Вы тут

Ці можна арэндную кватэру перавесці ў сацыяльную?


Шматдзетныя, пенсіянеры, інваліды — большасць беларусаў, якія не прыватызавалі сваю жылплошчу і з лета гэтага года апынуліся ў арэндным жыллі, належаць менавіта да гэтых катэгорый. На думку спецыялістаў, пераважная колькасць гэтых грамадзян зрабілі такі выбар свядома, частка іх яшчэ стануць уласнікамі да лета 2017-га. А самыя сацыяльна неабароненыя змогуць вярнуць жыллю статус сацыяльнага памяшкання.


Права ўласнасці на кватэру ўзнікае толькі з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі дагавора куплі-продажу ў органах дзяржрэгістрацыі нерухомай маёмасці. Рашэнне грамадзян аб прыватызацыі памяшкання дзейнічае адзін год. За гэты тэрмін людзі, якія падалі адпаведныя дакументы да 1 ліпеня 2016-га, маюць права назбіраць і аплаціць 10% першапачатковага ўзносу ад агульнай сумы за прыватызацыю і аформіць жыллё ва ўласнасць. Пра тое, хто і чаму не прыватызаваў кватэры і што ім зараз рабіць, нам расказала Алена ФЕДАРОВІЧ, начальнік аддзела жыллёвай палітыкі Адміністрацыі Заводскага раёна Мінска.

На 10 ліпеня 2016-га тут 2947 жылых памяшканняў былі пераведзены ў разрад камерцыйных. У верасні іх стала ўжо 1980 — людзі завяршылі прыватызацыю ці вярнулі памяшканню статус сацыяльнага жылля. На 1 ліпеня наступнага года (калі скончыцца тэрмін магчымасці ўнесці 10% першапачатковага ўзносу) у раёне застанецца прыкладна 1—1,5 тысячы кватэр, мяркуюць у Адміністрацыі.

Свядомы выбар супраць

— Людзі, якія не звярнуліся за прыватызацыяй да 1 ліпеня 2016 года, самастойна зрабілі свядомы выбар, — лічыць спецыяліст. — Большасць грамадзян проста рэальна ацэньвалі свае фінансавыя магчымасці, разважаючы, ці набываць жыллё ва ўласнасць. Сабраць за год 10% першапачатковага ўзносу за кватэру і пры гэтым яшчэ штомесяц уносіць арэндную плату за жыллё — не для ўсіх было магчыма. Нагадаю, што нават калі чалавек падаў дакументы да 1 ліпеня бягучага года, то пакуль ён не выплаціць 10% і не аформіць жыллё ва ўласнасць, памяшканне будзе лічыцца арэндным. Людзі проста баяцца апынуцца ў сітуацыі, калі раптам не будзе патрэбнай сумы.

Асобная катэгорыя грамадзян, якія свядома не прыватызавалі жыллё, — шматдзетныя сем'і, якія стаяць у чарзе асоб, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Яны ўсведамлялі, што прыватызацыя кватэры пазбавіць іх у будучыні магчымасці набыць па льготным крэдыце пэўную колькасць метраў, якія будуць вылічаны з плошчы нерухомасці, набытай ва ўласнасць.

— Ці не пацярпелі людзі, якія на момант завяршэння тэрміну прыватызацыі былі зніклымі ці знаходзіліся ў месцах пазбаўлення волі?

— Тыя, хто знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, таксама маглі ўдзельнічаць у прыватызацыі. Іх сваякі маглі атрымаць натарыяльна завераны дакумент са згодай вязня на прыватызацыю з месцаў пазбаўлення волі — іншая справа, ці рэалізавалі яны сваё права на гэта. А тыя грамадзяне, якія лічаць сваякоў зніклымі без вестак, павінны былі пацвердзіць гэта адпаведнымі паперамі аб прызнанні чалавека без вестак адсутным або памерлым. А то, можа, ён проста ў сям'і не жыве, а знаходзіцца ў суседнім доме.

Назад у сацыяльныя кватэры

— Што рабіць тым, хто хацеў, але не змог прыватызаваць кватэру з-за праблем з фінансамі?

— Зразумела, ёсць частка грамадзян, якія падпадаюць пад азначэнне сацыяльна неабароненых: у асноўным гэта інваліды і адзінокія пенсіянеры. Каб крыху дапамагчы гэтым катэгорыям, дзейнічае Указ Прэзідэнта №322 па жыллёвых субсідыях. Аднак ён скіраваны толькі на частковае пагашэнне камунальных плацяжоў. Частковае ці поўнае пагашэнне сум арэнднай платы за камерцыйнае жыллё гэтым дакументам не прадугледжана. Аднак грамадзяне з зусім нізкім даходам могуць вярнуць сваім памяшканням статус сацыяльнага жылля.

Права на гэта маюць таксама дзеці-сіроты і тыя, хто застаўся без бацькоўскага клопату, сем'і, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды, непрацуючыя інваліды І і ІІ групы і іншыя. Непрацуючыя адзінокія пенсіянеры, якія жывуць адны і не маюць дзяцей працаздольнага ўзросту ў тым жа населеным пункце, дзе знаходзяцца старыя, таксама могуць прэтэндаваць на вяртанне жылля ў разрад сацыяльнага. Калі ж хтосьці з дзяцей побач, ён абавязаны мець бацькоў на ўтрыманні.

— Якім чынам адміністрацыі раёнаў інфармуюць такіх грамадзян пра магчымасць паменшыць выплаты? І ці могуць яны разлічваць на пераразлік папярэдніх плацяжоў пасля вяртання жыллю статусу сацыяльнага?

— Пра гэту магчымасць жыллёвыя службы інфармавалі грамадзян праз «жыроўкі» падчас завяршальнага этапу прыватызацыі. Калі людзі прыходзяць на прыём, і мы бачым, што яны належаць да сацыяльна неабароненай катэгорыі, расказваем ім пра іх магчымасці. Не выключана, што мы будзем зноў дадаткова інфармаваць пра гэта грамадзян.

Першыя два месяцы пасля спынення прыватызацыі быў ажыятаж. У Адміністрацыю Заводскага раёна паступіла каля 30 заяў ад людзей з нізкім узроўнем даходу і пенсіянераў. Некалькім прыйшлося адмовіць, бо ў іх былі працаздольныя сваякі ў сталіцы. Дарэчы, пераразлік сум, выплачаных за час карыстання камерцыйным жыллём, рабіцца не будзе, так што калі вы маеце права на перавод жылля ў катэгорыю сацыяльнага, лепш падаваць заяву на гэта раней.

Вінен грошы — трапіш на вуліцу?

— У законе даволі жорстка сказана, што два месяцы запазычанасці за карыстанне камерцыйным жыллём без уважлівых прычын з'яўляюцца падставай для высялення наймальніка з усімі членамі сям'і без прадастаўлення іншай жылплошчы. Ці можна вырашыць пытанне спагнання даўгоў іншым чынам, без высялення?

— Пакуль не паўстае пытанне, каб людзі масава не плацілі арэндную плату, судовых спрэчак па гэтым пытанні яшчэ няшмат. Думаю, масавых высяленняў па рашэнні суда не здарыцца. Калі з'явяцца прэцэдэнты, то на стадыі падрыхтоўкі да суда ці нават самога судовага працэсу будуць нейкім чынам прапрацоўвацца шляхі спагнання з даўжніка запазычанасці. Магчыма, будуць уведзены нейкія новыя рычагі, аднак што гэта будзе — пакуль невядома. Мажліва, вернемся да старога варыянту, калі даўжнікоў высялялі ў памяшканні меншай плошчы.

У кватэры ж могуць пражываць і непаўналетнія, і пенсіянеры — ну, куды іх на двор. Высяляць на вуліцу — значыць, проста атрымаць бамжоў. З аднаго боку страшна за іх, а з іншага — сумы даўгоў растуць. Узяў на сябе абавязацельствы — выконвай іх. Нават калі ўжо пачнецца судовая справа, а грамадзянін выплаціць доўг, справа спыніцца.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Хто і чаму не прыватызаваў жыллё?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».