Вы тут

Пад зоркай Уладзіміра Мулявіна


Мінулы год быў знакавым, юбілейным для беларускай эстрады і ўвогуле для беларускай культуры: у 2016-м — 75 гадоў з дня нараджэння народнага артыста СССР, заснавальніка ансамбля «Песняры» Уладзіміра Мулявіна.


І ў самым канцы мінулага года з'явілася проста ўнікальная кніга — зборнік нарысаў, дыялогаў, партрэтаў, эсэ і артыкулаў Вольгі Брылон і Марыны Мулявінай «Уладзімір Мулявін і Лідзія Кармальская. Нявыказанае...: даследаванні, успаміны, публіцыстыка». Выдавецтва «Альтиора Форте» ўзбагаціла выданне велізарнай колькасцю фотаздымкаў, большасць якіх шырокаму колу прыхільнікаў таленту спевака, музыканта, кампазітара былі проста незнаёмыя дагэтуль. Аўтары з дапамогай самых розных сяброў (і пры шырокім выкарыстанні дакументаў) вядуць расповед пра Уладзіміра Мулявіна: пра самыя юныя яго гады, першыя гады жыцця і творчасці ў Беларусі.

Лідзія Кармальская — першая жонка легендарнага «песняра». У многім фарміраваннем свайго таленту Уладзімір Георгіевіч абавязаны менавіта гэтаму чалавеку, маці яго дваіх дзяцей. Марына Мулявіна так напісала ў кароткім уступным слове да кнігі: «...Я зразумела, што не маю права хаваць у сабе гісторыю кахання маіх бацькоў. Яна, гэтая гісторыя, назаўсёды засталася ў маёй памяці як прыклад чыстых і светлых рамантычных адносін паміж мужчынам і жанчынай. І я павінна расказаць пра гэта сваім дзецям і ўнукам». Але так атрымалася, што апавяданне вылілася далёка за межы асабістага светабачання, асабістых ацэнак. Мо так здарылася яшчэ і таму, што аўтары — М. Мулявіна і В. Брылон — часта даюць слова самым розным знаёмым, сябрам, калегам Уладзіміра Георгіевіча. Цэлы калейдаскоп яркіх асоб праходзіць перад чытачом: заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Яравы, народны артыст Расіі кампазітар Ігар Раеўскі, заслужаны артыст Беларусі Уладзіслаў Місевіч... У кнізе прыведзена перапіска Уладзіміра Мулявіна і Лідзіі Кармальскай, якая ўспрымаецца як асобны сапраўдны раман.

Кнігу нельга чытаць без хвалявання. Кожная яе старонка — сведчанне таго, як рос, фарміраваўся талент, колькі было розных перашкод на шляху да стварэння ансамбля «Песняры». Шчырыя інтанацыі, адкрытасць, здольнасць і аўтараў, і іх суразмоўцаў прыўзняцца над часам, адкрыта падзяліцца сваімі думкамі робяць выданне найлепшым сярод усіх спроб напісаць калектыўны партрэт легендарнага «песняра».

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?