Вы тут

«Жыў беларус і будзе жыць!»


Днямі ў інтэрнэце з’явілася відэа з выказваннямі расійскага аналітыка Леаніда Рашэтнікава адносна незалежнасці Беларусі і беларускай мовы. Па яго словах, у Беларусі "усё рухаецца паводле ўкраінскага сцэнарыя". "Сітуацыя вельмі для нас неспрыяльная. Працэсы вельмі падобныя і, на жаль, не бачым працэсаў, якія ім супрацьстаяць. І гэтая лінія на як бы такое аддзяленне беларусаў ад рускіх, вось гэта стварэнне такога плота паміж беларусамі і рускімі ў ідэалагічным, гістарычным, ідэйным плане, і нават у нейкай ступені ў духоўным, яна відавочная проста", — сказаў Рашэтнікаў.


Кажучы пра беларускую мову, аналітык спаслаўся на газету "Праўда" 1926 года выдання і заявіў, што беларуская мова была створаная пастановай аргбюро ЦК УКП(б). "Разумееце? 1926 года. Гэтай мове, атрымліваецца, 90 гадоў. Вось гэтая бомба, якая была закладзеная тады, яна зараз ірванула, і працягваюць выбухаць маленькія бомбачкі, — заявіў Рашэтнікаў. — Гэта вельмі, вельмі вялікі неспакой выклікае ва ўсіх нас, я думаю, і ў нашага кіраўніцтва таксама. Трэба ў дыскусіях хаця б казаць пра гэта адкрыта. Многія цяпер адцягнутыя Сірыяй і Украінай, прыходам да ўлады Трампа, забываюць пра Беларусь. Нельга забываць — гэта гістарычная частка вялікай Расіі, велізарнай Расіі, гэта частка нашага народа. Гэтак жа і з Беларуссю".

У прынцыпе, на гэтыя словы можна было і не звярнуць увагі: ці мала хто што кажа ў Сеціве, але насцярожвае тое, што выказванне належыць дырэктару ўстановы "Расійскі інстытут стратэгічных даследаванняў", які быў заснаваны згодна з указам Прэзідэнта РФ у 1992 годзе. Ён забяспечвае інфармацыяй Адміністрацыю Прэзідэнта, Савет бяспекі і іншыя структуры расійскай улады.

22 снежня саветнік-пасланнік пасольства Расіі Вадзім Гусеў быў выкліканы ў МЗС Беларусі. Як паведамляе прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства, яму заяўлены пратэст у сувязі з выказваннямі дырэктара Федэральнай дзяржаўнай навуковай бюджэтнай установы "Расійскі інстытут стратэгічных даследаванняў" (РІСД) Леаніда Рашэтнікава ў адрас Рэспублікі Беларусь.

"Беларускім бокам была дадзеная прынцыповая ацэнка ў дачыненні да неабгрунтаванасці па сутнасці і катэгарычнай непрымальнасці па форме падобных заяў, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы. — Падкрэслена, што яны абсалютна не адпавядаюць стратэгічнаму характару беларуска-расійскіх адносін, а таксама зафіксаваным у двух- і шматбаковых дакументах прынцыпам, на якіх грунтуецца супрацоўніцтва нашых братніх дзяржаў, — павагі суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці".

Шчыра кажучы, спачатку хацелася кінуцца і атрымаць каментары нашых даследчыкаў па гісторыі мовы. Яны б, несумненна, доказна сказалі, што на самой справе беларуская мова існуе даўно. Але тут патэлефанаваў абураны выказваннямі Рашэтнікава чытач “Звязды”. У сваей прамове ён успомніў верш Янкі Купалы "Ворагам Беларушчыны”.

...Неабходнасць звяртацца да каго-небудзь адпала, лепшы каментар даў першы Народны паэт Беларусі яшчэ 110 гадоў таму.


Ворагам Беларушчыны

Чаго вам хочацца, панове?

Якi вас выклiкаў прымус

Забiць трывогу аб тэй мове,

Якой азваўся беларус?

 

Чаму вам дзiка яго мова?

Паверце, вашай ён не ўкраў,

Сваё ён толькi ўспомнiў слова,

З якiм радзiўся, падрастаў.

 

Цяпер i вы загаварылi,

З апекай выйшлi, як з зямлi;

А што ж дагэтуль вы рабiлi?

А дзе ж дагэтуль вы былi?

 

Ваш брат i цёмны, i галодны;

Хацiнка свой зжывае век;

I век не знаў ён дум свабодных,

I крыўдзiў свой брат — чалавек.

 

Вам страшна нашай слёзнай песнi

I жальбы страшна вам глухой?

Вам жудка сонца напрадвеснi?

Мiлей вам холад з цемнатой?

 

А што ж вам беларус такога

Пасмеў зрабiць, пасмеў сказаць?

Эх, трэба ўчыць яшчэ вас многа,

Як свайго брата шанаваць!

 

Эх, кiньце крыўдамi кармiцца, —

Кожны народ сам сабе пан;

I беларус можа змясцiцца

Ў сям'i нялiчанай славян!

 

Напасцю, лаянкай напраснай

Грудзей не варта мазалiць!

Не пагасiць вам праўды яснай:

Жыў беларус i будзе жыць!

 

Не столькi “хамскiя” натуры

На карках вынеслi сваiх!

I свiст даношчыкаў пануры,

Паверце, не запудзiць iх!

 

К свабодзе, роўнасцi i знанню

Мы працярэбiм сабе след!

I будзе ўнукаў панаванне

Там, дзе сягоння плача дзед!

1907 г.


P.S. Дарэчы, інфармагенцтвы паведамляюць, што 2 лістапада гэтага года Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб зняцці Рашэтнікава з пасады дырэктара ўстановы "Расійскі інстытут стратэгічных даследаванняў" з 4 студзеня 2017 года. Новым дырэктарам РІСД стане Міхаіл Фрадкоў.

Наталля Кароткая

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.