Вы тут

Асноўны фактар развіцця раку страўніка — бактэрыя хелікабактар пілары


Ешце самі і давайце дзецям натуральныя рыбу і мяса, гародніну і фрукты, мёд і арэхі. Гэта будзе ідэальнай прафілактыкай вялікай колькасці захворванняў, наўпрост звязаных з тым, што і як мы ядзім, у першую чаргу сардэчна-сасудзістых і анкалагічных. Заадно і органы стрававання зберажом, тую ж печань.


На долю захворванняў печані ў структуры смяротнасці ад гастраэнтэралагічных захворванняў прыпадае каля 50-55 працэнтаў, а ў працаздольным узросце — і таго больш: каля 65. Ратаваць печань — значыць, не быць ворагам самому сабе. Не злоўжываць алкаголем (або наогул не ўжываць яго), не дапускаць празмернага набору вагі, атлусцення, заражэння віруснымі гепатытамі (або своечасова праводзіць іх лячэнне). Як бачна, першыя два пункты дакладна звязаны з тым, што і як мы ядзім ды выпіваем.

А вось такое сур'ёзнае захворванне, як рак страўніка (па распаўсюджанасці гэтага віду анкалогіі Беларусь знаходзіцца ў шэрагу першых у Еўропе), абумоўлена не столькі, скажам, якасцю прадуктаў, колькі нашым уяўленнем аб гігіенічных нормах і адпаведнымі паводзінамі ў быце. Асноўным фактарам рызыкі развіцця раку страўніка з'яўляецца бактэрыя хелікабактар пілары — ёю інфікаваны, паводле прыблізных ацэнак, да 80 працэнтаў дарослага насельніцтва Беларусі (у Еўропе і ЗША — 30—40 працэнтаў).

Большасць людзей пры гэтым не адчуваюць ніякіх сімптомаў, аднак наяўнасць інфекцыі можа прывесці спачатку да ўзнікнення язвы страўніка, а пазней і да раку. Рэакцыя на гэту бактэрыю ў кожнага свая, акрамя таго, ёсць штамы больш ці менш патагенныя. Аднак пакуль не абследуешся, не даведаешся. Прычым абследаваць пажадана ўсіх членаў сям'і. Цесныя бытавыя кантакты звычайна спрыяюць перадачы бактэрыі ад адных дарослых іншым і ад дарослых — дзецям. Дакладныя шляхі перадачы інфекцыі ў нашай краіне не вывучаліся, але наогул з яе распаўсюджваннем звязваюць парушэнне элементарных правілаў асабістай гігіены. Заўважана, што высокі ўзровень жыцця, выкарыстанне мыечных машын для посуду, актыўнае выяўленне і лячэнне інфекцыі спрыяюць зніжэнню выпадкаў яе з'яўлення ў папуляцыі.

Айчынныя спецыялісты заўважаюць, што значэнне могуць мець і іншыя «дробязі». Напрыклад, імкненне нашых людзей палячыцца ў стацыянарах. Атрымаць любую інфекцыю значна прасцей сярод аслабленых, хворых людзей. А наша злоўжыванне антыбіётыкамі прывяло да таго, што ўсе інфекцыі, у тым ліку і гэту, лячыць стала цяжэй. Раней лячэнне прызначалася на адзін тыдзень, а цяпер на два, прычым выкарыстоўвацца могуць тры антыбіётыкі адначасова.

— Выявіць хелікабактар можна з дапамогай дыхальных тэстаў, — адзначае дацэнт кафедры гастраэнтэралогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, галоўны пазаштатны гастраэнтэролаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, доктар медыцынскіх навук Юлія ГАРГУН. — Адзін з іх мае дакладнасць вышэй за 95 працэнтаў. Аналіз выдыхнутага пацыентам паветра праводзіцца з дапамогай спецыяльнага абсталявання замежнай вытворчасці. Гэты апаратны метад прымяняецца ва ўсім свеце. А вось для другога метаду — расійскай дыхальнай тэст-сістэмы — дакладнасць не ўстаноўлена.

Недахоп абодвух варыянтаў у тым, што яны не дазваляюць зрабіць выснову адносна тых пашкоджанняў, якія пакінула ў страўніку бактэрыя, а таму імі карыстаюцца не столькі з мэтай дыягностыкі, колькі для ацэнкі эфектыўнасці праведзенага лячэння хелікабактарнай інфекцыі. Першы апаратны тэст ёсць у 10-й сталічнай бальніцы, кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры, медцэнтры МТЗ, Мінскай абласной бальніцы, а таксама ў кожнай вобласці — абласной бальніцы ці абласным дыягнастычным цэнтры. Не рэкамендуецца выконваць з мэтай дыягностыкі аналіз крыві — ён падыходзіць толькі для пярвічнай дыягностыкі ў асаблівых выпадках. А самым аптымальным метадам даследавання, у тым ліку ў якасці кантролю лячэння, была і застаецца гастраскапія з біяпсіяй.

Паталогіямі органаў стрававання займаюцца ў першую чаргу ўрачы-тэрапеўты, якія пры неабходнасці накіроўваюць да гастраэнтэролагаў. Самая высокая даступнасць гастраэнтэралагічнай дапамогі — у сталіцы, дзе такія вузкія спецыялісты працуюць у некаторых паліклініках і кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры.

Па накіраванні або на платнай аснове даступныя прафесіяналы спецыялізаваных аддзяленняў 2-й, 3-й, 6-й, 9-й і 10-й бальніц, а на базе апошняй працуе Рэспубліканскі гастраэнтэралагічны цэнтр. Гастраэнтэролагі ёсць ва ўсіх абласцях, але не ва ўсіх раёнах.

— «Дарослыя» захворванні органаў стрававання сустракаюцца сёння і ў дзяцей — тлушчавыя пашкоджанні печані, гастраэзафагеяльная рэфлюксная хвароба, запаленчыя захворванні кішэчніка, неспецыфічны язвавы каліт. Бескантрольнае лячэнне дзяцей антыбіётыкамі прывяло да росту колькасці выпадкаў дысбіёзу кішэчніка, — заўважае дацэнт 2-й кафедры дзіцячых захворванняў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук Ірына САВАНОВІЧ.

Лад жыцця і харчавання — самае простае, пра што могуць клапаціцца бацькі, пачынаючы ад моманту нараджэння. Дзецям першага году жыцця неабходна грудное кармленне. Грудное малако ніколі нішто не заменіць. У педыятрыі існуе паняцце першай тысячы дзён жыцця. Як харчуецца будучая мама, якія харчовыя звычкі ў яе ёсць, ці кормяць пазней дзіця з улікам узроставых патрабаванняў або толькі з агульнага стала — усё гэта фарміруе харчовыя перавагі, уплывае на здароўе.

Святлана Барысенка

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ёсць у страўніка вораг...

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.