Вы тут

Як адзначыць Новы год «па навуцы»


Як нядаўна стала вядома, 2017-ы ў Беларусі будзе Годам навукі. Айчынныя вучоныя не стаяць у баку ад прагрэсу, а даказаць гэта можна хоць бы на прыкладзе... Новага года. Калі вам раптам надакучыла штогод праводзіць гэтае свята аднастайна, на дапамогу прыйдуць распрацоўкі спецыялістаў НАН, пра якія мы расказвалі вам цягам 2016-га. Многія з іх могуць аказацца карыснымі пры падрыхтоўцы да святкавання.


1. Віншуем родных

Вядома, трэба загадзя паклапаціцца пра віншаванні блізкіх людзей. Нягледзячы на існаванне інтэрнэту, многія дагэтуль карыстаюцца традыцыйнай поштай: выбіраюць прыгожыя паштоўкі, потым ад рукі пішуць цёплыя словы. Атрымаць такую вестку, вядома, прыемна, але ўявіце, якім было б уражанне вашага адрасата, калі б святочнае пасланне яму даставілі... проста з неба! Не трэба здзіўляцца — гэта можна лёгка зрабіць пры дапамозе лятальных апаратаў, якія распрацоўваюць у Навукова-вытворчым цэнтры шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН.

Пэўна, больш прыдатным для такой адказнай задачы стане «Буравеснік» — гэты беспілотнік можа пакрыць адлегласць у 290 кіламетраў на хуткасці 150 кіламетраў за гадзіну (ніякая пошта не канкурэнт!), пры гэтым карысная нагрузка складае 70 кілаграмаў: загрузіўшы яго не толькі паштоўкамі, можна прыемна здзівіць далёкіх родзічаў. Акрамя таго, на апараце ўсталявана камера, што працуе і ў інфрачырвоным рэжыме, таму вы зможаце ўбачыць шчаслівую ўсмешку атрымальніка нават у цемры!

Гаворачы ж сур'ёзна, беспілотнікі прызначаны ў першую чаргу для дзяржаўных ведамстваў. Але дастаўка рэчаў пры дапамозе такіх лятальных апаратаў — справа недалёкай будучыні. Так, амерыканская інтэрнэт-крама Amazon ужо тэсціруе перадачу пасылак сіламі так званых дронаў (іх, дарэчы, таксама будуць ствараць у НВЦ беспілотных комплексаў НАН).

2. Выбіраем месца для святкавання

На жаль, галоўнае свята зімы апошнім часам нярэдка страчвае ў атмасфернасці — Новы год без снегу стаў для нас прывычным. Калі для вас гэта сур'ёзная праблема — не турбуйцеся, рашэнне ёсць. Трэба ўсяго толькі трапіць у склад беларускай антарктычнай экспедыцыі, і сумёты пад акном 31 снежня вам гарантаваны (хай сабе ў Антарктыцы цяпер разгар лета — снегу там хапае і ў гэты час). Праўда, зрабіць гэта сёлета вы ўжо не паспееце — айчынныя палярнікі адправіліся ў дзявятае падарожжа на самы паўднёвы кантынент яшчэ ў кастрычніку. Адчайвацца не варта — антарктычная праграма ў Беларусі разлічана на шмат гадоў наперад, і новыя экспедыцыі будуць праходзіць і надалей.

Кіраўнік беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Гайдашоў на шматлікіх сустрэчах з грамадскасцю ўжо неаднойчы агучваў патрабаванні да «кандыдатаў у палярнікі». Калі вы маеце выдатнае здароўе, моцную псіхіку, некалькі спецыялізацый і жаданне правесці амаль паўгода за тысячы кіламетраў ад радзімы — віншуем, у вас ёсць шанцы. Тым больш што цяпер палярнікі будуюць для сябе ўласны дом — Беларускую антарктычную станцыю. Сёлета на «белым кантыненце» з'явіцца ўжо другі модуль БАС, першы быў усталяваны яшчэ летась.

Праўда, на асабліва бурнае святкаванне мы б на вашым месцы не разлічвалі. Новы год, па расказах палярнікаў, для іх праходзіць, як любы іншы працоўны дзень: у даследаваннях, мантажных работах і тэрміновых справах. Пра алкаголь няма чаго і казаць — кілішак каньяку вечарам 31 снежня лічыцца там за раскошу. А вось дранікамі вас, цалкам магчыма, пачастуюць.

3. Упрыгожваем дом

Калі хочаце зрабіць атмасферу ў кватэры сучаснай, ваш выбар — 3D-прынтары. Хутчэй за ўсё, не так шмат засталося чакаць часоў, калі любую бытавую дробязь можна будзе за лічаныя хвіліны «надрукаваць», не выходзячы з дома. У Нацыянальнай акадэміі навук вялікую ўвагу ўдзяляюць развіццю гэтага кірунку, над так званымі адытыўнымі тэхналогіямі працуюць спецыялісты адразу некалькіх інстытутаў.

3D-прынтары даюць магчымасць стварыць практычна любы па форме і ўнутранай структуры прадмет. Адзіны недахоп заключаецца ў тым, што вам прыйдзецца навучыцца працаваць у спецыяльных праграмах, пры дапамозе якіх робяць віртуальныя мадэлі будучых вырабаў. А далей — бясконцая прастора для фантазіі. Можна надрукаваць абсалютна любыя цацкі для ёлкі, упрыгажэнні для дома і не баяцца таго, што яны разаб'юцца. Тым больш што самы распаўсюджаны матэрыял, з якім працуюць прынтары, — пластык. З гэтай жа прычыны мы б не раілі спадзявацца, што «надрукаваць» атрымаецца ўсё, што хочаш, — пра наяўнасць у кватэры штопара і іншых абавязковых атрыбутаў свята варта паклапаціцца загадзя.

4. Накрываем на стол

У Нацыянальнай акадэміі навук даўно і паспяхова займаюцца распрацоўкай прадуктаў, якія, па словах супрацоўнікаў Навукова-практычнага цэнтра НАН па харчаванні, валодаюць высокай біялагічнай вартасцю і праходзяць шэраг лабараторных выпрабаванняў. Толькі не спадзявайцеся адшукаць сярод распрацовак навукоўцаў нешта накшталт маладзільнага салату «Аліўе». Усё значна больш празаічна, але калі вы збераце на стол, выкарыстоўваючы прадукты «аўтарства» айчынных навукоўцаў, то святочны вечар дакладна пройдзе для вас карысна.

На «першае» — кансервы. Па смакавых паказчыках яны наўрад ці змогуць канкурыраваць з мясам па-французску ці катлетамі, фаршыраванымі грыбамі, затое ўзбагацяць ваш арганізм цэлым наборам мінералаў і вітамінаў груп A, D, E і C. Пры выбары дэсерту звярніце ўвагу на пірожныя і тарты з паніжанай энергетычнай вартасцю — смак той жа, а шчокі не растуць! Пад бой курантаў можна замест шампанскага выпіць, напрыклад, сідр, у якім пры дапамозе спецыяльнай тэхналогіі захоўваюцца карысныя біялагічна актыўныя рэчывы. Распрацавана і фруктова-ягаднае віно з антыаксідантным дзеяннем, а таксама фруктовыя дыстыляты і моцныя напоі. А ці ведалі вы, што ў Беларусі выпускаюць любімы напой пісьменніка Рэмарка — кальвадос? Тэхналогію яго вытворчасці, якая, дарэчы, прадугледжвае трохгадовую вытрымку, распрацавалі і ўкаранілі на вытворчасці нашы навукоўцы.

***

Вядома, гэты матэрыял — з большага жарт, хоць некаторыя сапраўды знойдуць для сябе карысныя парады. Галоўнае ж у іншым: навука, якая многім падаецца такой складанай і далёкай, насамрэч заўсёды знаходзіцца побач з намі. Няхай так будзе і ў новым годзе!

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Формула свята

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.