Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Дзед, але не Мароз

Даўно гэта было, нават вельмі даўно. Я тады ў Дзеда Мароза верыў, хоць ніколі яго не бачыў. (Хутка, дарэчы, магу зноў паверыць, бо вельмі ж падарункаў хочацца...)

Дык было мне, значыць, гадкі чатыры, і ў гарачы летні дзень я стаяў у сенцах. Стаяў ды разважаў, што б мне зрабіць: пайсці на вуліцу, дзе нікога не відаць, ці знайсці забаўку ў кладоўцы, дзе столькі цікавых рэчаў?

Я так паглыбіўся ў свае разважанні, што нічога не чуў. А потым павярнуўся тварам да расчыненых дзвярэй, глянуў на двор і аслупянеў. Там стаяў... Дзед Мароз. Ён самы! Жывы! Без ніякіх сумненняў, бо з вялікай барадой, з вусамі, у доўгай, амаль да зямлі, світцы, з чароўным кіем...

З таго дзіва (ці жаху?) я не мог скрануцца з месца і толькі праз якую хвіліну на ўсю моц закрычаў:

— А-а-а-а... Дзед Мароз!

Дзед з той неспадзеўкі выпусціў з рук палку. З хаты ледзьве жывая ад страху выскачыла цётка, якую пакінулі, каб мяне глядзела.

І вось тут ужо высветлілася, што госць быў зусім не дзед і не Мароз. Што гэта — Дзюбок, даўні цётчын знаёмы, які зайшоў яе праведаць.

...Дарэчы, таму самаму Дзюбку належаў адмысловы спосаб укарочвання адзення, які не без поспеху можна прымяняць і зараз. Тую ж світку, напрыклад, дзед клаў на калодку і сякерай адсякаў лішняе — ад рукавоў, ад полаў... Пакуль не дамагаўся патрэбнай даўжыні. І проста гэта, і хутка, і грошай плаціць не трэба. Паспрабуйце.

Яўген Шастакоў,

г. Гомель.


Глухі не пачуе...

Дзед Міхась — чалавек паважаны. Ён у свой час не цураўся ніякай работы ні ў калгасе, ні дома, ва ўсім выручаў і сваіх вяскоўцаў. Гора навучыла яго спраўна валодаць касой і плугам, віламі і рыдлёўкай, пілой і сякерай, упраўляцца з коньмі. Але ж гады такі ўзялі сваё, аўдавеў гэты чалавек, састарэў: нават у цяпло цяпер ходзіць у цёплых бурках ды шапцы-аблавушцы, дрэнна бачыць, моцна недачувае, але ж вельмі любіць пагутарыць з людзьмі.

Дык вось, аднойчы летнім надвячоркам сядзіць ён на лаўцы. Міма сунецца нейкі цуд, але не ў пер'ях — у парваных джынсах, размаляванай майцы. Па-панібрацку так кажа:

— Здароў быў, дзед! Як пажываеш?

— Ды дажываю, сынок, дажываю, — адказвае стары. — У дачкі сваёй... А ты чый жа будзеш? Нешта не пазнаю.

— Ды Лёнька я, Саўкаў праўнук.

— О-о, дзеда твайго я добра ведаў... Разам з ім па дзеўках некалі шасталі. І ў вайну партызанілі... А сам ты дзе жывеш?

— У горадзе.

— Небагатае, відаць, жыццё там, калі ты ў госці ў парваных портках прыехаў? Іх жа не залатаць ужо — гэтак знасіліся... Трэба новыя купляць. А скажы, які мастак табе грудзі размаляваў? Бач — над сэрцам нейкі мужчына... У берэце.

— Дык гэта ж тату... — хацеў патлумачыць Лёнька.

— Не-не, — заматаў галавою дзед. — Тату твайго я добра памятаю. Ён на гэтага мужыка зусім не падобны. Схібіў мастак.

— Гэта Чэ Гевара.

— «Чо гавару?», «Чо гавару?», — кінуўся ў крыўду стары, — тое, што чуеш: не падобны гэты мужык на тату твайго. І ты сам на яго не падобны. Вось скажы, хто цябе так падстрыг — толькі грэбень зверху пакінуў?

— Ды цяпер, дзед, мода такая: і на парваныя порткі, і на тату, і на стрыжку. Гэты, як ты кажаш, грэбень, «іракез» называецца. Панк я, разумееш?

— Не, брат, не залівай. Гэта ў Польшчы што ні мужык — то пан. А ў нас яшчэ з рэвалюцыі ні паноў, ні панкоў, ні падпанкаў. Уся твая радня з зямліцы кармілася. А ты, бач, у горадзе трохі пражыў і ўжо нейкі пан... Панок — без парток... З бутэлькай ходзіш. Відаць, скаромным пакармілі, калі смага сушыць?

— Не, дзед, у бутэльцы піва, для тонусу. Чытай во (хлопец павярнуў бутэльку этыкеткай да дзеда): «Баб-роў».

— Чуў я, чуў пра гэта, — узрадаваўся стары, — адзін з гарадскіх казаў, што бабровы струмень патэнцыял уздымае... Ці як ты сказаў — тонус?

— Паспрабуй, калі хочаш, — прапанаваў Лёнька.

— Не, брат. Мне падымаць нічога не трэба. Я абыдуся. А ты глыні. Да клуба, відаць, кіруеш?

— Так, да «цёлак» іду — патусуюся.

— Кажаш, да цётак?... Схадзі, брат, схадзі... Там і праўда пачастуешся... Цёткі, нябось, узрадуюцца, што пляменнічак прыехаў. А я крыху пасяджу яшчэ... Можа, яшчэ з кім пагутару.

Я. Звярынскі,

г. Узда.


Яблыкі з шэкспіраўскага саду

Скажаце, што гэта неверагодна? Дзе тыя часы, маўляў, дзе яго мясціны, а дзе Беларусь? Я раскажу.

Пры камуністах мы, савецкія людзі, і сапраўды па замежжах не ездзілі. За рэдкім выключэннем. Сталін лічыў, што нашаму чалавеку няма там чаго рабіць і на што глядзець.

Але ж многім вельмі хацелася, а як мне — дык яшчэ і пашчасціла, бо пабываў я не толькі ў рэспубліках былога Савецкага Саюза, але і ў краінах так званай народнай дэмакратыі. Нават больш за тое — з групай турыстаў трапіў у Англію.

Тут, напэўна, трэба нагадаць, што ў савецкія часы быў строгі падзел, было меркаванне так званае, што ў краінах народнай дэмакратыі жывуць нашы сябры і браты (хай не такія блізкія, як у саюзных рэспубліках), а вось там, дзе правіць капітал, — ну вядома ж, ворагі, з якімі лепей не знацца.

Вось і не зналіся мы, не ездзілі, ці бывалі гады ў рады... Ва ўсякім разе аб тым, што ў Лондан прыбылі мы, турысты з Беларусі, паведамляла англійскае радыё. У праграме ранішніх навін нават перадавалі, дзе мы плануем пабываць і што пабачыць.

...У першую чаргу нас, вядома ж, цікавіў Шэкспір: горад Стратфард-на-Эйване, дзе ён нарадзіўся, царква, ля якой пахаваны.

Дык вось. Туды, у мемарыяльны музей-сядзібу, мы прыехалі чамусьці зарана — яшчэ да адкрыцця — і, так бы мовіць, адны: кіраўніца групы трохі спазнялася.

Мы чакалі яе. А заадно — пазіралі навокал, любаваліся ўсім, што бачылі: вуліцай, будынкамі, старым вялізным садам і, вядома ж, яблыкамі. Іх было неверагодна шмат — і на дрэвах, і пад дрэвамі... Імі была засыпана ўся трава, усе сцежкі...

Карацей, адзін з нас не стрымаўся — нагнуўся, падняў яблык, пацягнуў у рот. Гледзячы на яго, тое ж зрабіў другі турыст, потым трэці... А там і ўся група стала хрумстаць сакаўныя плады і, можна сказаць, святкаваць, бо гэта ж былі не проста яблыкі, а замежныя, англійскія, да таго ж — шэкспіраўскія, смачныя, бясплатныя... (Вартаўніка ў тым садзе дакладна не было.)

А вось кіраўніца наша хутка з'явілася. І...

Што тут пачалося — не перадаць! Жанчына не сказаць каб гучна (нельга ж прыцягваць увагу), але вельмі злосна ўзялася нас адчытваць:

— Ды як вам не сорамна? Як вы пасмелі паквапіцца, замахнуцца на чужое, на святое? Тут, у гэтакім месцы!

Нам было вельмі няёмка: мы хацелі праваліцца скрозь зямлю. Але кіраўніца (яна, дарэчы, не з нашых, не з беларусак была, масквічка нейкая) гэтага не заўважала, яна «выхоўвала» нас далей. Казала, што тут усюды прыватная ўласнасць, што вось зараз можа з'явіцца паліцыя... І што гэта палова бяды. А ўся яна будзе, калі раптам высветліцца, што работнікі музея самі... нарассыпалі гэтых яблыкаў. І не для таго, каб зрабіць прыгожа, а для... правакацыі. Для таго, каб потым запрасіць нейкага фатографа, зняць нас на плёнку, а заўтра ва ўсіх газетах расказаць і паказаць, як галодныя савецкія турысты ядуць чужыя яблыкі...

Вось тут нам стала зусім дрэнна. Мы, свядомыя, сумленныя людзі (у групе былі кіраўнікі прадпрыемстваў, работнікі Акадэміі навук, артысты, педагогі), адчувалі сябе апошнімі злачынцамі, якіх толькі што злавілі за руку, якія зганьбілі не толькі сваю краіну, але і ўвесь Савецкі Саюз і якіх больш ніколі не выпусцяць за межы Беларусі...

Факт, што ліха мы хапілі спаўна: хваляваліся, перажывалі. Але ж, дзякаваць богу, марна: пранесла! І ўсё атрымалася зусім не так. Ва ўсякім разе я праз некалькі гадоў пасля паездкі ў Англію ўжо апынуўся ў Егіпце. Каб паказаць гэту краіну, нас, турыстаў, каталі на розных відах транспарту: на цягніку, на аўтобусе, на параходзе, нават на вярблюдах...

А ў самым канцы падарожжа мы ўжо адпачывалі — у Александрыі, на беразе Ніла. Жылі ў гатэлі, які называўся «Палесціна» і які (закон бутэрброда ў дзеянні) таксама быў размешчаны ў садзе. Праўда, з галінак дрэў там звісалі не шэкспіраўскія яблыкі, не нашы грушы ці слівы, а вялікія спелыя апельсіны. Мы ў той час іх у вочы не бачылі — хіба на Новы год, а там яны валяліся пад нагамі. Падымай, здавалася, з зямлі, зрывай з дрэва, еш — прычым, колькі хочаш, бо ніякай варты няма...

Але ж я, ужо навучаны гісторыяй з яблыкамі, на гэтую прынаду не клюнуў, іншым таксама не раіў, бо ведаў, што за намі, турыстамі, усюды сочаць.

...Так што яблыкі з шэкспіраўскіх яблынь я зрываў і каштаваў. А вось смаку апельсінаў, сарваных з дрэва, на жаль, не ведаю.

П. Сачыўка,

в. Цырын, Карэліцкі р-н.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.