Вы тут

У Германіі шукаюць сямігадовага беларуса


Каб затрымаць яго і... вярнуць роднай маці.

Мілан Заят, хлопчык-першакласнік, пра якога «Звязда» пісала ў артыкуле «Сын, украдзены ўласным татам», дагэтуль (ужо амаль два месяцы) знаходзіцца за межамі краіны, і маці малога не мае пра яго ніякіх вестак. Па апошняй інфармацыі, нямецкі бок некалькі дзён таму пачаў вызначаць месцазнаходжанне бацькі з сынам. Аднак, як высветлілася, пры гэтым папяровая версія дакументаў, сабраных Ганнай Заят і адпраўленых у Федэральнае ведамства юстыцыі Германіі, туды так і не трапіла.


 

Цяпер паперы чакаюць у Боне з дыпламатычнай поштай МЗС Беларусі. Куды зніклі дакументы і чаму змарнавана столькі часу?.. Мінюст — цэнтральны орган з боку Беларусі, які ўпаўнаважаны дзейнічаць у межах Гаагскай канвенцыі аб грамадзянскіх аспектах міжнароднага крадзяжу дзяцей. Менавіта па гэтым пагадненні дзейнічаюць і беларускі, і нямецкі бакі.

На думку аўтара артыкула, тэрміны сумеснай працы ведамстваў, на жаль, не адпавядаюць моцы імкнення матулі вярнуць сына дахаты. Амаль месяц цягнецца толькі перапіска па электроннай пошце паміж ведамствамі юстыцыі Беларусі і Германіі і маці хлопчыка, а дакументы, якія Мінюст накіраваў звычайным лістом у Германію, так і зніклі. Знайсці вінаватага ў гэтым немагчыма, ды, думаецца, і не варта. Значна больш істотна цяпер адшукаць хлопчыка і ўжо не выпускаць яго з-пад увагі нямецкіх уладаў, пакуль тамтэйшы суд не прыме рашэнне аб яго вяртанні на радзіму.

— Мы працуем па канвенцыі з 1 сакавіка 1998 года, накіроўваем дакументы ў розныя краіны свету. І такога проста ніколі не здаралася, каб дакументы згубіліся. І з германскім юрыдычным ведамствам таксама працуем даўно, і ні разу не было нараканняў. Адзінае, што мы можам дапусціць, што адбылася нейкая тэхнічная няўвязка. Разам з тым нямецкі бок аператыўна ўключыўся ў работу па дакументах і зваротах, накіраваных ім па электроннай пошце, — тлумачыць Марына ЖАНДАРАВА, начальнік аддзела выканання міжнародных дагавораў упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства юстыцыі Беларусі.

Віртуальныя пытанні пра папяровыя лісты

Першы раз пакет дакументаў на дзіця: натарыяльна засведчаныя копіі дакументаў і іх пераклады на нямецкую (пасведчання аб нараджэнні, пасведчання аб шлюбе, даведкі з месца жыхарства пра рэгістрацыю дзіцяці па пэўным адрасе) разам з заявай ад Ганны быў сабраны яшчэ 28 лістапада. 29 лістапада іх накіравалі ў цэнтральны офіс Федэральнага ведамства юстыцыі Германіі ў Боне. Па электроннай пошце туды ж накіравалі і заяву жанчыны.

Сама Ганна перапісвалася па пошце не з цэнтральным офісам, а са структурным падраздзяленнем ведамства юстыцыі Германіі, якое ў асобе пані Ханны Брэмер зараз і займаецца пошукамі Мілана і Мухамада (бацькі хлопчыка).

Мінюст таксама дасылаў па электроннай пошце гэтаму падраздзяленню запыт пра атрыманне папер ад цэнтральнага офіса — адказ быў адмоўны. Галаўны офіс на такі ж запыт ад нашага Мінюста адказу ўвогуле не даў. Тады айчынныя спецыялісты звярнуліся ў галоўнае консульскае ўпраўленне Міністэрства замежных спраў Беларусі, каб яны паспрыялі дабіцца адказу, ці дайшлі ўсё ж дакументы да нямецкага органа юстыцыі і чаму дагэтуль не вызначаны выканаўца з таго боку.

Ганна самастойна перапісваецца па электроннай пошце і з Пасольствам Беларусі ў Германіі.

— Адтуль мне адказалі, што хоць пошукамі дзіцяці і занялося ўжо структурнае падраздзяленне ведамства юстыцыі Германіі, але ніякіх канкрэтных зрухаў не будзе, пакуль у іх не будзе адпаведных дакументаў. 22 снежня я атрымала ад пасольства чарговы ліст пра тое, што нямецкі бок так нічога і не атрымаў, — расказала яна. — А мне ў нашым Мінюсце яшчэ 12 снежня, калі я пачала непакоіцца і пытацца, дзе ж дзеліся дакументы, адказалі, што накіравалі не толькі паперы звычайнай поштай, але і ліст па е-мэйлу з укладаннямі электронных копій дакументаў. Аказалася, так мяне проста хацелі супакоіць. Пазней сказалі, што ніякіх дакументаў па сеціве не адсылалі, бо ў іх проста не было копій — усё ўклалі ў канверт і адаслалі звычайным пісьмом.

Мінюст спасылаецца на ліст ад 16 снежня, у якім ведамства інфармавала Ганну, што па «электронцы» была адаслана толькі копія заявы жанчыны, а арыгінал заявы і засведчаныя копіі дакументаў — адпраўлены фізічнай поштай.

Ліст з Пасольства Беларусі ў Германіі атрымаў таксама і Мінюст. У ім пацвярджаецца, што пошук Мілана на падставе электроннай заявы маці, якую міністэрства накіравала ў нямецкі орган юстыцыі, а таксама электронных зваротаў Мінюста, распачаты, хоць папяровыя дакументы так і не атрыманы.

Выканаўца з нямецкага боку, пані Ханна Брэмер патлумачыла, што для падрыхтоўкі справы да судовага разгляду дастаткова накіраваць заяву ад маці з укладаннямі копій дакументаў па электроннай пошце, — паведаміла Марына Жандарава.

Ганна яшчэ раз зрабіла ўсе копіі дакументаў і напісала заяву. Да спіса дадалі інфармацыю з кантактамі сябра Мухамада і яго стрыечнай сястры, якія знаходзяцца ў Германіі і з якімі ў Заята былі стасункі ў сеціве перад тым, як ён з'ехаў з Беларусі.

— Паколькі афіцыйнай інфармацыі ад цэнтральнага органа Германіі адносна атрымання дакументаў, накіраваных непасрэдна Міністэрствам юстыцыі, не паступала, каб гарантаваць іх дастаўку азначанаму нямецкаму органу, дакументы накіраваны ў Міністэрства замежных спраў для перадачы па дыпламатычных каналах, — дадала Марына Жандарава.

Вярнуць па месцы звычайнага пражывання!

Вострым пытаннем для Ганны стала прапанова нямецкага боку заключыць пагадненне з адвакатам, які будзе прадстаўляць яе інтарэсы ў судзе (бо звёз жа малога бацька, з якім у яе зарэгістраваны шлюб). Даслалі фармуляр дакументаў на 20 лістах для запаўнення на рускай і нямецкай мовах. Кошт паслуг нямецкага спецыяліста пачынаўся ад 1,5 тысячы еўра. Такіх грошай у беларускай маці няма. Пры гэтым нямецкі бок патлумачыў Ганне Заят, што наяўнасць адваката — не абавязковая ўмова, каб пачаць судовую справу, калі знойдуцца бацька з сынам. Жанчына можа адмовіцца ад адваката — судовая справа будзе разглядацца і без яго.

Работа ўвесь гэты час вялася і беларускім, і нямецкім бокам, сцвярджаюць у Мінюсце. Тое, што здаецца простым чаканнем склаўшы рукі, насамрэч — складаная работа вялікіх юрыдычных механізмаў дзвюх краін.

— Цяпер жа, нягледзячы на тое, што арыгіналы папер прыйдуць пазней, пошук працягнецца на падставе электронных копій дакументаў і заявы ад маці. Зараз Ганне застаецца толькі чакаць, калі з'явяцца навіны, — запэўніла Марына Жандарава. — Усё, што можна зрабіць у межах нашай кампетэнцыі, — мы робім.

Дарэчы, калі ва ўцекачоў скончылася віза, гэта можа быць адной з падстаў для дэпартацыі. Акрамя таго, згодна з канвенцыяй, парушана права дзіцяці на пастаяннае звычайнае месца пражывання дзіцяці, якое азначана ў Беларусі.

— Канвенцыя ў першую чаргу абараняе інтарэсы дзіцяці, а не бацькоў. Вывучаючы пытанне, куды вярнуць дзіця, суд будзе прымаць да ўвагі месца звычайнага пражывання малога, яго сацыяльны асяродак, — падкрэсліла спецыяліст.

(«Звяз­да» пра­цяг­не са­чыць за раз­віц­цём па­дзей.)

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.