Вы тут

Чаму Грэцыя зноў стала «галоўным хворым» Старога Свету?


Разважанні аб тым, што менавіта Італія заняла месца асноўнага «хворага» Еўропы, нібыта вызваленае Грэцыяй, на думку шэрагу аналітыкаў, ужо не актуальныя. Пасля аглушальнага паражэння на Апенінах кіруючай партыі на рэферэндуме і адстаўкі прэм'ера Матэа Рэнца еўра знізіўся, але зноў аднавіў свае пазіцыі. Што ж датычыцца італьянскіх аблігацый, то яны амаль не адрэагавалі на гучную падзею. Большасць каштоўных папер у іншых краінах таксама ледзь заўважылі хваляванні на Апенінах. Так што Грэцыя зноў вяртаецца на звыклае месца «галоўнага хворага» Еўропы. Ці здолее краіна выйсці з такога становішча?


З лідараў — у аўтсайдары

Яшчэ нядаўна расклад для Грэцыі выглядаў зусім па-іншаму. Краіна была далёка не аўтсайдарам, а адным з лідараў на кантыненце. Пасля Другой сусветнай вайны ў Еўропе неаднойчы ўзгадвалі пра грэчаскі «эканамічны цуд». Сярэднегадавыя тэмпы прыросту валавога ўнутранага прадукту ў гэтай краіне паміж 1950-м і 1973-м складалі рэкордныя для Старога Свету 7 працэнтаў. З тых часоў Грэцыя распачала шэраг структурных і фінансавых рэформаў, атрымліваючы пры гэтым значную фінансавую падтрымку Еўрапейскага саюза. У 2001 годзе краіна далучылася да Еўразоны. Штогадовы прырост ВУП доўгі час перавышаў адпаведны ўзровень большасці яе партнёраў у ЕС.

У пачатку 2000-х Грэцыя была адным з вядучых інвестараў у эканомікі амаль усіх яе балканскіх суседзяў. Нацыянальны банк Грэцыі ў 2006 годзе набыў 46% акцый турэцкага Фінансбанка і 99,44% акцый сербскага Vojvodanska Bank. Па дадзеных універсітэта Гронінген, у перыяд 1995—2005 гадоў Грэцыя стала краінай з найбольшым рабочым часам сярод іншых еўрапейскіх краін: грэкі працавалі ў сярэднім 1900 гадзін у год, другое месца занялі іспанцы — 1800 гадзін (для параўнання: гэта больш, напрыклад, чым у японцаў, якія заўжды лічыліся працаголікамі). У 2007 годзе сярэдні работнік у Грэцыі зарабляў каля 20 долараў за гадзіну. Па дадзеных індэкса развіцця чалавечага патэнцыялу краіна займала 25-е месца ў свеце.

Грэчаская эканоміка пабудавана ў сучасным трэндзе, дзе сфера паслуг складае найбольшую долю і ўяўляе сабой найбольш важны і ў той жа час хуткарослы сектар. На дзяржаўны сегмент Грэцыі прыпадае каля 40% ВУП, аднак урад прадпрымае ўсе меры па далейшым зніжэнні яго долі. У прамысловым сектары пераважаюць высокія тэхналогіі вытворчасці абсталявання, асабліва ў галіне тэлекамунікацый. Сярод іншых важных галін — тэкстыльная, хімічная прамысловасць, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, машынабудавання, транспартнага абсталявання і электрычных прыбораў. 10% ВУП прыносіла Грэцыі будаўніцтва, паколькі гэты сектар перажываў сапраўдны бум у сувязі з Афінскай Алімпіядай 2004 года. Сельская гаспадарка фарміруе толькі 7% ВУП.

Цікава, што мігранты складаюць амаль адну пятую частку рабочай сілы ў Грэцыі, яны занятыя ў асноўным у сельскай гаспадарцы і будаўніцтве. Працоўныя рэсурсы Грэцыі на 2009 год склалі 4,577 мільёна чалавек, або 46% ад агульнай колькасці насельніцтва. Гэта другі паказчык сярод краін Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця пасля Паўднёвай Карэі (48%).

Сярэдні даход на душу насельніцтва стабільна павялічваўся: напрыклад, гэты паказчык вырас з 30 661 долара ў 2008 годзе да 31 704 долараў у 2009-м. Па пакупніцкай здольнасці насельніцтва дзяржава ў тым жа 2009 годзе заняла 25-е месца ў свеце.

У 2001 годзе Грэцыю прызналі развітой краінай. Але ўжо ў 2013-м яна стала першай у свеце дзяржавай, якая страціла такі статус. З-за сусветнага фінансавага крызісу эканоміка Грэцыі напрыканцы 2009 года апынулася ў вельмі цяжкім становішчы: дэфіцыт бюджэту склаў 12,7% ВУП, пры гранічных у Еўразоне 3%. Урад пачаў шырокую праграму прыватызацыі, двойчы выпускаючы глабальныя аблігацыі, аднак вясной 2010-га эканоміка апынулася на мяжы дэфолту, што абваліла еўравалюту да гадавога мінімуму. Колькасць беспрацоўных у Грэцыі пачала імкліва павялічвацца: з 9,8% у кастрычніку 2009 года — да 12,6% у верасні 2010 года і 13,5% у кастрычніку 2010 года. Дарэчы, пасля гэты паказчык працягнуў свой рост.

Права на калядны падарунак

16 краін Еўрасаюза і МВФ дамовіліся аб выдзяленні Грэцыі фінансавай дапамогі ў памеры 110 млрд еўра (80 млрд ад ЕС і яшчэ 30 млрд ад МВФ) пры ўмове ўвядзення жорсткай праграмы эканоміі. Яна прадугледжвала скарачэнне, замарожванне заработнай платы, павышэнне пенсійнага ўзросту, павелічэнне падаткаў, што абярнулася для краіны хваляй забастовак, масавых акцый пратэсту і беспарадкаў. Дзеля напаўнення «падатковай карзіны» ўрад абвясціў падатковую амністыю, а таксама пачалася актыўная барацьба з карупцыяй. Найбольшы грамадскі рэзананс атрымалі справа Ватапедскага манастыра на Афоне, а таксама скандал з кампаніяй «Sіemens» у Грэцыі.

Усяго з 2010-га міжнародныя крэдыторы ўзгаднілі тры планы фінансавай дапамогі Грэцыі. У сярэдзіне 2015 года краіны ЕС узгаднілі чарговую праграму ў памеры 86 мільярдаў еўра. У маі 2016-га міністры фінансаў пагадзіліся нават на кароткі час вызваліць Афіны ад выплаты працэнтаў. Раней Фонд фінансавай стабілізацыі краін Еўразоны (ESM) ухваліў пералік Грэцыі чарговага траншу крэдыту ў памеры 2,8 мільярда еўра. Савет дырэктараў фонду прыняў гэтае рашэнне на падставе таго, што Афіны дэманструюць прагрэс у правядзенні неабходных рэформаў.

Праўда, рэалізацыя апошняга пагаднення была ўскладнена нядаўнім скандалам, справакаваным рашэннем Афін насуперак меркаванню крэдытораў выдаць перад Калядамі 1,6 млн грэчаскіх пенсіянераў аднаразовую грашовую дапамогу. Тым, хто атрымлівае менш чым 850 у месяц, было дадаткова выплачана ў сярэднім па 385. На гэтыя мэты, а таксама на субсідыі астравоў, якія прымаюць нелегальных мігрантаў, з бюджэту пазапланава былі выдзелены 600 мільёнаў еўра.

Вядома, крэдыторы абурыліся, бо на краіне вісіць дзярждоўг — 315 млрд (180% ВУП). Паводле ацэнак ЕС, у выпадку рэалізацыі комплексу ўзгодненых мер і далейшых рэформаў агульны доўг Грэцыі да 2060 года можа скараціцца на 20% ВУП. Але ва ўрадзе Грэцыі пярэчаць: пагадненне з еўракрэдыторамі дазваляе павялічваць выдаткі ў выпадку росту даходаў вышэй, чым запланавана. Па выніках 11 месяцаў 2016 года даходы бюджэту Грэцыі аказаліся вышэй запланаваных на 1,5 млрд, з якіх 617 млн прэм'ер-міністр Алекс Цыпрас прапанаваў выдзеліць на калядныя выплаты пенсіянерам. «Вы не можаце прасіць нас аб тым, што не можа быць зроблена ў рамках эканомікі, якая нясе на сабе сляды ран, атрыманых у выніку вашых жа памылак», — заўважыў кіраўнік грэчаскага ўрада.

Вядома, ніхто не хоча, каб яшчэ адна праграма аказання дапамогі Грэцыі, на гэты раз 86-мільярдная, правалілася. Асабліва ў той час, калі геапалітычная важнасць краіны пачала расці. Гэта датычыцца, ці не ў першую чаргу, вялізнай хвалі бежанцаў, для якіх менавіта Грэцыя — пярэдні край Старога Свету. Мігранты працягваюць прыбываць на грэчаскія астравы ўсходняй і паўночна-ўсходняй часткі Эгейскага мора. Прычым апошнім часам назіраецца трывожная з'ява — павелічэнне колькасці мігрантаў не з краін Блізкага Усходу, ахопленых ваеннымі дзеяннямі. Нацыянальная прыналежнасць мігрантаў уражвае: Конга, Эфіопія, Эрытрэя, Алжыр, Гана, Гвінея, Малі, Бангладэш, Сьера-Леонэ, Гамбія, Нігерыя, Судан, Ангола і нават Ямайка.

Прадстаўнікі Грэцыі і Еўразоны абмеркавалі гарантыі, якія могуць даць Афіны ў якасці абавязацельстваў, што калядныя выплаты пенсіянерам — адначасовая мера, якая не паўторыцца. Грэцыя запэўніла крэдытораў у прыхільнасці ўзгодненай раней эканамічнай праграме. У краіны з'явіўся шанц трохі знізіць дзярждоўг. Міністры фінансаў краін Еўразоны выказалі гатоўнасць аднавіць перамовы аб першых кроках па зніжэнні пазыковай нагрузкі Грэцыі. Такія перамовы могуць працягнуцца ў студзені. «Рады паведаміць, што мы знялі перашкоды ў адносінах да працэдуры прыняцця рашэнняў па кароткатэрміновых мерах у дачыненні доўгу», — гаворыцца ў заяве кіраўніка Еўрагрупы (аб'ядноўвае міністраў фінансаў Еўразоны) Ерун Дзейселблума.

У чаканні «грэкзіту»?

Летась грэчаская эканоміка стабілізавалася і вярнулася да росту, падкрэсліў прэм'ер-міністр Алексіс Цыпрас у сваім выступленні ў парламенце. Дзякуючы перш за ўсё сферы паслуг. Мінулы год адзначыўся павелічэннем ўязнога турызму: Грэцыю наведала больш за 27 млн замежных гасцей, што стала рэкордным паказчыкам у гісторыі краіны. Па ацэнцы Грэчаскай Нацыянальнай турыстычнай арганізацыі (GNTO), зыходзячы з браніравання 2017-га, сёлетні год абяцае быць яшчэ больш паспяховым: колькасць заявак ад замежных тураператараў на перыяд з красавіка па лістапад ужо ўзрасла на 19% у параўнанні з аналагічным перыядам 2016-га. Як заявіў генеральны сакратар GNTO Дзімітрыс Трыфонапулас, у яго ведамстве ўжо бачаць «істотныя тэмпы росту, якія амаль у два разы перавышаюць сярэдні сусветны паказчык». Па дадзеных GNTO, уклад турызму ў ВУП Грэцыі летась склаў 20%.

Алексіс Цыпрас заўважыў, што 2017-ы стане знакавым годам для выхаду з крызісу, што сёлетні бюджэт аптымістычны — гэта бюджэт росту і аднаўлення эканомікі. Паводле яго слоў, чакаецца і скарачэнне беспрацоўя. Разам з тым ён заявіў, што Грэцыя не пойдзе на такія рэформы на рынку працы, якія адкінуць яе ад еўрапейскіх заваёў.

Мяркуючы па тым, як развіваліся падзеі ў снежні 2016-га, паўтара года адноснага спакою ў Грэцыі хутка падыходзяць да канца. Старому Свету варта рыхтавацца ў 2017 годзе да магчымасці чарговага «грэкзіту», лічаць асобныя аналітыкі. Зрэшты, прэм'ер Цыпрас настроены аптымістычна і ўпэўнены, што яму ўдасца ўладзіць чарговы крызіс у адносінах з крэдыторамі. Відавочна, кіраўніка грэчаскага ўрада натхніла падтрымка Франсуа Аланда, які заявіў на саміце ЕС, што аб далейшых патрабаваннях ад грэкаў не можа быць і гаворкі, а таксама шэрагу іншых левых лідараў Еўропы.

Грэкі застануцца вернымі самім сабе. У гэтым, прынамсі, пераконвае віншавальная калядная паштоўка, разасланая Мінфінам Грэцыі. На ёй — выява Эбінейзера Скруджа, героя «Каляднай песні» Чарльза Дзікенса. Як вядома, гэта персанаж, які ўвасабляе сквапнасць і прагнасць і не здольны падзяліць радасць навакольных з нагоды будучага свята. «Дарагія сябры, — гаворыцца ў віншавальным тэксце, — нашы пажаданні перамогуць усіх «эбінейзераў» гэтага свету і іх маркотную адзіноту». Грэкі не губляюць аптымізму і, безумоўна, станцуюць сваё сіртакі. Няхай пакуль сумнае.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Сумнае сіртакі

Выбар рэдакцыі

Культура

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Свята, якое ўжо традыцыйна ладзіцца ў першую нядзелю верасня, сёлета прымае Слонім.

Грамадства

Як працуюць сядзелкі

Як працуюць сядзелкі

Попыт на сядзелак ці медсясцёр, якія могуць даглядаць цяжка хворых людзей на даму, пастаянна расце.

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.