Вы тут

Прэзідэнт: Учора ў нашай Расіі здарылася вялікая трагедыя


Учора беларусы дзялілі з расіянамі жалобу па загінулых у авіякатастрофе над Чорным морам. Па даручэнні Прэзідэнта нашай краіны былі прыспушчаны сцягі на дзяржаўных установах, паўсюль увечары не гарэла святочная ілюмінацыя, была абмежаваная трансляцыя забаўляльных тэлепраграм. А да пасольства Расіі ў Мінску цэлы дзень людзі неслі кветкі і лампадкі, арганізацыі паадмаўляліся ў гэты дзень ад правядзення навагодніх карпаратываў. Бо нельга весяліцца, калі плача той, хто побач. Нельга не спачуваць, калі блізкім людзям балюча. Нездарма ж кажуць, што сябар пазнаецца ў бядзе. Менавіта тады, калі здараецца такое вось — нечаканае, страшнае, непапраўнае, адыходзяць на другі план усе дробныя крыўды і непаразуменні. Застаецца толькі людское гора і здольнасць або няздольнасць яму спачуваць. Гэткі просты, але самы правільны экзамен на чалавечнасць.


Пра тое, што нельга заставацца ўбаку ад трагічных падзей у Расіі, гаварыў учора ў Мінску і наш Прэзідэнт. «Учора ў нашай Расіі здарылася вялікая трагедыя. На жаль, гэта чарада трагедый стала злым лёсам над нашым брацкім народам: вялікая колькасць людзей загінула ў Іркуцку ў сувязі з атручэннем, забіты пасол Расіі ў Турцыі і загінула шмат людзей у сувязі з крушэннем ваеннага самалёта, у якім знаходзіліся 92 чалавекі. Загінулі не толькі члены экіпажа, але і вядомыя артысты, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, ваенныя людзі, дзяржслужачыя, урач. Зразумела, мы ў гэты дзень не маглі быць убаку ад гэтых трагічных падзей», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Словамі салідарнасці і падтрымкі прасякнута і спачуванне, якое кіраўнік беларускай дзяржавы накіраваў Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну. «Пачуццё смутку і спагады ахапіла сёння нашу краіну — паведамленне аб крушэнні самалёта Ту-154, які ляцеў з Сочы ў Сірыю, не пакінула абыякавым ніводнага беларуса. Гэта трагедыя — наш агульны боль, і Беларусь сёння смуткуе разам з Расіяй. У гэту цяжкую хвіліну мы побач, поўнасцю падзяляем гэта страшнае гора», — гаворыцца ў спачуванні. Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што вялікую страту панесла і сусветная культура — сярод загінулых члены калектыву праслаўленага Акадэмічнага ансамбля песні і танца Расійскай арміі імя А.В. Аляксандрава, у тым ліку і яго мастацкі кіраўнік Валерый Халілаў. «Гэта незаменная страта для расійскага, нашага агульнага, усяго сусветнага мастацтва», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў глыбокія спачуванні ўсяму расійскаму народу, родным і блізкім загінулых.

«Мы смуткуем разам з сем'ямі артыстаў ансамбля імя Аляксандрава. У Беларусі завяршаецца Год культуры, і гэту страту мы ўспрымаем, як сваю. Гэты ансамбль — набытак не толькі Расіі, але жамчужына сусветнага мастацтва, — сказала прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант. — і, вядома, мы спачуваем сем'ям загінулых журналістаў. Наш час, на жаль, такі, што сёння гэтая прафесія, напэўна, становіцца адной з самых небяспечных. Людзі выконвалі свой прафесійны абавязак. І іх сыход — вялікае ўзрушэнне і для салідарнай беларускай грамады журналістаў і для ўсёй нашай краіны ў цэлым». А яе расійскі калега Дзмітрый Пяскоў агучыў пазіцыю Крамля: «Мы вельмі цэнім той факт, што Беларусь сёння смуткуе разам з расіянамі. Гэта вельмі важна і лішні раз сведчыць аб узроўні нашых адносін, нашага саюза».

Міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў выказаў спачуванні міністру абароны Расійскай Федэрацыі генералу арміі Сяргею Шайгу. А ў кнізе спачуванняў, адкрытай у пасольстве Расіі ў Мінску, пакінулі свае запісы прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, міністр замежных спраў Уладзімір Макей, міністр інфармацыі Лілія Ананіч, міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка, міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч, міністр культуры Барыс Святлоў, міністр адукацыі Ігар Карпенка. Цэлы дзень да пасольства ішлі прадстаўнікі прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый, проста неабыякавыя людзі.

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, прадбачачы, што людзей будзе шмат, на нарадзе даў даручэнне праваахоўным органам забяспечыць парадак каля пасольства. Пытанне бяспекі ў кантэксце таго, што адбываецца ў суседняй краіне, ды яшчэ перад навагоднімі святамі, увогуле застаецца адным з самых актуальных. «Падзеі ў Расіі, што адбыліся апошнім часам, — дадайце сюды яшчэ розныя ўзрывы балонаў у метро ў Маскве, трагедыі на дарогах і іншае, — сведчаць аб тым, што нам ні ў якім разе нельга расслабляцца. Мы не знаходзімся недзе ўбаку ад шляху гэтых страшных здарэнняў. Наадварот, мы знаходзімся ў самым эпіцэнтры. Таму чаго б нам ні каштавала, трэба захаваць мір і спакой у нашай краіне. Гэта — галоўнае», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Калі гэтага не будзе, ніякая эканоміка будзе не патрэбна, ніякія прадукты харчавання, ніякае фінансаванне, ні знешняе, ні ўнутранае. Галоўнае пытанне — гэта пытанне бяспекі і стабільнасці нашага грамадства», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён запатрабаваў звярнуць на адпаведныя пытанні пільную ўвагу, пачынаючы ад мясцовых органаў улады, кіраўнікоў сельскіх, пасялковых саветаў, заканчваючы ўрадам, Дзяржсакратарыятам Савета бяспекі, КДК, Адміністрацыяй Прэзідэнта, паведамляе БЕЛТА. «Я прашу гэта мець на ўвазе перш за ўсё, асабліва напярэдадні масавых мерапрыемстваў, звязаных са светлымі і радаснымі для кожнага чалавека святамі — Новым годам і Калядамі, — адзначыў Прэзідэнт. — Страшная катастрофа ў квадраце, калі людзі гінуць, чакаючы гэтых урачыстасцяў, свят. Гэта недапушчальна». «Асабліва людзям у пагонах трэба зрабіць усё, каб на вуліцах было спакойна, каб людзі правялі нармальна свята», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Загаловак у газеце: Возьмем ваш боль

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?