Вы тут

Хто такія бодзібілдары і чым яны цікавяцца апроч сваіх мышцаў?


Апошнім часам у сацыяльных сетках часта можна сустрэць стэрэатып: усе мацакі — «недалёкія», а адзінае, на што здольныя, дык гэта прачытаць хоць бы састаў пратэіну. Мы зацікавілася: можа, так і ёсць? Хто яны — уладальнікі «стальных» мышцаў, ці, як іх яшчэ называюць, — бодзібілдары?

У Беларусі, трэба сказаць, бодзібілдынг не так развіты, як дзе-небудзь на Захадзе ці ў той жа Расіі, але сёння ўжо набірае абароты і ў нас, таму сустрэць яго прадстаўнікоў і прыхільнікаў — не дзіва. З адным з іх давялося паразмаўляць і мне. Кандыдат у майстры спорту па бодзібілдынгу Аляксандр Гвоздзь расказаў пра цікавыя факты свайго жыцця.


— Чаму свой выбар ты спыніў менавіта на гэтым відзе спорту?

— У адзін момант падышоў да люстэрка і зразумеў, што я сабе не падабаюся. Як і кожнаму нармальнаму мужчыну, мне хацелася быць моцным, дужым, мець падцягнутае цела. Таму вырашыў штодзённа наведваць трэнажорную залу. Праз некаторы час гэта мяне зацягнула, і я стаў займацца на прафесіянальным узроўні, удзельнічаючы пры гэтым яшчэ і ў розных конкурсах.

— Якімі дасягненнямі можаш пахваліцца цяпер?

— На Кубку Беларусі заняў другое месца, пасля чаго і атрымаў званне кандыдата ў майстры спорту. Таксама з'яўляюся шматразовым прызёрам розных турніраў у нашай краіне.

— Часта можна пачуць, што мацакі цікавяцца толькі сваім знешнім выглядам. У цябе ёсць хобі?

— На мой погляд, гэта не зусім правільны стэрэатып. Шмат славутых людзей, у якіх, акрамя бодзібілдынга, ёсць нямала дасягненняў. Напрыклад, знакаміты культурыст Насэр Эль Сабанці. Ён мае вучоную ступень па гісторыі, сацыялогіі і паліталогіі. Сам жа я захапляюся музыкай — самастойна пішу тэксты і мелодыі. Раней дома была невялікая гуказапісная студыя, дзе і паявіліся на свет мае два альбомы ў стылі рэп. З імі выступаў у клубах, былі і сольныя канцэрты.

— Зараз, як я разумею, песні не запісваеш. Не было думкі аднавіць творчую дзейнасць?

— Можа, калі-небудзь працягну займацца музыкай. А пакуль няма свабоднага часу. Раніцай іду на работу, а ўвечары — на трэніроўку.

— Дзе і кім працуеш?

— У органах унутраных спраў. Я — кінолаг.

— Упэўнена, работа ў цябе важная і патрэбная. Падзяліся гісторыямі ці здарэннямі, якія найбольш запомніліся.

— Пра здарэнні расказваць не буду. У нашым жыцці і так хапае негатыву. Я лепей падзялюся прыемным момантам. Сабак, якія дасягнулі ўзросту васьмі гадоў, спісваюць са службы. Пад маім кантролем доўгі час знаходзіўся вельмі разумны сабака па мянушцы Бэст. Як правіла, сабак «пенсіённага» ўзросту ўсыпляюць. Бэст быў маім напарнікам, і я вырашыў забраць яго, каб выратаваць ад смерці. Цяпер зусім не шкадую аб гэтым. Проста люблю сабак, і ў той момант дома ў меня ўжо быў адзін хвастаты. Дык вось прывёў яму сябра. Цяпер жывём дружна.

— Дзякуй за гутарку! Ты даказаў мне, што бодзібілдары разумныя людзі. І больш таго — могуць быць творчымі і разнастайнымі асобамі.

На жаль, стэрэатыпы маюць над намі ўладу. І як прыемна, калі іх можна разбураць!

Дарыя Галоўчыц, вучаніца 10 класа СШ №54 г. Мінска

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.