Вы тут

За паўстагоддзя «БелЭн» падрыхтавала каля дзвюх тысяч найменняў кніг


За паўстагоддзя працы «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» падрыхтавала каля дзвюх тысяч найменняў кніг, з іх — больш як 700 энцыклапедый

Тут нараджаюцца грунтоўныя, вывераныя кнігі, якім можна давяраць. Тут працуюць спецыялісты з багатым досведам, здольныя перадаць свой вопыт наступнікам. Тут... Ды што разважаць — пра спецыфіку іх адказнай працы лепш запытацца ў саміх энцыклапедыстаў. Тым больш і нагода завітаць у госці выдатная — сёлета «БелЭн» адзначае свой 50-гадовы юбілей. Пра дасягненні і планы гутарым з дырэктарам выдавецтва Уладзімірам АНДРЫЕВІЧАМ і галоўным рэдактарам Ларысай ЯЗЫКОВІЧ.


За­гад­чык рэ­дак­цыі гіс­та­рыч­ных на­вук вы­да­вец­тва «Бел­Эн імя П.Броў­кі» Юрый Ба­жэ­наў, ды­рэк­тар вы­да­вец­тва Ула­дзі­мір Анд­ры­е­віч, га­лоў­ны рэ­дак­тар Ла­ры­са Язы­ко­віч і тэх­но­лаг Тац­ця­на Са­ку­ле­віч.

— Кожны юбілей — выдатная нагода «перавесці дух»: падсумаваць вынікі і задумацца пра планы. З якім настроем пачынаеце адзначаць 50-годдзе ўстановы?

Ларыса ЯЗЫКОВІЧ: — Мы вельмі добра папрацавалі летась. Паказалі выдатныя вынікі і па аб'ёмах, і па якасці выданняў. Наша праца працягваецца на новым узроўні і, падаецца, выданні сталі і больш цікавымі, і больш якаснымі. Ёсць чым ганарыцца. Згадаю толькі некалькі нядаўна рэалізаваных праектаў. У Год культуры завершана падрыхтоўка шасцітомнай энцыклапедыі «Культура Беларусі», працягваем выданне энцыклапедый «Гарады і вёскі Беларусі», «Рэгіёны Беларусі», шматтомнай «Энцыклапедыі для школьнікаў і студэнтаў», у якой у 2016 годзе выйшлі дзве кнігі «Гісторыя Беларусі» і «Хімія. Біялогія». Падрыхтавалі шмат кніг іншага кшталту — навукова-папулярных, прэзентацыйных.

Уладзімір АНДРЫЕВІЧ: — Энцыклапедыя, як вядома, фіксуе ўзровень ведаў, культуры, дасягненняў грамадства, дзяржавы. Многія апошнія выданні якраз і паказваюць усё гэта. У прыватнасці, падрыхтаваныя разам з Нацыянальным алімпійскім камітэтам Беларусі кнігі-фотаальбомы «Беларусь алімпійская» і «Беларусь спартыўная», з Міністэрствам лясной гаспадаркі — «Лес Беларусі», з Магілёўскім аблвыканкамам — «Спірыдон Собаль і вытокі магілёўскага кнігадруку». Выдавецтва садзейнічала выпуску грунтоўнай навуковай і практычнай працы нашых выдатных вучоных-медыкаў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі — «Дапаможніка па анкалогіі». Прыемна, што ў чытачоў знашлі водгук і карыстаюцца папулярнасцю кнігі ў серыях для дзяцей «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя», «Гэта наша з табою зямля».

— Кнігі сёння становяцца танчэйшымі, а літаратурныя творы — карацейшымі. Ці складана знаходзіць сярэдзіну паміж традыцыямі і сучаснасцю, грунтоўнасцю і адначасова лёгкасцю?

Уладзімір АНДРЫЕВІЧ: — І складана, і цікава. Работа энцыклапедычнага выдавецтва скіраваная на падрыхтоўку грунтоўных кніг, якія можна назваць пашпартам краіны. Мы працуем над выданнямі, якія змяшчаюць навукова абгрунтаваную і дакладна вывераную інфармацыю. «БелЭн» стваралася паўстагоддзя таму ў Савецкім Саюзе, але праз тое, што Беларусь атрымала незалежнасць, мы імкнёмся актуалізаваць місію выдавецтва. Яна сёння гучыць так: на аснове факталагічнага аналізу каштоўнасці ўсяго беларускага нацыянальнага, яго ўнікальнасці і асаблівасці паказваць Беларусь як суверэнную дзяржаву, якая ўпершыню ў сваёй гісторыі стала незалежнай, але ўжо займае істотнае месца ў сусветнай супольнасці. Гэта вельмі важна. І мы, на мой погляд, апошнім часам выйшлі на зялёную вуліцу, па якой павінна развівацца наша ўстанова. Безумоўна, паказваем гісторыю Беларусі. Але звяртаемся і да сучаснасці. Таму летась выдалі кнігу «Беларусь: краіна і людзі», дзе імкнуліся правесці аналіз зробленага за 25 гадоў у розных сферах жыцця — эканоміцы, навуцы, адукацыі, культуры. І не памыліліся. Два наклады гэтага выдання — а гэта 5 тысяч асобнікаў — разышліся літаральна за некалькі месяцаў.

— Ці няма планаў распрацаваць больш сучасны прадукт, энцыклапедыю, здольную канкурыраваць з Вікіпедыяй?

Уладзімір АНДРЫЕВІЧ: — Сапраўды, такія планы ёсць. Дзякуй Міністэрству інфармацыі, бо разам з ім мы падыходзім да стварэння электроннай энцыклапедыі Рэспублікі Беларусь. Гэта запатрабуе дадатковых грашовых выдаткаў, але калі іншыя краіны прыступілі да такой працы, то і нам не трэба адставаць. Мы не хочам рабіць сваю Вікіпедыю — варта распрацоўваць грунтоўны інфармацыйны партал, што будзе змяшчаць толькі вывераныя матэрыялы, над якімі працавалі спецыялісты, навукоўцы. У такім падыходзе — будучыня, мы разумеем, што нашы дзеці, унукі прадстаўляюць іншыя пакаленні. Электронная энцыклапедыя павінна ўпісацца ў адукацыйны працэс краіны, каб тут былі раздзелы з вялікай часткай артыкулаў па гісторыі, біялогіі, хіміі, геаграфіі, якімі можна карыстацца ў мэтах адукацыі. Для гэтага праекта мы ўжо алічбавалі шмат энцыклапедый, падрыхтаваных раней, але, натуральна, будзем актуалізоўваць інфармацыю, што яны змяшчаюць. Плануем прыцягнуць да супрацоўніцтва і навукоўцаў з Нацыянальнай акадэміі навук, і супрацоўнікаў ВНУ, і спецыялістаў з іншых галін дзейнасці. На постсавецкай прасторы «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі» заўсёды была ў лідарах па распрацоўцы канцэпцый выданняў, новых кірункаў. Нам важна гэты вопыт не страціць і ў рабоце над класічнымі кніжнымі выданнямі, і над электроннай энцыклапедыяй.

— Вы ўжо сказалі пра імкненне выдавецтва ў сваёй працы паказваць дасягненні Беларусі як незалежнай дзяржавы. Але ж сёння ўсё часцей кажуць пра моду на беларускасць, пашырэнне павагі да нацыянальнай культуры. І многія вашы праекты сапраўды трапляюць «у яблычак», распавядаючы пра невядомыя ці малавядомыя аспекты беларушчыны. Гэта таксама адзін з прынцыпаў работы?

Ларыса ЯЗЫКОВІЧ: — Сапраўды. Тут варта згадаць і энцыклапедыю «Культура Беларусі», і асобныя культуралагічныя праекты, якія атрымалі ў грамадстве шырокі рэзананс. Напрыклад, чытачы добра прынялі энцыклапедыю «Беларускія народныя музычныя інструменты» з мультымедыйным дадаткам, альбом «Мастацтва суверэннай Беларусі», які мы падрыхтавалі разам з Нацыянальным мастацкім музеем. Тут можна згадваць і многія іншыя знакавыя выданні. А хутка сумесна са Студэнцкім этнаграфічным таварыствам мы прадставім практычны дапаможнік «Традыцыйная беларуская вышыўка», дзе прадстаўленыя аўтэнтычныя ўзоры, схемы вышыўкі, якія можна самастойна перанесці на адзенне, аксесуары.

Уладзімір АНДРЫЕВІЧ: — Гэтая праца сыходзіць з нашай місіі. Мы правялі даследаванне і звярнулі ўвагу на тое, што ў кнігарнях шмат літаратуры не беларускай. Гэта наша праблема. Ведаем таксама, што вырасла новае пакаленне, якое не жыло ў Савецкім Саюзе, таму па-іншаму адчувае сваю краіну, свой народ і прыналежнасць да яго. Мы павінны працаваць на гэтых людзей. Яны захаваюць Беларусь і будуць развіваць яе. А мы пойдзем разам з імі. Таму пачынаем з дзетак, імкнёмся прыцягнуць іх да ведаў пра сваю краіну, традыцыі і дасягненні. Бачым, што і ў эканамічным плане гэты «калідорчык» адкрыты. Такія выданні запатрабаваныя, іх набываюць і з задавальненнем чытаюць.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Кніжны пашпарт краіны

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».