Вы тут

Час цудаў. Зімовыя святы і забавы


Беларускія абрады і святы – каларытныя, поўныя загадак, містыкі і народнай мудрасці. Нашы продкі весяліліся з размахам! Бо толькі добра адпачыўшы, можна набрацца сіл і плённа працаваць. А зімой, як вядома, што не месяц – свята!

 

На Ганкі сядайце на санкі!

Ганкі ( Ганна) – прысветак, які адзначаецца 22 снежня ў дзень зімовага сонцастаяння. Гэта самы кароткі дзень і самая доўгая ноч года.

“На Ганкі запрагай каня ў санкі” – ужо зранку крычала моладзь, гурбой заскоквала ў санкі і каталася па ваколіцам. Сняжку ў гэты час было багата, таму  сані  нібы лёталі па даразе.

Лічылася, што ад 22 снежня зіма “разварочваецца” на лета. У гэты дзень  прадказвалі надрор’е, кіруючыся прыказкай “па зіме і лета”. Калі ішоў снег – да дажджу, мяцеліца – да дужага ветру, мароз – да сонейка.  Яшчэ ў гэты дзень заклікалі лета. Толькі прачнуўшыся, гаспадыні ішлі ў хлеў і “разварочвалі” авечак, кароўку, свінку да выхаду. Пасля абыходзілі клеці і свірны, гумны і пуні і там перастаўлялі кожную рэч, тым самым  “паварочвалі час да лета”.

У гэтага дня была і царкоўная назва “Зачацце Святой Ганны” (маці Багародзіцы). Цяжарным жанчынам не раілі  выходзіць з хаты, бо лічалася, што ў самы кароткі дзень году нячыстыя сілы маюць асаблівую ўладу.

22 снежня лічылі сваім святам пчаляры. У гэты дзень яны прамаўлялі над сваімі вуллямі замовы – на добры ўраджай мёду.

 

Прыйшлі Калядкі – добрыя святкі!

Каляды –  адно з галоўных святаў у календары нашых продкаў. Святочны, казачны час напоўнены абрадамі і таямнічымі варожбамі, ў якіх пераплятаюцца хрысціянскія і язычніцкія традыцыі.

Каляды праходзілі па пэўным сцэнары. Да вечара 6 студзеня трымаўся пост, і толькі пасля з'яўлення першай зоркі на небе садзіліся за вігілійны стол. 7 студзеня -- у першы калядны дзень адпраўляліся ў госці, віншавалі адзін да аднаго са святам, дарылі падарункі. А вечарам адной з галоўных святочных забаў было калядаванне – хаджэнне па хатах са спевамі, танцамі, тэатральнымі прадстаўленнямі. Наперадзе неслі калядную зорку, а за ёй ішла “каза”, “мядзведзь”, “кабыла”, “жораў”. За вяселае прадстаўленне калядоўчшыкаў шчодра адорвалі салам, каўбасамі, булкамі і іншымі прысмакамі. Зачыняць перад  імі дзверы было нельга, бо там можна было наклікаць бяду і на дом, і на гаспадарку.

Калядная варажба – самая таямнічая частка свята. Многім было цікава даведацца пра свой лес. Асабліва, маладым дзяўчатам. Для варажбы яны клалі ў кубачкі пярсцёнак, манетку, хлеб, цукар, лук, соль.  З завязанымі вачамі, кожная з дзяўчынак, па чарзе, выбірала кубак. Прадказанні былі наступныя: пярсцёнак -- да вяселля; манета - да багацця; хлеб - да дастатку; цукар - да весялосці; лук -- да слёз; соль -- да няшчасця. А ўжо верыць ім альбо не, кожная вырашала сама.

Нашы продкі вялікае значэнне надавалі абярэгам. Амаль у кожнай хаце  над сталом вісеў саламяны павучок.  Лічылася, што ён аберагае дом ад злых духаў. Кожны год старога павука спальвалі, а на яго месца вешалі новага.

Не жыццё, а Масленіца!

Масленіца – гэта “развітанне” з зімой, якое, на думку нашых продкаў, паскарала надыход вясны.  Кожны з сямі дзен “Масленачнага тыдню” меў сваю адметнасць. У панядзелак, які атрымаў назву “сустрэча”, ішлі ў госці адзін да аднаго сваты. Таксама ў гэты дзень, на пачатку тыдня, рабілі пудзіла. Вялікую “пані” з саломы  апраналі ў старыя адзенні і каталі яе з вясёлымі песнямі на санях па ўсёй вёсцы. У аўторак быў “зайгрыш” – агледзіны нявест. “Лакамкай” называлі сераду, у гэты дзень зяць заглядваў на бліны да цешчы. У чацвер – “разгул” – свята з гульнямі, танцамі, вогнішчам. У гэты дзень, каб дапамагчы сонцу “прагнаць” зіму, нашы продкі каталіся на коніках «па сонейку» -- то бок, па гадзіннікавай стрэлцы вакол вёскі. Па вуліцах гарадоў і вёсак навыперадкі несліся каляровыя запрэжкі. Звінелі званочкі, заліваліся гармонікі ...

  Цешча ішла на бліны да зяця ў пятніцу, быў гэта “цешчын вечар”. Непавага зяця да гэтай падзеі лічылася сорамам і крыўдай, і была падставай да вечнай варожасці паміж ім і цешчай,  таму рыхтаваліся да прыхода госця старанна.

 На наступны дзень, у суботу адзначалі “залоўчыны вячоркі” --  маладыя нявесткі запрашалі ў госці родных мужа. У апошні дзень тыдня – “даравальную нядзелю”  прасілі адзін у аднаго прабачэння, а ў адказ чулі: «Бог даруе, і я дарую».

Галоўнай ежай на святочным тыдні былі, безумоўна, бліны. А да іх смачны дадатак: смятанка альбо мёд. Круглыя, румяныя блінцы нагадвалі сонца. Таму лічылася, што іх ўжыванне паспрыяе надыходу вясны.

У гэтыя дзянькі ніхто не сядзеў у хаце. Дзеці і моладзь бавілі час на горках, каталіся на коніках. Вадзілі карагоды. Ды не простыя, а вакол масленічнага сімвалу -- кола з рознакаляровымі стужкамі. Старэйшыя людзі хадзіл адзін да аднаго ў госці,  віншавалі моладзь, што ажанілася ў гэтым годзе – зычылі ім дастатку і  дабрабыту.

Тэатральная містэрыя

Адзіным з самых старажытных відаў беларускага мастацтва з’яўляецца беларускi народны тэатр батлейка. Асаблівай папулярнасцю прадстаўленні карысталіся ў зімовыя святы. Прад гледачамі разгортвалі таямнічую сцэну "Нараджэнне Хрыста".

Батлейка (шопка, яселькі) згадваецца яшчэ ў царкоўных службах Сярэднявечнай Еўропы. Праз Польшчу яна трапіла і ў Беларусь. У батлейцы адлюстроўваецца тры ўзроўні светаўпрымання нашых продкаў. Наверсе, быў рай. Унізе --пекла. Пасярэдзіне -- зямля. Так ўмельцы збудавалі домік-скрыню з трыма ярусамі і просценькімі лялькамі. Яго можна было ўзваліць на плечы і пераходзіць з мястэчак у вёскі і карчмы, паказваючы прадстаўленні пра Бога, Д’ябла, грознага цара Ірада, анёлаў, чарцей і простых сялян.

У Беларусі было шмат разнавіднасцяў народнага тэатра лялек: загадкавы тэатр ценяў з папяровымі фігуркамі,  батлейка -- куфар, двух’ярусная “скрыначка” ў выглядзе царквы. Лялькі таксама былі розныя: пальчатныя, механічныя, лялькі на цвёрдым стрыжні і г. д. Звычайна прадстаўленні праходзілі ў поўнай цемры. Батлеечнік адкрываў створкі скрыні, запальваў свечку ... і гледачы траплялі ў дзіўны казычны свет.

 

Да ўвагі

У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь праходзіць выстава «Час цудаў. Зімовыя святы і забавы »

Арганізатары інтэрактыўнай выставы наладзілі вялікую зімовую казку з нацыянальным каларытам. Падарожжа ў Новы год тут пачынаецца з прагулкі на сапраўдных санках, у якія беларусы перасаджваліся ў дзень зімовага сонцастаяння 22 снежня. Удоваль «накатаўшыся», можна падсілкавацца ў сапраўднай сялянскай хаце. Тут жа можна паваражыць на наканаванага і пабыць у ролі батлеечніка, а пасля перанесціся на сто гадоў наперад і адзначыць Новы год у савецкай кватэры -- з мандарынамі, традыцыйным аліўе, шампанскім.

Прыходце і атрымлівайце сваю “порцыю” святочнага настроя! Выстава працуе да канца зімы.

Хрысціна ХІЛЬКО

Друкуецца ў часопісе "Алеся".

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?