная карціна: хто захоча мець стасункі з такім чалавекам?

На самай справе ўсё гэта — вы! Вы апісалі адны і тыя ж якасці, толькі з пункту гледжання сябра і ворага. Намалюйце ў цэнтры вялікую літару «Я» і прыгадвайце гэты малюнак часцей.

Святлана Барысенка

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Мілыя сварацца...

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».