Вы тут

Спецыялісты прааналізавалі дзіцячыя правапарушэнні


Вось-вось надыдзе святочная ноч, калі сустракаць Новы год на вуліцу выйдуць тысячы людзей. І на гэты час бацькоўскі кантроль за дзецьмі аслабляецца. Але праваахоўнікі нагадваюць: нават нягледзячы на святы,
пасля 23 гадзін хлопчыкі і дзяўчынкі, якім не споўнілася 16 гадоў, гуляць без бацькоў права не маюць.


— Зразумела, што перад святамі мы належным чынам інструктуем супрацоўнікаў міліцыі, каб яны з разуменнем адносіліся да падлеткаў на навагодніх ёлках, — зазначае начальнік аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі ГУАПП міліцыі грамадскай бяспекі МУС Віталь ЯНЧЫН. — Але ў любым выпадку мы будзем высвятляць, дзе знаходзяцца бацькі і ці ведаюць яны, як іх дзеці бавяць свой час. Таксама да канца школьных канікул людзі ў пагонах будуць заходзіць на дыскатэкі і ў клубы, асабліва начныя. Да праблемных сем'яў прыйдуць спецыяльныя камісіі.

Робіцца ўсё гэта дзеля бяспекі саміх жа непаўналетніх. І ў тым ліку — для прафілактыкі злачынстваў з іх боку. Бо на іх рахунку цяпер — кожнае трыццатае правапарушэнне ў краіне. Агулам жа выпадкаў, калі падлеткі пераступалі цераз мяжу закона, з пачатку года ўжо набралася звыш 2 тысяч. Зрэшты, гэта амаль на пятую частку менш, чым год таму. І ніжэй нават за самы спрыяльны дагэтуль год — 2013-ы.

— Хачу нагадаць, што 16 снежня былі прыняты папраўкі ў закон аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, — зазначае Віталь Янчын. — З 1 ліпеня 2017 года ён набудзе сілу. Адна з навацый яго ў тым, што ставіць на прафілактычны ўлік непаўналетніх будуць толькі з 10 гадоў, прычым дробныя адміністрацыйныя парушэнні не стануць для гэтага падставай, а толькі тыя, якія нясуць падвышаную грамадскую небяспеку. Многія дробныя правапарушэнні падлеткі здзяйсняюць па няведанні, з дзіцячага свавольства.

Адметна, што цяпер у краіне дэ-факта адсутнічае такая ўзроставая мяжа. Самае строгае пакаранне для тых, хто праштрафіўся, — адпраўленне па рашэнні суда ў спецшколу закрытага тыпу. Такая мера ўжываецца ў дачыненні да дзяцей, якія дасягнулі ўзросту 11 гадоў.

Палітра злачынстваў, якія здзяйсняюць падлеткі, таксама змяняецца. Напрыклад, у 2014 годзе іх колькасць нават крыху вырасла. Было гэта звязана з павальным захапленнем так званымі «спайсамі». Адны ганяліся за «незямнымі» адчуваннямі, іншыя — за шалёнымі грашыма ад рэалізацыі дурману. І ў рэшце рэшт гандляры атрутай пачалі атрымліваць вялікія турэмныя тэрміны — пасля таго, як быў прыняты Дэкрэт №6, сітуацыя пачала пакрысе выпраўляцца. І цяпер колькасць так званых «наркатычных» злачынстваў сярод падлеткаў зменшылася ўдвая.

Менш стала і крадзяжоў, разбояў ды хуліганстваў: калі раней крадзяжы займалі 70—80% ад агульнай колькасці падлеткавых злачынстваў, то цяпер іх доля ўпала да паловы такіх выпадкаў. А вось так званых «інтэлектуальных» правапарушэнняў у працэнтных суадносінах, наадварот, больш. Да іх адносяцца махлярства і злачынствы, здзейсненыя з дапамогай камп'ютарнай тэхнікі.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennіk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Становіцца больш «камп'ютарных» злачынстваў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.