Вы тут

Новы год у Ёлках сёлета будуць сустракаць тры чалавекі


Чамусьці я чакала ўбачыць у Ёлках шмат аднайменных дрэў. Але іх тут амаль няма. Вялікая елка расце на ўчастку аднаго з апошніх жыхароў вёскі. Дык ён узяў і пазразаў усе ніжнія лапы. І дрэва стаіць амаль голае. Можа, засыхаць пачынала елачка, а можа, гаспадару для нечага спатрэбіліся галіны. На сваім участку чалавек мае права распараджацца прадстаўнікамі расліннага свету. А вось прыгажосці пейзажу лысае дрэва яўна не прыбавіла. Ды і ўся вёска пакідае ўражанне населенага пункта, які дажывае, хоць знаходзіцца яна зусім побач з Івацэвічамі, райцэнтрам.


Ву­лі­ца ў Ёл­ках.

Паводле афіцыйных даных, у Ёлках зарэгістравана чатыры жыхары. Рэальная карціна крыху адрозніваецца, але зусім не намнога. Дарэчы, гэта вёска ніколі не была асабліва вялікай. Перад вайной тут значылася 88 жыхароў, а ў 50-х гадах крыху больш за пяцьдзясят. Войны прайшліся па Ёлках з усёй сваёй разбуральнай сілай. У Першую сусветную побач з вёскай праходзіла нямецкая лінія ўмацаванняў, сляды ад якой засталіся і цяпер. У Другую сусветную сяло спалілі амаль усё.

Вера Пятроўна Міхнюк згадвае, як вярнуліся з лесу пасля расправы над вёскай, як жылі ў суседзяў, хата якіх, па шчасці, ацалела. Палілі, вядома, за сувязь з партызанамі. Маці яе таксама пякла хлеб і насіла ў лес, у партызанскім атрадзе знаходзіліся сваякі.

— А мы нацярпеліся ад усялякіх ліхіх людзей у вайну! — расказвае карэнная жыхарка Ёлак. — Прыходзілі людзі, мусіць, салдаты, якія адставалі ад сваіх часцей, патрабавалі ежу, пагражалі расстрэлам. А калі б немцы даведаліся, што ім хлеб давалі, таксама забілі б. Так і жылі дзень за днём у страху. Потым вось спалілі.

Пазней, ужо пасля вайны, калі калгасы сталі, нам выдзелілі пустую паўразваленую хату, яе перавезлі канём з суседняй вёскі, неяк злажылі.

Жыццё прайшло. Браты мае паўміралі. Адна я во засталася. 15 лютага будзе 87 гадоў. Цяжка цяпер дажываць.

— А ў дзяцінстве мама возьме за руку, ідзём у царкву ў Яглевічы. Царква прыгожая была, людзі ўсе па-святочнаму апранутыя. Радасць на душы, спакой. Я ўсё жыццё ў царкву хадзіла. Гэтай зімой толькі не хаджу, ногі баляць. Але як да вясны дажыву, то абавязкова пайду. На Вялікдзень трэба быць у царкве.

Вера Пятроўна расказвае, што замуж выйшла позна, за ўдаўца нашмат старэйшага. Але пражылі ў згодзе са сваім гаспадаром 23 гады. Потым, калі пахавала мужа, яго дачка ад першага шлюбу не забывалася мачаху. Прыязджалі з мужам, дапамагалі па гаспадарцы. Потым дачка памерла, дык яе муж, што жыве ў Мінску, часам наведвае. Ды ён і сам у гадах, прыязджае зараз рэдка. Пакуль магла, паціху жыла ў сваёй хаце, але гэтай восенню старшыня сельскага Савета Валянціна Бязносік угаварыла пенсіянерку пайсці на сацыяльны ложак у бальніцу. І яна ўжо, лічы, пагадзілася.

Ве­ра Міх­нюк.

— У той жа дзень прыехалі пляменнікі, сталі сварыцца: «Што ж мы, родную цётку не дагледзім? Перад людзьмі сорам, каб ты ішла ў прытулак для адзінокіх», — расказвае бабулька, і відаць, што ганарыцца братавымі сынамі.

Адным словам, перавёз пляменнік Валерый цётку Веру ў сваю хату. І цяпер адзінокі мужчына, які па стане здароўя вымушаны быў некалькі гадоў таму пакінуць работу, даглядае сваю маці Ніну Аляксандраўну і цётку Веру Пятроўну.

— Ён сам і есці варыць, і прыбірае, — расказвае Вера Міхнюк. — Можа, і цяжкавата яму з дзвюма старымі, але ж спраўляецца. Калі з пенсіі даю яму грошы, нават браць не хоча. Бо я ж яшчэ ў магазін сама хаджу, купляю сёе-тое з прадуктаў. Вось так і жывём...

Жыхарка Ёлак падзялілася планамі вясной зноў вярнуцца ў сваю хату. У суседкі ў склепе яна паклала бульбу, моркву, буракі, што вырасціла ў агародзе. Калі будуць сілы, зноў пасадзіць. Кажа, там зімаваць цяжка яшчэ і таму, што фактычна няма з кім пагаварыць. Тут жа, у Яглевічах, можна сустрэць некага з трактарыстаў альбо паляводаў, з кім працавала ў калгасе. Аказваецца, наша гераіня ўвесь час хадзіла ў перадавіках. У яе захоўваецца цэлая скрыначка грамат, пісьмаў падзякі, іншых адзнак за працоўныя поспехі. «Выходжу неяк з магазіна і чую за сабой: «Во, дык гэта ж наша звенавая!» І так прыемна, нібы ў маладосць вярнулася. Як тады працаваць было, вам і не расказаць. Сядзіш за гэтай сеялкай чорны-цёмны, пылу наглытаешся, а потым змыеш той пыл і пачуваеш сябе добра. Вечарам збіраліся, песні спявалі. Добра было і ў Ёлках, калі мы былі маладыя», — з сумнай ноткай заключае адна з апошніх жыхарак вёскі.

А вось самай пажылой жыхарцы Ёлак Валянціне Стрыжак 88 гадоў. З мужам Васілём Васільевічам яны зарэгістраваныя ў кватэры ў Івацэвічах, але пражываюць тут пастаянна. Шлюб яны ўзялі ў даволі сталым узросце, недзе каля 75 гадоў. Валянціна Міхайлаўна з тых жанчын, якія любяць пакрытыкаваць мужоў, як былога, так і цяперашняга. Апошняму, напрыклад, дасталося на арэхі за тое, што не расчысціў дарожку ад снегу. Але пакуль мы размаўлялі, гаспадар свой агрэх выправіў. Тым часам Валянціна Міхайлаўна, хоць і скардзілася на старэчыя немачы, але пакрысе наводзіла парадак у доме. Адразу відаць, што гаспадыня вельмі любіць чысціню.

Яшчэ адзін жыхар вёскі, той, у якога расце елка, самотна жыве на пенсіі, у яго багатай біяграфіі быў нават тэрмін пазбаўлення волі. Яго суседка, адзіная дачніца на вёсцы Ала Давыдзік, гаворыць, што цяпер вясковец паводзіць сябе ціха, нікому стараецца не перашкаджаць. Бабулька, што жыве праз адну хату, збіралася ўсё-такі пераехаць да дзяцей. Такім чынам, сустракаць Новы год у Ёлках застаюцца тры альбо чатыры чалавекі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.