Вы тут

Як дзяржава падтрымлівае сем'і з дзецьмі?


На сайце Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Беларусi прайшла анлайн-канферэнцыя, прысвечаная дзяржаўнай падтрымцы сем'яў, якiя выхоўваюць дзяцей.


Публiкуем некаторыя пытаннi i адказы на iх супрацоўнiкаў мiнiстэрства.

— Я даглядаю дачку-iнвалiда i атрымлiваю дапамогу па яе доглядзе. Падкажыце, калi будзе ўведзена норма аб тым, што магчыма працаваць на 0,5 стаўкi з атрыманнем дапамогi па доглядзе дзiцяцi-iнвалiда ва ўзросце да 18 гадоў?

Намеснiк начальнiка аддзела народанасельнiцтва, гендарнай i сямейнай палiтыкi Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Марына Арцёменка:

— Гэтая норма прадугледжана праектам Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якiя выхоўваюць дзяцей».

Праект Закона быў прыняты 16 снежня 2016 года ў першым чытаннi Палатай прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь. Прадугледжана, што ён уступае ў сiлу з 1 лiпеня 2017 года.

Iнфармацыя аб апублiкаваннi нарматыўнага прававога акта будзе размешчана ў сродках масавай iнфармацыi i на афiцыйным сайце Мiнiстэрства працы i сацабароны.

* * *

— Цi правамерна атрыманне свабоднага ад работы дня ў тыдзень адным з бацькоў траiх дзяцей да 16 гадоў, калi муж i жонка зарэгiстраваныя па розных адрасах?

Намеснiк мiнiстра працы i сацыяльнай абароны Аляксандр Румак:

— Мацi (мачасе) цi бацьку (айчыму), апекуну (папячыцелю) дадатковы свабодны ад работы дзень у тыдзень з аплатай у памеры сярэдняга дзённага заробку даецца пры выхаваннi iмi дзiцяцi-iнвалiда ва ўзросце да 18 гадоў альбо траiх i больш дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў.

Калi бацькi дзяцей знаходзяцца ў зарэгiстраваным шлюбе i пры гэтым адсутнiчаюць падставы для аднясення сям'i да катэгорыi няпоўнай, то такая сям'я разглядаецца як поўная. Факт рэгiстрацыi мужа i жонкi па розных месцах пражывання не з'яўляецца падставай для адмовы бацьку дзяцей у атрыманнi свабоднага дня ў тыдзень.

Для даведкi: сям'я разглядаецца як няпоўная ў выпадках, калi:

бацькi, усынавiцелi (удачарыцелi) не знаходзяцца ў шлюбе;

у выпадку смерцi мужа (жонкi), прызнання яго (яе) без вестак адсутным (адсутнай), абвяшчэння памерлым (памерлай);

шлюб не скасаваны, але ў дачыненнi да мужа (жонкi) вынесена рашэнне суда, вызначэнне пры судовым загадзе аб спагнаннi алiментаў на дзяцей або рашэнне суда аб пазбаўленнi яго (яе) бацькоўскiх правоў у адносiнах да дзяцей;

шлюб не скасаваны, але муж (жонка) змяшчаецца ва ўстанове крымiнальна-выканаўчай сiстэмы або лячэбна-працоўным прафiлакторыi МУС, або адшукваецца органамi ўнутраных спраў па пастанове (вызначэннi) органаў крымiнальнага пераследу або суда, альбо прызнаны недзеяздольным у судовым парадку.

* * *

— Нам як шматдзетнай сям'i налiчаны сямейны капiтал. У Беларусбанку ўжо адкрыты дэпазiтны рахунак. Цi можна датэрмiнова скарыстацца сямейным капiталам для куплi або будаўнiцтва жылля?

Аляксандр Румак:

— Права на распараджэнне сродкамi сямейнага капiталу даецца па заканчэннi 18 гадоў з даты нараджэння дзiцяцi, у сувязi з нараджэннем, усынаўленнем (удачарэннем) якога сям'я набыла права на прызначэнне сямейнага капiталу.

Датэрмiнова сродкi сямейнага капiталу могуць быць выкарыстаны толькi на атрыманне членам (членамi) сям'i платных медыцынскiх паслуг, што аказваюцца арганiзацыямi аховы здароўя, у парадку i па пералiку, якія вызначаюцца Мiнiстэрствам аховы здароўя.

У цяперашнi час iншыя магчымасцi датэрмiновага выкарыстання сродкаў сямейнага капiталу не разглядаюцца.

* * *

— З якой даты назначаецца дапамога сем'ям на дзяцей ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзiцяцi ва ўзросце да 3 гадоў — з дня нараджэння малодшага дзiцяцi або пасля аплаты бальнiчнага па цяжарнасцi i родах?

Начальнiк аддзела народанасельнiцтва, гендарнай i сямейнай палiтыкi Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Вера Лабковiч:

— Гэтая дапамога прызначаецца з дня ўзнiкнення права на яе, калi зварот па яе прызначэнне адбыўся не пазней за 6 месяцаў з дня ўзнiкнення такога права.

У адпаведнасцi з нормамi дапамога прызначаецца пры ўмове прызначэння дапамогi па доглядзе дзiцяцi ва ўзросце да 3 гадоў. Таму заява аб яе прызначэннi можа быць пададзена не раней за дзень падачы заявы аб прызначэннi дапамогi па доглядзе дзiцяцi ва ўзросце да 3 гадоў. Пры гэтым дапамога прызначаецца i выплачваецца з даты нараджэння малодшага дзiцяцi.

* * *

— Я навучаюся ў ВНУ на дзённым аддзяленнi. У перыяд вучобы аформлена на работу на поўную стаўку. Па месцы работы мне аплацiлi бальнiчны лiст па цяжарнасцi i родах, а па месцы вучобы — не, матывуючы тым, што ў мяне работа на поўную стаўку. Цi правамерная адмова?

Аляксандр Румак:

— Дапамога па цяжарнасцi i родах прызначаецца па месцы работы (службы), вучобы ў дзённай форме атрымання адукацыi. Асобам, якiя сумяшчаюць навучанне ў дзённай форме атрымання адукацыi з работай, дапамога прызначаецца i па месцы вучобы, i па месцы работы.

Памер дапамогi вызначаецца зыходзячы з памеру прызначанай жанчыне стыпендыi на дзень наступлення цяжарнасцi i родаў. Пры гэтым дапамога не выплачваецца за перыяд, за якi выплачана стыпендыя.

З улiкам сказанага, факт выканання работы на поўную стаўку i назначэння дапамогi па месцы работы не з'яўляецца падставай для адмовы ў назначэннi дапамогi па месцы вучобы ў дзённай форме атрымання адукацыi.

Святлана Бусько

buskо@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля Клешчука

Загаловак у газеце: Iзноў аб падтрымцы сем’яў з дзецьмi

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.