Вы тут

Ігар Карпенка сустрэўся з педагогамі Магілёўшчыны


Ідэя стварэння пры міністры адукацыі грамадскага савета была агучана падчас сустрэчы новага кіраўніка адукацыйнай галіны з педагогамі Магілёўшчыны.


На сустрэчы ішла зацікаўленая размова аб праблемах і перспектывах развіцця адукацыі. Ігар Карпенка закрануў пытанне падрыхтоўкі кадраў, падкрэсліў неабходнасць больш пільнай увагі да якасці навучання, да работы сельскіх школ, аналізу іх дзейнасці.

Міністр мае намер распачаць канструктыўны дыялог з педагагічнай грамадскасцю. «Трэба наладжваць разумныя стасункі. Можа, трэба стварыць грамадскі савет. І першы, каго я запрашаю ў яго склад, — народны настаўнік Беларусі Валерый Барашкаў», — адзначыў міністр. У грамадскім савеце кіраўнік ведамства хацеў бы бачыць і педагогаў-практыкаў, і актыўных бацькоў, і вучняў, якія дасягнулі поспехаў у алімпіядах па тых ці іншых прадметах.

Дзелячыся планамі на пачатак 2017 года, міністр адукацыі адзначыў, што за бліжэйшыя шэсць—сем тыдняў ён плануе праехаць па ўсіх рэгіёнах, пры гэтым у першую чаргу наведаць не гімназіі, а сельскія малакамплектныя школы, паглядзець, як там адбываецца аптымізацыя сеткі навучальных устаноў, як арганізаваны падвоз дзяцей. Таксама Ігар Карпенка плануе азнаёміцца з тым, як працуюць установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў рэгіёнах, як фарміруецца заказ на кадры, наколькі выпускнікі такіх устаноў запатрабаваныя на рынку працы. У планах і наведванне навучальных устаноў іншых міністэрстваў і ведамстваў, бо за іх вучэбныя планы і праграмы адказвае Міністэрства адукацыі.

Ігар Карпенка праінфармаваў, што новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі плануецца ўнесці ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу да 1 ліпеня. Ён дадаў, што парламентарыям накіраваныя тыя новаўвядзенні, якія прапануецца ўносіць у кодэкс, каб ужо зараз можна было працаваць ва ўзаемадзеянні з міністэрствам. Кіраўнік ведамства заклікаў настаўнікаў-практыкаў і спецыялістаў да разгляду гэтага дакумента.

Міністр адукацыі запрасіў педагагічную грамадскасць і да абмеркавання іншых важных пытанняў. Да канца 2020 года трэба цалкам забяспечыць сістэму агульнай сярэдняй адукацыі новымі падручнікамі. Асабліва важна, каб да гэтай працы прыцягваліся настаўнікі-практыкі. Па інфармацыі, якой валодае кіраўнік ведамства, праца ў гэтым напрамку адладжана, асаблівых праблем няма. У той жа час яго цікавіць, ці насамрэч справядліва праходзіць конкурсны адбор сярод калектываў аўтараў вучэбных дапаможнікаў і як настаўнікі-практыкі задзейнічаны ў сістэме рэцэнзавання падручнікаў.

Пэўнага вывучэння патрабуюць і новаўвядзенні ў правілы прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Зараз абітурыент можа паспяхова здаць тэсты, прадставіць сертыфікаты, але што гэты абітурыент уяўляе сабой як асоба? Не выключана, што ён выбраў паміж дзвюма ВНУ той аптымальны варыянт, які яму дазваляе прайсці па балах, не маючы пры гэтым нацэленасці на канкрэтную прафесію. На думку міністра, гэта няправільна: абітурыент павінен мэтанакіравана выбіраць прафесію.

Сустрэча з педагагічнай грамадскасцю прайшла ў шчырай абстаноўцы. Лепшым педагогам вобласці Ігар Карпенка ўручыў кветкі. Віншуючы педагогаў з будучымі святамі, ён пажадаў ім у новым годзе дабрабыту і плённай працы.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Пачуць усіх: у грамадскі савет запрашаюцца...

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.