Вы тут

Чэмпіёны віншуюць з надыходзячым Новым годам


У перадсвяточным выпуску праекта «Алімпіец» вядомыя беларускія спартсмены дзеляцца сваімі ўражаннямі ад 2016 года і віншуюць нашых чытачоў, балельшчыкаў з надыходзячымі навагоднімі святамі.


Святлана РУДАЛАВА, неаднаразовая прызёрка чэмпіянатаў свету і Еўропы па мастацкай гімнастыцы:

— Далёка не кожны год становіцца ўраджайны на медалі, але не магу ахарактарызаваць 2016-ы як правальны. Нашы спартсмены выступалі годна, змагаліся за сябе, за нас, за краіну. Што тычыцца мастацкай гімнастыкі, то дзяўчаты, як заўсёды, былі на вышыні, малайцы. Але гэта спорт, сёння мы на п'едэстале, а заўтра можам быць за яго межамі — гэта і здарылася, на жаль, з нашай нацыянальнай камандай на Алімпійскіх гульнях. Але я ад усяго сэрца жадаю ім поспеху, не спыняцца на дасягнутым і падымацца як мага часцей на вышэйшую прыступку п'едэстала.

Самым яркім момантам беларускага спорту сёлета, вядома, стала выступленне Уладзіслава Ганчарова. Я думаю, уся краіна назірала за яго перамогай.

2017 год будзе прамежкавым паміж Алімпійскімі гульнямі, таму самае галоўнае, я жадаю, каб усе спартсмены абышліся без траўмаў, каб назапашвалі сілы і вопыт і ставілі перад сабой самыя высокія мэты.

Наталля ТРАФІМАВА, экс-баскетбалістка нацыянальнай зборнай, галоўны трэнер жаночай каманды Беларусі:

— Самым яркім момантам для мяне сёлета, вядома, была Алімпіяда. Гэта незабыўныя пачуцці, уражанні, столькі ўсяго добрага звязана з гэтай падзеяй... Я думаю, гэты год быў не горшы, чым папярэднія. Можа быць, дзесьці чаканні на медалі ў нас былі большыя, але здаецца, што кожны спартсмен, які ўдзельнічаў у Алімпійскіх гульнях, выклаўся на ўсе сто працэнтаў.

Для мяне асабіста гэты год стаў незвычайным, таму што адбылося шмат падзей, звязаных з прафесійнай дзейнасцю, перш за ўсё, гэта пераход ад спартсмена да трэнера.

У новым 2017 годзе ўсім спартсменам і балельшчыкам хацелася б пажадаць здароўя, поспеху, кахання, каб ва ўсіх нас хапіла цярпення зрабіць тое, што мы задумалі на 2017 год.

Андрэй КАЗУСЁНАК, трохразовы чэмпіён свету па спартыўным самба, чатырохразовы чэмпіён Еўропы. Бронзавы прызёр чэмпіянату свету па дзюдо, чэмпіён Еўропы, удзельнік летніх Алімпійскіх гульняў у Пекіне:

— Можа быць, не ва ўсіх спартсменаў усё атрымалася ў гэтым годзе, можа быць, чакалі ад Алімпійскіх гульняў больш паспяховага выніку, але адбылося, як адбылося. Адзіны момант, які мяне хвалюе сёння, — гэта шмат допінгавых скандалаў, якія доўжыліся на працягу ўсяго 2016 года. Яны нашкодзілі як рэпутацыі спорту ў цэлым, так і асобным, невінаватым спартсменам. Самым яркім момантам, вядома, стала алімпійская медаль Уладзіслава Ганчарова ў Рыа-дэ-Жанэйра.

Усім прыхільнікам спорту і самім атлетам у 2017-м жадаю дасягнення пастаўленых мэт, спаўнення жаданняў і, вядома, здароўя.

Сяргей МАКАРАНКА, першы беларус — алімпійскі чэмпіён, чэмпіён свету і Еўропы на каноэ-двойцы:

— Вядома, гэты год быў вельмі супярэчлівым, занадта шмат скандалаў адбылося ў спорце, і гэта не вельмі прыемна. А яркіх момантаў у нашай краіне магло б быць і больш. Самыя радасныя эмоцыі падарыў Уладзіслаў Ганчароў, ён можа служыць узорам для многіх нашы атлетаў сёння. На гэтай Алімпіядзе нічога асаблівага я не заўважыў, вядома, у гісторыі былі Гульні і больш цікавыя.

Незалежна ад выніку мы ўсе заўсёды хварэем за нашых спартсменаў, жадаю ім удачы і поспехаў. А балельшчыкам пажадаю падтрымліваць да канца беларускіх атлетаў, каб гэта станоўчая энергія перадавалася ім, паверце, яны гэта адчуваюць.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Добрыя словы на свята

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».