Вы тут

Асабістага жыцця больш няма?


Нядаўна ў суседняй Расіі заканадаўча абавязалі ўсіх дзяржаўных служачых, а таксама тых, хто прэтэндуе на працу ў дзяржструктурах, даваць наймальніку ўсю інфармацыю пра свае акаўнты ў сацыяльных сетках, блогах і на форумах. Да канца сакавіка 2017 года ўсе яны павінны паведаміць адрасы старонак або пісьмова пацвердзіць іх адсутнасць. Калі пэўны чыноўнік забудзецца падаць такую інфармацыю або не захоча гэта рабіць, яму пагражае звальненне. У Мінпрацы РФ лічаць, што такі крок дазволіць забяспечыць выкананне дзяржаўнымі служачымі правілаў прафесійнай этыкі. Але ці не ўмяшанне гэта ў асабістае жыццё?


Магчыма, рашэнне суседзяў падаецца незвычайным і інавацыйным, але ў большасці краін працадаўцы ўжо даўно аналізуюць жыццё саіскальнікаў у інтэрнэце. Больш таго, па статыстычных звестках, 73 працэнты апытаных прадстаўнікоў кадравых службаў розных кампаній Расіі пры прыёме новага чалавека на працу ў першую чаргу паглядзяць якраз на яго акаўнты ў сеціве. Хаця, здавалася б, якія прафесійныя якасці можна ацаніць праз гэтыя крыніцы? Але старонкі ў сацсетках часам кажуць пра людзей больш, чым самая доўгая гутарка...

Некалькі гадоў таму вядомы беларускі спартыўны рэсурс правёў цікавае даследаванне акаўнта аднаго з айчынных футбалістаў. Малады хлопец, на якога па чутках «палявалі» скауты вялікіх клубаў з Расіі і Заходняй Еўропы, паказваў вельмі добрую гульню і разглядаўся многімі ледзь не як галоўная надзея нашага футбола. Журналісты сайта задаліся пытаннем, што ўбачаць «хэдхантары» замежных каманд, калі раптам вырашаць прааналізаваць інфармацыю са шматлікіх старонак хлопца ў інтэрнэце (а іх у героя матэрыялу было дастаткова). Вынік аказаўся несуцяшальным — мала таго, што ўзыходзячая «зорка», мяркуючы па здымках, пасля матчаў любіў адпачыць не самым спартыўным чынам — у барах і клубах, дык яшчэ і меў вельмі незвычайнае пачуццё гумару. Балельшчыцкая супольнасць адрэагавала на матэрыял вельмі бурна, у выніку змест старонак хутка змяніўся ў лепшы бок. Але ў амбіцыйны клуб беларускі талент так дагэтуль і не з'ехаў.

З замежных прыкладаў прыгадваецца гісторыя, што адбылася ў той жа Расіі. Супрацоўніца паліцыі Санкт-Пецярбурга працяглы час выкладвала на сваёй старонцы пікантныя фота. Колькасць падпісчыкаў старонкі дзяўчыны расла вельмі хутка, а слава разыходзілася вельмі далёка, таму не дзіўна, што пра незвычайнае хобі даведаліся калегі, а пасля і кіраўніцтва. Для 24-гадовай гераіні гісторыя скончылася адносна бяскроўна — з ёй правялі тлумачальную размову, а скандальны акаўнт быў выдалены. Аднак думаецца, што пэўны шлейф за такім паліцэйскім будзе цягнуцца калі не праз усё жыццё, то яшчэ вельмі доўга.

Але хэпі-эндам заканчваюцца далёка не ўсе такія сюжэты. 24-гадовая настаўніца са штата Джорджыя (ЗША) паставіла на «аватарку» ў «Фэйсбуку» фота, дзе яна трымала ў адной руцэ бакал віна, а ў другой — куфаль піва. Фота пабачыў бацька аднаго з вучняў і паскардзіўся дырэктару. Дзяўчыну звольнілі — за прапаганду алкаголю і нездаровага ладу жыцця. Ці справядліва? Мяркую, што так.

...Ініцыятыву ж расійскага Міністэрства працы можна ацаніць пазітыўна хоць бы таму, што яна прымусіць усіх па-іншаму паглядзець на свае старонкі ў глабальным павуцінні. У наш час сацыяльныя сеткі — толькі адзін са спосабаў падтрымання кантактаў з сябрамі. Гэта яшчэ і прафесійны інструмент (спытайце любога журналіста), і ўласнае медыя , і — як у разгледжаным выпадку — анкета для працадаўцы. На жаль, не многія разумеюць, што асабістага жыцця ў карыстальнікаў інтэрнэту больш няма: усё, што б ты ні зрабіў на сваёй старонцы, — ужо публічны акт. Таму трэба часцей глядзець на свае дзеянні збоку.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Акаўнт для працадаўцы

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.