Вы тут

Пра традыцыі старажытнага званарства на Беларусі


У Беларусі, адзінай на постсавецкай прасторы, захавалася старажытная традыцыя.

Звон — гэта нешта вельмі жывое. Праз бронзу, з якой адліты званы, і рукі чалавека, што дапамагаюць нарадзіцца гуку, наша зямля быццам звяртаецца да неба... А, можа, наадварот? Гэты гук, настолькі высокі і чысты, што, магчыма, ён адмыслова быў створаны дзесьці на вышыні, каб крануць самае чэрствае сэрца...

Беларусь — унікальная краіна: толькі тут, у адзіным месцы на ўсёй постсавецкай прасторы, захавалася традыцыя старажытнага званарства. Інструмент не быў занядбаны часам і ліхалеццямі. Умельства беражліва перадавалася ад старэйшых маладзейшым. На шчасце, знайшлася і даследчыца, якая вывучыла ўсё гэта і прадставіла шырокай грамадскасці. Вынікам нястомнай шматгадовай працы Алены Шацько стала кніга «Званы Белай Русі: тысячагоддзе традыцыі» (з дадаткам на двух DVD). Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з кандыдатам мастацтвазнаўства, правадзейным членам Асацыяцыі звону Расіі, дацэнтам кафедры тэорыі і методыкі выкладання мастацтва БДПУ імя Максіма Танка, каб распытаць пра традыцыі званарства на Беларусі і пра тое, як стваралася яе ўнікальная кніга.


Але­на Шаць­ко са­ма ва­ло­дае май­стэр­ствам зва­на­ра. «Гэ­та вя­лі­кая ду­хоў­ная ра­дасць», — га­во­рыць яна аб су­да­кра­нан­ні са зва­на­мі.

— Алена Генадзеўна, вы ініцыюеце ўнясенне званарства ў спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі? Ці ёсць нейкія зрухі ў гэтым працэсе?

— Сабраны пакет дакументаў, у які ўваходзяць матэрыялы па званах 19 храмаў Брэсцкай, Мінскай і Віцебскай абласцей. Іх гучанне запісана на прафесійную апаратуру. Дзякуючы Белтэлерадыёкампаніі створана 5 перадач, 3 дакументальныя фільмы аб званарах і гісторыі званарства на нашых землях. Прыхаджане храмаў сабралі подпісы аб тым, што яны станоўча ацэньваюць гучанне званоў і згодны ўнесці іх у спіс спадчыны (гэта абавязковая ўмова). У дадатку — публікацыі ў прэсе на гэту тэму. Дакументы аддадзены ў Інстытут культуры Беларусі, дзе на Радзе можа быць прынята адпаведнае рашэнне. Мы чакаем дабраславення мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Паўла, бо звон — гэта інструмент, які выкарыстоўваецца найперш у богаслужэннях, і без згоды царквы вырашаць такое пытанне неэтычна. Вядома, што Экзарх шмат робіць для зберажэння нацыянальнай культуры, напрыклад, хутка будзе выдадзена Біблія на нашай беларускай мове. Таму прыйдзе час прызнання і нашых слаўных званоў — аб гэтым моляцца вернікі.

— Раскажыце, у чым унікальнасць званарства?

— Варта адзначыць, што размова вядзецца менавіта пра традыцыйнае беларускае званарства. У 19-ці храмах, якія я даследавала на працягу 10 гадоў, не спыняўся матыў звону — захоўвалася пераемнасць мелодыі, якой званілі, скажам, сто гадоў таму — яна гучыць і сёння. У храме ёсць свой канон, ён пастаянны. Гэта як народная песня. Справа ў тым, што званарства захавалася толькі ў нас, бо з 1921 да 1939 года ў Заходняй Беларусі была асаблівая канфесійна-гістарычная сітуацыя: працягваліся царкоўныя службы, адліваліся новыя званы. А ва Усходняй Беларусі ў 1939 годзе быў закрыты апошні храм — службы нідзе не праводзіліся. Тое ж самае адбывалася і на іншай тэрыторыі Савецкага Саюза — ішло поўнае знішчэнне храмаў і ўсяго, што з імі звязана.

У нас жа працягвалася царкоўнае жыццё — унікальна тое, што традыцыя званарства не перарвалася. У час Вялікай Айчыннай вайны вернікі схавалі свае званы. Атрымліваецца, што толькі ў Заходняй Беларусі (магчыма, яшчэ ў Заходняй Украіне) ніколі не губляўся гэты канон. У Эстоніі быў толькі адзін манастыр, які ніколі не закрываўся, — Пскова-Пячэрскі — там заўсёды званілі, 500 гадоў, і традыцыя таксама захавалася.

— Якія мясціны ў Беларусі вы раілі б наведаць, каб пачуць аўтэнтычны звон?

— Вёску Дарапеевічы Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці. У 1934 годзе гэтыя званы былі адліты проста каля царквы, у зямлі, запрошаным майстрам-ліцейшчыкам. Адна жанчына, успаміны якой я зафіксавала, будучы яшчэ маленькім дзіцем, бачыла, як у яме будавалі печ, як залівалі медзь. Пасля званы пэўны час астывалі ў зямлі... Яшчэ варта з'ездзіць у Вілейку, дзе захаваліся дзівосныя званы ХІХ стагоддзя, адлітыя ў Расіі. Праўда, побач знаходзіцца шаша: мы запісвалі іх гучанне ў 5 гадзін раніцы і нават дамаўляліся, каб рух транспарту быў зменены — каб шумы не перашкаджалі. Вельмі цікавыя званы ў Олтушы таксама Маларыцкага раёна. І ў Маладзечне званы захаваліся.

— Гучанне царкоўнага звону змяшчае ў сабе шмат інфармацыі...

— У храме хрысціліся, там моладзь знаёмілася адно з адным. Там жа адбываліся заручыны — калі настаяцель паведамляў, што пара збіраецца ажаніцца, пытаўся, ці ведаюць нешта пра яго ці яе — можа, некаму абяцаліся?.. І ў гэты час таксама гучаў асаблівы звон — на заручыны. Вянчаліся яны пазней, дзесьці праз месяц — і тады ў наваколлі разлятаўся вянчальны звон (але не ва ўсіх мясцовасцях ён меўся). Затое ўсюды быў пахавальны звон — ён гучаў, пакуль чалавека не данясуць да могілак. Уявіце, людзі ва ўсёй ваколіцы чулі гэты звон, хрысціліся, чыталі малітву пра новаспачылага. А часам яны па звоне разумелі, хто памёр, мужчына або жанчына. Нават з якой вёскі, можна было зразумець — бо часам пэўнае паселішча магло падарыць храму звон.

— Сучасныя тэхналогіі вядуць да таго, што ў хуткім часе можна будзе абысціся без званара. Што вы думаеце наконт гэтага?

— Цяпер уводзіцца новая сістэма — «электронны званар» — яна фактычна знішчае пераемнасць. Літаральна на тэлефоне націскаецца кнопка і самі сабой пачынаюць званіць званы ў царкве. Гэта можа рабіць настаяцель ці прыхаджанін — той, хто атрымаў дабраславенне.

Такім чынам мы фактычна руйнуем традыцыю, не даём ёй адрадзіцца, знішчаем паслушніцтва. Ці застанецца тады жаданне ісці ў храм?.. Гэта мёртвае і нежывое. А калі звоніць званар, то ўдзельнічае яго душа.

— Вернемся да гісторыі. Якія ёсць звесткі пра тое, калі на Беларусі ўпершыню зазваніў звон?

— Па матэрыялах раскопак, па знойдзеных фрагментах званоў мы ведаем, што ўжо ў ХІІ стагоддзі ў Гродне на Замкавай гары стаяў храм і на ім было тры званы. Падчас пажару яны ўпалі і разбіліся — у слоі ХІІ стагоддзя знайшлі іх фрагменты. На адным нават ёсць надпіс «рабу». Усе кампанолагі кажуць, што надпісы на званах з'явіліся ў ХІV стагоддзі ў Расіі. А мы знайшлі фрагмент ХІІ стагоддзя. Гэта ўнікальна!

— Якія самыя каштоўныя званы захоўваюцца ў нашай краіне?

— Мной апісана 1704 званы з праваслаўных храмаў. Яны пашпартызаваны — сфатаграфаваны, падлічаны іх памеры, зафіксаваны надпісы, якія на іх маюцца, запісаны гук. Для таго каб сфатаграфаваць, іх трэба было спачатку памыць, — я рабіла гэта сама.

Усе гэтыя званы акурат з'яўляюцца старажытнымі — датуюцца ХVІ—ХІХ стагоддзямі. Яны выклікаюць вялікую цікавасць. На сённяшні дзень у нас, як нідзе на постсавецкай прасторы, захавалася такая вялікая колькасць званоў. Менавіта ў Заходняй Беларусі (ва Усходняй усё знішчана, за выняткам таго, што цудам было захавана ў музеях). У часы вайны іх хавалі ад немцаў — закопвалі ў зямлю, затым вярталі. Гэта было самым родным, бо звон — гук населенага пункта. На іх вельмі цікавыя выявы, старажытныя надпісы. Напрыклад, у вёсцы Олтуш Маларыцкага раёна надзвычай тонкія выявы Георгія Перамаганосца, які забівае змея. Яны «тонкія», бо нават пэндзлем мастака такое складана выявіць, а там адліта. Прычым адліваў беларускі майстар Андрэй Белячынскі. Мне б вельмі хацелася, каб пашкоджаныя званы апынуліся ў музеях. Дадам, што пашпартызацыю званоў каталіцкіх храмаў правялі навукоўцы Акадэміі навук Варшавы: яны апісалі ўсе званы касцёлаў Беларусі і Польшчы яшчэ да 2008 года.

— Ці ёсць сёння пераемнасць званарскай справы?

— Дзякуй богу, дзядулі-званары надзвычай ашчадна ставяцца да сваіх званоў, таму яны самі імкнуцца кагосьці з вучняў нядзельнай школы навучыць, перадаць майстэрства. Напрыклад, хлопчык з вёскі Дарапеевічы Маларыцкага раёна Арцём Пацяюк, які цяпер навучаецца ў медыцынскім універсітэце, навучыўся ў сваёй роднай вёсцы гэтаму майстэрству ад Сцяпана Ярманюка. І ў іншых храмах ёсць пераемнасць. Калі званы ўнясуць у спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, тады і ў нядзельных школах пры царкве дзеці іх будуць вывучаць. Бо гэта сваё, роднае. Мы павінны яго зберагаць, як гэта рабілі нашы бацькі і дзяды.

— Ці можна сказаць, што звон — гэта таксама пэўны від малітвы, са зваротам да Бога?..

— Абавязкова. Кожны ўдар звона — гэта малітва. Часам кажуць, што гэта малітва ў бронзе. Адначасова гэта і казань.

Адзін святар распавядаў мне, што пэўны чалавек ішоў міма царквы, ён пачуў звон і вырашыў зайсці ў храм, а з часам стаў прыхаджанінам. Сёння звон не выконвае функцыі закліку да пачатку богаслужэння, бо ў нас ва ўсіх ёсць гадзіннікі. Ён мае хутчэй місіянерскую функцыю — гэта фактычна знешняе богаслужэнне. Я запрашаю чытачоў «Звязды» да ўдзелу ў праекце «Звон-салавей» (падрабязна пра яго можна пачытаць у кнізе «Званы Белай Русі: тысячагоддзе традыцыі»). Буду рада, калі вы дашляце на мой электронны адрас shаtkо377@gmаіl.соm аповеды пра званы, пра традыцыі, звязаныя з імі. Можа, вашы бабулі ці дзядулі ахвяравалі на звон? Магчыма, сярод вашых ікон захоўваецца цудам захаваны кавалачак звона?..

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Фо­та Над­зеі БУ­ЖАН

Загаловак у газеце: «Звон — гэта душа народа»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

У пачатковы перыяд Вялiкай Айчыннай вайны зацятыя баi разгарнулiся пры абароне Барысава — старадаўняга беларускага горада на Бярэзiне. 

Грамадства

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

«Лічбавыя жулікі», якія здымаюць грошы з чужых банкаўскіх карт, звычайна маскіруюцца пад інтэрнэт-рэсурсы, вартыя даверу.