Вы тут

Сямён Шапіра: Міншчыне па сілах выйсці па выніках года ў лідары


Сёлета, нягледзячы на пэўныя складанасці, Мінская вобласць дынамічна развівалася, ва ўсіх сферах ёсць добрыя вынікі. Гэтай прыемнай навіной з журналістамі рэгіянальных і рэспубліканскіх выданняў падзяліўся на выязной прэс-канферэнцыі ў горадзе Узда старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра.


Фота: БЕЛТА

— Штогод матэрыяльна ўмацоўваюцца сацыяльная сфера, медыцына, культура, — адзначыў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна. — Толькі сёлета купілі два апараты магнітна-рэзананснай тамаграфіі коштам каля 40 млрд недэнамінаваных рублёў. Налета плануецца набыць такія апараты і ангіёграфы для Слуцкай і Маладзечанскай цэнтральных раённых бальніц. Наогул, за апошнія тры гады ў ахову здароўя ўкладзена 714 млрд рублёў ( у цэнах да дэнамінацыі). Практычна ва ўсіх школах і дзіцячых садах, а іх у вобласці адпаведна 500 і 600, адбыўся або працягваецца рамонт, у тым ліку і гаспадарчым спосабам.

Падставы для аптымізму

У прамысловасці таксама атрымалася стабілізаваць сітуацыю. Сёлета галіна выйдзе па тэмпах вытворчасці прадукцыі на ўзровень 102%.

— Падзенне паказчыкаў удалося спыніць і пачынаецца іх рост. Сёлета значныя змены адзначаюцца на галоўных інвестыцыйных пляцоўках. Практычна завяршаецца будаўніцтва першага ў Беларусі завода па вытворчасці легкавых аўтамабіляў — сумеснага закрытага акцыянернага таварыства «БелДжы», — падкрэсліў Сямён Шапіра. — У будучым годзе на першым этапе прадпрыемства будзе выпускаць 60 тыс. легкавікоў у год.

Сямён Шапіра станоўча ацаніў работу Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень». Важнейшым для вобласці праектам ён назваў стварэнне нацыянальнай біятэхнічнай карпарацыі, якая выступіць заказчыкам па праектаванні і будаўніцтве высокатэхналагічных прадпрыемстваў па вытворчасці кармоў і кармавых дабавак для жывёлы. Інвестар гатовы ўкласці ў гэты праект больш як 200 млн долараў. Інвестарам праекта па ўзвядзенні Нежынскага горна-ўзбагачальнага камбіната ў Любанскім раёне выступае «Слаўкалій». Цяпер тут актыўна вядуцца работы.

Па тэмпах росту валавога рэгіянальнага прадукту Міншчына на другім месцы ў краіне. На думку старшыні Мінаблвыканкама, у цэнтральнага рэгіёна ёсць усе падставы выйсці па выніках года на лідарскія пазіцыі, паколькі ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Беларуськалій» назіраецца рост вытворчасці.

Як адзначыў Сямён Шапіра, ні ў адной сферы няма застою. Добрыя вынікі паказвае фармацэўтыка. Лекавыя прэпараты, якія выпускаюцца ў Барысаве, Лагойску, Нясвіжы, запатрабаваны за мяжой.

Зямля гаспадара любіць

Асобна спыніўся кіраўнік Мінскай вобласці на інвестарах, якім, згодна з Указам Прэзідэнта №138, у 2004 годзе былі перададзены нерэнтабельныя сельгасарганізацыі. Усе заняпалыя гаспадаркі былі прададзены, як кажуць, з малатка, літаральна за капейкі. На жаль, каля 20% з іх новыя ўласнікі давялі, мякка кажучы, да ручкі.

Разам з тым, астатнія прадпрыемствы працуюць. Хтосьці лепш, нехта горш. Шмат перамен адбылося, напрыклад, у сельгасарганізацыі, якую набыло ў вёсцы Цеплень Уздзенскага раёна сумеснае прадпрыемства «Беліта-Вітэкс»: пабудаваны сучасныя фермы, сховішча для садавіны і гародніны, наладжана вытворчасць.

У Мінскай вобласці выяўлена 15 тыс. гектараў зямель, якія неэфектыўна выкарыстоўваюцца. Іх прапанавалі ўзяць фермерам. Але тыя не спяшаюцца ўгоддзі асвойваць. «Гэтая справа матэрыяльна затратная, а на сённяшні дзень не ва ўсіх дастаткова грошай», — лічыць старшыня аблвыканкама.

З другога боку, забюракратызавана сістэма афармлення. Кіраўнік дзяржавы даручыў распрацаваць праграму паскоранага выдзялення. Але аблвыканкам не можа ўзяць на сябе такія функцыі, паколькі гэта прэрагатыва ўрада. «Я думаю, магчыма, трэба фермерам , якія згодны ўзяць участкі, аказваць і матэрыяльную дапамогу», — адзначыў Сямён Шапіра.

Урок «Даніэлы»

Што датычыцца ўрагана «Даніэла», то ён стаў добрым урокам для службаў і падраздзяленняў Міншчыны, мясцовых уладаў.

Стыхія больш за ўсіх закранула Смалявіцкі, Крупскі, Бярэзінскі раёны. Але не прынесла вялікіх непрыемнасцяў месцічам. Шкода нанесена лясному фонду: павалены дрэвы. Вядзецца актыўная работа па расчыстцы ўгоддзяў, драўніна сартуецца. Тое, што нельга выкарыстаць, ідзе на дровы. Старшыня Мінаблвыканкама распарадзіўся дапамагчы людзям, дамы якіх закрануў ураган. Яны атрымлівалі будаўнічыя матэрыялы, шыфер з цэментных заводаў, акрамя таго, былі задзейнічаны рэзервы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Матэрыялы з магазінаў адпускалі без папярэдняй аплаты. У прыватнасці, частку сродкаў пацярпелыя атрымалі з абласнога бюджэту, каля 15—20% аплаціў «Дзяржстрах». 250 тыс. рублёў, якія выдзелілі дзве кітайскія фірмы, аддалі Смалявіцкаму раёну.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Па сілах выйсці ў лідары

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.