Вы тут

Свята прайшло спакойна


Але без выкліку экстранных службаў усё ж не абышлося.

Агучаныя на мінулым тыдні меры бяспекі падчас навагодніх гулянняў у грамадскіх месцах далі свой плён. Як адзначылі ў Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі, на такіх пляцоўках якіхсьці надзвычайных здарэнняў, злачынстваў і грубых парушэнняў парадку ў святочную ноч зафіксавана не было.


Але без здарэнняў, як кажуць, прыватнага характару, не абышлося. Па-за межамі грамадскіх месцаў некаторыя людзі адзначылі Новы год шумна ў літаральным сэнсе гэтага слова. І больш за тое, з наступствамі. У адной са сталічных шматпавярховак навагодняй раніцай разыгралася драма са стралянінай. У 6.40 па нумары 102 паскардзіўся нехта з жыхароў, што ў адной з кватэр вельмі моцна шумяць і перашкаджаюць адпачываць. Туды быў адпраўлены міліцыянер, які на лесвічнай пляцоўцы ўпэўніўся: гучны шум у пад'ездзе сапраўды прысутнічае. Пасля гэтага ўсё і закруцілася.

— Спробы паўшчуваць нядбайнага нецвярозага суседа аказаліся марнымі, — паведаміў афіцыйны прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі. — Ён ударыў міліцыянера ў грудзі, пасля пачаў біць па галаве і паспрабаваў адабраць табельную зброю. Папярэджанне "страляць буду!" прайшло міма вушэй нападніка. Завязалася барацьба, падчас якой сяржант міліцыі спярша зрабіў папераджальны стрэл, а пасля ўжо два — на паражэнне, імкнучыся пры гэтым нанесці мінімальны ўрон. Абодва ўдзельнікі інцыдэнту шпіталізаваны. Распачата крымінальная справа па артыкуле 363 Крымінальнага кодэкса — "Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў".

Сваю лепту ўнесла і піратэхніка. Па словах намесніка начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Віталя Дэмбоўскага, у навагоднюю ноч у Мінску ад святочнай выбухоўкі пацярпелі 4 чалавекі. Два з іх атрымалі лёгкую кантузію вочнага яблыка, яшчэ ў аднаго паранена далонь. Чацвёртаму чалавеку петарда апаліла палец на правай руцэ. А вось у Віцебску 23-гадовы хлопец трапіў у бальніцу з апёкам жывата пасля таго, як няўдала запусціў петарду каля інтэрната.

Не абышоўся першы дзень 2017 года і без сур'ёзнага ДТЗ. Па звестках УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама, 1 студзеня на Мінскай кальцавой аўтадарозе легкавік "Фальксваген Пасат" урэзаўся ў асвятляльную мачту. Па папярэдняй інфармацыі, аварыя адбылася з-за таго, што нецвярозы вадзіцель не справіўся з кіраваннем. Тры чалавекі атрымалі моцныя траўмы, сярод якіх перабітае лёгкае і зламанае сцягно.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennіk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.