Вы тут

Якія старажытныя традыцыі беларусаў уласцівыя зіме?


Калі пачынаўся на Беларусі новы год? Чаго палешукі жадалі адзін аднаму на Каляды? Калі ставілі ялінку?

З загадчыкам гомельскага філіяла Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Ф. Шклярава Пятром Цалкам гутарым пра старажытныя традыцыі беларусаў, уласцівыя гэтай, зімовай, пары года.


Зімовая бабская работа

— Калі зямля адпачывае, уся праца пераходзіць ва ўнутраную прастору хаты. Мне бабуля расказвала, што ўвосень і ўзімку прыходзіў час апрацоўкі лёну. Зіма лічылася часам так званай бабскай работы. Жанчына перапрацоўвала тое, што вырасціла за лета. І таму ў кожным двары існавалі ўсе прыстасаванні, каб гэта рабіць: церніцы, мялкі, ільнотрапалкі, часалкі, грэбні... У Піліпаўку — так называлі пост перад Раством, пачыналі прасці нітку.

Як гэта рабілі нашы продкі, Пётр засвоіў не толькі тэарэтычна. Ён і сам можа прасці і ткаць і іншых вучыць — у філіяле Веткаўскага музея, будынак якога знаходзіцца ў цэнтральным парку Гомеля. Расказвае, пралі спачатку лён, а потым ужо воўну. Яго пралі першым таму, што з лёну рабіліся ўсе асновы. Нітка атрымлівалася розных відаў. Магла быць тоўстай, з рэшткамі кастры. З яе вяроўкі круцілі, каб кароў прывязваць ці путаць. Далей — крыху танчэйшая, яна ішла на дзяругі, мешкавіну. Далей ішла нітка чыстая, але яшчэ тоўстая. З яе рабілі посцілкі. Далей выраблялі танчэйшую — на кашулі. Але кашуля, аказваецца, магла быць з некалькіх відаў нітак зроблена. Верхняя бачная частка — з больш тонкай. А тая, што была пад андаракам, — з больш грубай. Цікава, што ў архаічнай традыцыі кашулі рабілі адмыслова з цэльніц — гэта значыць, з цэлага кавалка палатна.

— Ва ўток пускалі больш грубую нітку — да сярэдзіны вырабу, а потым — больш тонкую. Ніз хутчэй зносіўся, праціраўся, таму яго рабілі з грубай тканіны. А яшчэ таму, што ён не навідавоку, значыць, можна сэканоміць. Бо кужэльнай танюсенькай ніткі самай высокай пробы не так шмат і атрымлівалася ўрэшце. Але многія навукоўцы ў гэтым бачаць пэўную сімволіку. Ніжняя частка цела чалавека адказвае за рэпрадукцыю. Для гэтых мэт лічылася добрым, каб ніз адзення быў кашлаты ці грубы. Як, напрыклад, бог жывёлы Вялес, якога ўяўлялі кашлатым. Таму і панёва ці андарак часцей за ўсё рабіліся з воўны.

Чырвоная нітка жыцця

А яшчэ нашы продкі мелі шмат забабонаў, водгукі якіх даследчыкі знаходзяць і ў сучасным жыцці. Напрыклад, чырвоная нітка, якую сёння можна пабачыць на запясці нават зорак эстрады. Ад сурокаў, кажуць. Між тым калісьці дзяўчынка завязвала сабе на запясце першую спрадзеную нітку. Яна яе сабе на вяселле такім чынам захоўвала. Альбо — каб дзіцяці перавязваць ёй пупавіну. Верылі, што яна можа ўздзейнічаць на лёс, дапамагаць адрозніваць злое ад добрага, быць пэўным бар'ерам ад сурокаў.

— Пятніца была днём, калі ўвогуле забаранялася прасці, — расказвае Пётр Цалка. — Казалі: нельга запарушваць вочы Параскеве Пятніцы альбо продкам сваім памерлым. У гэты дзень можна было спрадзенае зматваць. Таксама была забарона прасці ў святы, асабліва цяжарным. Баяліся, што ад гэтага дзіця задушыцца пупавінай. Нітка і ў беларускай міфалогіі атаясамліваецца з жыццём. Сённяшнія забабоны некалькі трансфармаваны, але сутнасць іх тая ж. Напрыклад, дагэтуль гавораць, што цяжарным нельга шыць ці праз вяроўку пераступаць. Быў закон сусвету, які ўпарадкоўваў усё жыццё людзей. Працаваць трэба было ў рабочы дзень, а адпачываць — на свята. І калі ты раптам парушыў гэты закон сусвету, то магло нешта змяніцца ва ўнутраным свеце чалавека. Чалавек сябе такім чынам структураваў. Ён упарадкоўваў свет вертыкаллю асновы і гарызанталлю ўтку, каб жыць па законах космасу.

Час працаваць і час адпачываць

Язычніцтва з хрысціянствам адмыслова перапляталіся ва ўяўленнях нашых продкаў. Напрыклад, яны лічылі, што нельга снаваць асновы для красён у панядзелак — бо ў гэты дзень Бог заснаваў свет. Было забаронена пачынаць нешта новае, напрыклад палатно, якое атаясамлівалася з плоццю. Пры гэтым многія традыцыі адрозніваліся па рэгіёнах. На Палессі ў асобных населеных пунктах не пралі не толькі ў пятніцу, але і ў сераду, якая таксама для нашых продкаў мела жаночы пачатак. Дарэчы, і новы дзень пачынаўся, як толькі заходзіла сонца — таму ўжо вечарам у чацвер ніхто не праў, бо лічылася, што зайшла пятніца.

Дарэчы, святочныя вечары нашы продкі называлі яшчэ «крывыя» вечары, бо лічылі: усё, што ў гэты час будзе зроблена, не будзе добрым, разваліцца. Крывыя — значыць, не такія, як трэба. Лічылася, што калі парушыць гэтыя забароны — можна зрабіць сабе шкоду, нават ненаўмысна. Таму падчас свят з хаты нават выносілі ўсё абсталяванне, звязанае з іх прадзеннем. З 7 да 19 студзеня можна было рабіць толькі нешта дробнае па гаспадарцы. У гэтыя вечарыны часта гулялі. З 6 на 7, з 13 на 14 і ўвесь час да Вадохрышча хадзілі па хатах, калядавалі і спявалі.

Між тым, падчас прадзення ў позні перыяд часцей за ўсё выконваліся псалмы альбо духоўныя вершы. Іх цягучы рытм дапамагаў прасці. А збіралася ў адной хаце 5-10 жанчын. Калі раніцай збіраліся — называлася «попрадкі», а калі вечарам — «вячоркі».

— Толькі пад канец справы, у хату заходзілі хлопцы і пачыналі жартаваць, — растлумачвае асаблівасці паводзінаў беларусаў Пётр Цалка. — На вячоркі, дарэчы, збіраліся, яшчэ і для таго, каб паказаць сябе. Прыходзілі жанчыны рознага ўзросту. Таму побач маглі сядзець будучая свякроў і нявестка. Старэйшая назірала за дзяўчатамі. Звяртала ўвагу і на тое, як працуе, і на тое, як паводзіць сябе. А дзяўчына гэтым часам сябе прэзентавала. Такім чынам прадзенне нельга назваць толькі працэсам стварэння ніткі. Прыходзілі не толькі ніткі рабіць, але і бавіць час, і пераймаць традыцыі, і досвед перадаваць. Усе адзін у аднаго вучыліся. Успаміналі і такое: «А ў нас дзед стары на палацях ляжаў і нам казкі распавядаў». Да таго ж за вечар праходзіла і ўся інфармацыя — не трэба было тэлевізара з камп'ютарам. Тым часам гурт хлопцаў абыходзіў за вечар некалькі хат. Яны не проста бадзяліся: нешта расказвалі, жартавалі, прыглядалі сабе дзяўчыну і адначасова паказвалі сябе.

Аптымізм прадказанняў

Між тым не ўсё так проста з Новым годам. Ён наступаў не 1 студзеня, як зараз. У беларусаў, як і ў многіх народаў, новы год пачынаўся, калі трэба было апрацоўваць зямлю. Але ж на Каляды варажылі на будучы ўраджай. Таму, гаворыць Пётр Цалка, можна лічыць, што з Каляд пачынаўся новы аграрны год беларусаў.

— Сачылі за колькасцю зорак на небе — і па іх вызначалі: ці будзе жыта, ці будуць грыбы. Казалі, напрыклад: шмат снегу — будзе многа белых грыбоў. Калі чорная зямля — будзе шмат чарніц. Штосьці ды будзе абавязкова. Практычна не было песімістычных прадказанняў. На Каляды традыцыя была ўносіць у хату сена, якое клалі пад абрус. Па ім варажылі на наступны год. Выцягвалі з-пад абруса травінкі і па іх даўжыні, па кашлатасці вызначалі, які сёлета будзе ўраджай лёну, збожжа... Ялінка ў беларускай традыцыі таксама ёсць. Яе на Палессі ў большасці вёсак упрыгожвалі свечкай, асвячонай у царкве, на гуканне вясны, на Стрэчанне або Грамніцы. Гэтую ялінку неслі ўздоўж усёй вёскі са спевамі да крыжа, які стаяў на самым высокім месцы ў вёсцы. Але ж ёсць і другі новы год у жыцці чалавека. Гэта — вяселле. На ўсе палескія вяселлі абавязкова рабілі ялінку, якую таксама ўпрыгожвалі. І раней, чым выкупіць дзяўчыну, трэба было выкупіць яе ялінку, якую потым неслі за маладой.

Смачна есці!

— Стол успрымаўся вышэйшым пунктам сусвету, — працягвае расказ Пётр Цалка. — Яго ставілі звычайна ў чырвоным куце — месцы, дзе жыве Бог. Асноўнай стравай на Каляды лічылася куцця. Іх было тры. Першая — посная, галодная — перад самімі Калядамі. Рабілі яе з ячменю, які таўклі ў ступе. У яе дадаваўся толькі алей. Другая рабілася на другі Новы год, або на Васілле, Шчодрык. Гэта была багатая куцця. У ёй былі і скваркі, і мяса. Да Каляд забівалася парася. Абавязкова рабіліся каўбасы, саланіна, вяндліна... Беларусы маглі сабе два разы на год такое дазволіць. Зімой гэта было звязана з праекцыямі на наступны год. Чым багацейшы стол на Каляды — тым будзе лепшым статак і ўраджай налета. Куцця перад Вадохрышчам таксама была посная, але ў яе можна было дадаваць мёд і мак. І гэтыя куцці паказвалі на розны стан прыроды і жыцця чалавека. На куццю звалі Мароз. Яго навукоўцы звязваюць з продкамі, якіх клікалі есці. Але ёсць вёскі, у якіх непасрэдна дзядоў клікалі вячэраць. Галоўны ў сям'і браў лыжку куцці, падыходзіў да акна ці да пачэснага кута ў розных варыянтах. Грукаў у акно ці ў вугал хаты і тройчы казаў: «Мароз, мароз, хадзі куццю есці. А летам не бывай, не маражы пшаніцу, бо мы будзем біць цябе драцянымі пугамі». Тройчы прамоўленае станавілася заклінаннем. З кожнай стравы адкладвалі лыжку ў асобную міску, якую ставілі ці на покуць, ці на падаконнік. Дарэчы, па куцці маглі яшчэ і варажыць. Лічылі, калі яна разварваецца і з гаршка вылазіць, — значыць, будзе добры ўраджай. Рэшткі кідалі курам, ствараючы пры гэтым круг. Куры павінны былі ў ім есці, каб летам яны добра несліся і не разбягаліся па суседзях. Як сёння сказалі б: у гэты час адкрываецца партал у іншы свет — праз пэўныя абрадавыя атрыбуты (ваду, свечку, зерне, пеўня) можна звярнуцца альбо да Бога, альбо да продкаў. Сэнс варажбы — зазірнуць у будучыню.

Увогуле ж калядная вячэра была камернага характару, калі ўзгадвалі сваіх продкаў усе сваякі, якія збіраліся ў адну хату. Як сёння Новы год лічыцца сямейным святам, так было і ў нашых продкаў. Пры гэтым замужнія жанчыны заставаліся ў хаце сваякоў мужа.

А вось наконт ужывання моцных напояў беларусамі падчас свята навукоўцы спрачаюцца, адзначае Пётр Цалка.

— Мы можам казаць толькі пра XVІІІ—XІX стагоддзе. Моцных алкагольных напояў беларусы не ўжывалі. Пілі слабаалкагольныя квас і піва, для вырабу якіх выкарыстоўвалі пшаніцу, яблыкі, грушы, журавіны сушаныя... Да таго ж ніхто доўга не сядзеў за сталом. Абавязкова трэба было патанцаваць паміж стравамі.

Калі певень заспявае

Нельга абысці бокам і чырвонага пеўня, выявы якога сёння глядзяць з кожнай сувенірнай крамы — нагадваюць пра Новы год па ўсходнім календары. Певень — птушка вельмі важная і для беларусаў. Яны памятаюць, што ў хрысціянскай традыцыі менавіта певень нагадаў апосталу Пятру аб здрадзе. Гэта птушка, якая прыносіць світанак. Казалі, сонца не ўзыдзе без яго спеваў. Певень на варце мяжы ночы і дня, дабра і зла. Аказваецца, дзяўчаты варажылі з дапамогай пеўня. Кожная рассыпала каля сябе зерне. Лічылася, да каго певень пойдзе, тая замуж сёлета выйдзе.

Між тым у беларусаў былі асаблівыя пажаданні, якія агучвалі калядоўшчыкі. Дарэчы, яны і сёння не страцілі сваёй актуальнасці. Так, жадалі: «Каб вашаму роду не было пераводу. Каб пілося, елася і яшчэ хацелася. Каб лыжкі-міскі былі мыты, а дзеткі сыты».

Пётр Цалка, між іншым, нарадзіўся і пражыў усё юнацтва ў вёсцы Сіманавічы Лельчыцкага раёна. Сам, кажа, на Каляды па хатах бегаў:

— На другі дзень пасля шчодрага вечара раніцай былі «засеўкі». Малыя дзеткі бегалі і рассыпалі зерне па хаце. Казалі: «Сыплю на печ грэчкі, каб каціліся авечкі». Усе пажаданні тычылася пладавітасці: ці жывёлы, ці людзей, ці збожжа. Сыпалі не проста жыта — сеялі шчасце. І «сеялі» не абы хто, а малыя дзеткі. Самі як зерне, якое хутка прарасце. Знакамі ўраджаю быў «засеяны» і святочны абрус палешукоў.

Між тым пасля Каляд пачынаўся іншы перыяд: у хату ўносіліся кросны і пачыналі ткаць палотны. Рабілі гэта да самага Вялікадня. Але, як кажуць, — гэта зусім іншая гісторыя. Да якой яшчэ дажыць трэба.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Каб вашаму роду не было пераводу

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.