Вы тут

Старшыня Мінгарвыканкама расказаў, як зменіцца сталіца


Напярэдадні Новага года Андрэй Шорац абмеркаваў з журналістамі набалелыя для жыхароў сталіцы пытанні. Напрыклад, пра тое, што ж будзе з даўгабудамі, якія ўжо некалькі гадоў мазоляць мінчанам вочы. Зараз вядуцца перагаворы з патэнцыйнымі інвестарамі наконт завяршэння аздобных работ у будынку каля цырка. Лёс тралейбуснага дэпо ў цэнтры стане вядомы толькі ў другім квартале наступнага года, на працягу 2017 года павінен з'явіцца і генеральны план пераўтварэння ўжо прададзенай тэрыторыі былога Чэрвеньскага рынку. Што датычыцца чутак пра «замарозку» будаўніцтва бізнес-цэнтра «Белгазпрамбанка», то яны непраўдзівыя.


На месцы 2-й гарадской бальніцы ў хуткім часе пачнецца ўзвядзенне шматфункцыянальнага комплексу, у складзе якога будзе гасцініца, дзелавы цэнтр, рэстаранная і крамная зоны. Не ацалее і павільён выставачнага комплексу «Белэкспа» па вуліцы Янкі Купалы — яго таксама знясуць. Рэалізацыяй праекта зоймецца кампанія з ААЭ, якая ўжо была прадстаўлена ў Беларусі. Рашэнне па забудове пляцоўкі былога музея гісторыі ВАВ пакуль не прынята, а вось драўлянага замчышча каля Нямігі дакладна не будзе.

Да другіх Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе ў Мінску пабудуюць цэнтр мастацкай гімнастыкі, рэканструяваны стадыён «Дынама» будзе ўведзены ў эксплуатацыю ўжо да канца наступнага года. На 2017 год запланаваны пачатак рамонту аднаго з найстарэйшых кінатэатраў горада — «Перамогі», кінатэатр «Авангард» у Грушаўцы будаваць не будуць.

Вострым пытаннем застаецца транспартная нагрузка на цэнтр сталіцы. Для вырашэння гэтай праблемы, магчыма, усё ж такі будзе зацверджаны платны ўезд у горад і выдзелены асобныя палосы для грамадскага транспарту. На ўчастку ад Кастрычніцкай плошчы да Белдзяржцырка новаўвядзенне ўжо ўжылі, спецыяльнае абсталяванне дапаможа ацаніць яго эфектыўнасць. Рух на аўтамабілі ў цэнтры павінен стаць меней зручным, чым на грамадскім транспарце.

Мэр горада высока ацаніў вынікі рэформы сістэмы сталічнай ЖКГ. У гэтым годзе была створана адзіная дыспетчарская служба, якая працуе кругласутачна. Удалося аптымізаваць і работу жыллёва-эксплуатацыйных службаў. Палепшыць якасць абслугоўвання атрымалася праз падзел функцый заказчыкаў і падрадчыкаў, а таксама ўкараненне тэндарнай сістэмы пры правядзенні капітальнага рамонту.

Андрэй Шорац прызнаў, што на цяперашні момант існуюць сур'ёзныя праблемы ў развіцці рынку арэнднага жылля. У тым ліку з яго аплатай, а таксама высяленнем жыхароў-неплацельшчыкаў. Тым не менш, нягледзячы на праблемы з фінансаваннем, сёлета былі пабудаваны два арэндныя дамы. Яшчэ па адным увядуць у эксплуатацыю ў 2017 і 2018 гадах.

У надыходзячым годзе сталіца маштабным святам адзначыць сваё 950-годдзе. Падрыхтоўка да падзеі ўжо пачалася: створаны аргкамітэт, які займаецца складаннем плана культурна-масавых мерапрыемстваў. Ужо дакладна вядома, што ў гонар юбілею ў сталіцы будзе праведзены цыркавы фестываль сусветнага ўзроўню.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Платны ўезд у горад, новыя спартыўныя збудаванні і ўдалая рэформа ЖКГ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».